ГалоўнаяНавіныНавіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Патрыятычны дэсант мінскіх школ у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі
Творчыя заняткі “Падснежнікі і снег”

Каштоўныя матэрыялы з архіва Вялікага тэатра Беларусі папоўняць праект “Станіслаў Манюшка. Музычны рамантык з Міншчыны”

Каштоўныя матэрыялы з архіва Вялікага тэатра Беларусі папоўняць праект “Станіслаў Манюшка. Музычны рамантык з Міншчыны”
Іншыя навіны

У гэтым годзе адзначаецца 205-годдзе з дня нараджэння сусветна вядомага кампазітара, нашага славутага земляка Станіслава Манюшкі (1819–1872). Да гэтай даты Нацыянальная бібліятэка Беларусі папаўняе новымі матэрыяламі ўжо дзеючы віртуальны праект “Станіслаў Манюшка. Музычны рамантык з Міншчыны”, створаны ў 2019 годзе.

Пяць гадоў таму знакавы 200-гадовы юбілей кампазітара быў уключаны ў Спіс памятных дат ЮНЕСКА і шырока святкаваўся сусветнай і беларускай культурнай грамадскасцю. Зараз, набліжаючыся да чарговага юбілею, які будзе адзначацца 5 мая 2024 года, мы рады паведаміць нашым чытачам і карыстальнікам пра ўнікальныя дакументы, якія хутка стануць даступнымі для шырокай аўдыторыі ў згаданым віртуальным праекце.

Сёлета бібліятэка наладзіла плённае супрацоўніцтва з архівам Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь (далей – Вялікі тэатр Беларусі), супрацоўнікі якога перадалі каштоўныя матэрыялы пра кампазітара, захаваныя ў архіўных фондах. Сярод дакументаў – афішы опер Станіслава Манюшкі “Галька” і “Страшны двор”, а таксама сцэны з пастановак гэтых выбітных твораў кампазітара, якія некалі былі прадстаўлены беларускай публіцы на сцэне Вялікага тэатра Беларусі.

Maniushka_kasht_mat-ly-1.JPG
Афішы опер “Галька” і “Страшны двор”. З архіва Вялікага тэатра Беларусі

Так, захаваліся звесткі, што самая вядомая опера кампазітара “Галька” (1847) упершыню прайшла ў Мінску яшчэ ў 1856 годзе. У 1975 годзе гледачы пабачылі славутую “Гальку” ўжо на сцэне Беларускага дзяржаўнага Вялікага тэатра оперы і балета. Твор прагучаў у выкананні запрошаных з Польшчы салістаў Халіны Раманоўска і Баляслава Паўлюса ў пастаноўцы рэжысёра з Вроцлава Баляслава Янкоўскага. Прыемна, што за дырыжорскім пультам стаяў выхаванец Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (цяпер – Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі) Леў Лях, які ў гэтым спектаклі дасягнуў высокай музычнай дакладнасці і зладжанасці выканання.

Maniushka_kasht_mat-ly-2.jpg
З архіва Вялікага тэатра Беларусі

Каля 90 гадоў чакала сцэнічнага ўвасаблення ў Беларусі опера “Страшны двор” (1861–1864) – вяршыня опернага майстэрства Станіслава Манюшкі. Гэты твор непарыўна звязаны з радзімай нашага земляка – Смілавічамі – і ўвасабляе легенды Смілавіцкага замка, які ў дзяцінстве наведваў будучы кампазітар падчас прыездаў да родных. Упершыню на айчыннай опернай сцэне беларусы пабачылі пастаноўку выбітнага твора толькі ў 1952 годзе.

Maniushka_kasht_mat-ly-3.jpg
З архіва Вялікага тэатра Беларусі

Пасля прэм’еры крытыкі пісалі: “Опера гучала на беларускай мове, у маляўнічым афармленні, якое ўвасабляла карціну прыроды, сціплую абстаноўку простага сельскага дома і патрыярхальны радавы маёнтак братоў Стэфана і Збігнева. Глядач без намаганняў пазнаваў матывы роднага краю”. Характэрна, што знакаміты маскоўскі музыказнаўца Ігар Бэлза адзначыў майстэрства аўтара дэкарацый – вядомага жывапісца Паўла Масленікава, які ў той час працаваў мастаком-пастаноўшчыкам опернага тэатра.

Maniushka_kasht_mat-ly-4.jpg
З архіва Вялікага тэатра Беларусі

Варта адзначыць, што шырокай публіцы каштоўныя афішы і фотаздымкі з пастановак опер Станіслава Манюшкі ўжо былі прадстаўлены падчас выстаўкі да 200-годдзя з дня нараджэння кампазітара, якая была арганізавана ў Вялікім тэатры Беларусі ў маі 2019 года. Зараз алічбаваныя копіі архіўных матэрыялаў стануць яшчэ больш даступнымі для даследчыкаў і ўсіх, хто цікавіцца музычнай культурай Беларусі ХIХ стагоддзя.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі выказвае словы падзякі Вялікаму тэатру Беларусі за каштоўныя матэрыялы, якія ўпрыгожаць праект!

Запрашаем праслухаць асобныя аўдыяфрагменты з опер кампазітара “Галька” і “Страшны двор” у выкананні беларускіх музыкантаў на старонцы віртуальнага праекта “Станіслаў Манюшка. Музычны рамантык з Міншчыны” у раздзеле “Музычная спадчына”.

Сачыце за далейшымі навінамі нашага віртуальнага праекта!

Матэрыял пададзены інфармацыйна-аналітычным аддзелам.

Навіны

Усебеларускі народны сход – гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту

30 Кра 2024

30 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся Адзіны дзень інфармавання на тэму “Усебеларускі народны сход – гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Прымайце ўдзел у фотаконкурсе #КВІТНЕЙРОДНАЯБЕЛАРУСЬ

30 Кра 2024

Напярэдадні 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне аддзел экскурсійна-метадычнай работы / @excursion_nlb з 9 мая па 3 ліпеня запрашае ўсіх жадаючых узяць удзел у фотаконкурсе #КВІТНЕЙРОДНАЯБЕЛАРУСЬ.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Разведвальная аперацыя “Бібліятэка”

23 Кра 2024

18 красавіка адбылося 10 бібліяграфічных урокаў па патрыятычным выхаванні для вучняў 7–11-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 53, 62. 114. 153 і гімназіі № 11 г. Мінска з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Беларус Сяргей Грыцавец – першы ў СССР двойчы Герой Савецкага Саюза

30 Кра 2024

Званне Героя Савецкага Саюза выдатнаму лётчыку-асу Сяргею Іванавічу Грыцаўцу (1909–1939) было прысвоена двойчы: Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 лютага 1939 года “за выкананне спецыяльнага задання ўрада і інтэрнацыянальнага доўгу” і Указам ад 29 жніўня 1939 года “за ўзорнае выкананне баявых заданняў і выбітны гераізм, праяўлены пры выкананні баявых заданняў”.

Праект "Імёны Герояў бессмяротныя"

29–30 красавіка – 1–5 мая 1944 года. 18 тыдняў да Вызвалення

30 Кра 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Бібліятэкарам