6 чэрвеня ў бібліятэцы адбылося пасяджэнне круглага стала “500-годдзе беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання. Францыск Скарына і Сімяон Полацкі”.
У пасяджэнні круглага стала прынялі ўдзел міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч, дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусь Раман Матульскі, выканаўца абавязкаў генеральнага дырэктара Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі Уладзімір Гняздзілаў, дырэктар філіяла “Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы” Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Іван Саверчанка, намеснік дырэктара па навукова-метадычнай рабоце навукова-метадычнай установы “Нацыянальны інстытут адукацыі” Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Валянціна Гінчук, протаіерэй, настаяцель Усіхсвяцкага прыходу ў г. Мінска Фёдар Поўны, кіраўнікі і намеснікі кіраўнікоў пастаянных камісій Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь, Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь, Дома рускага замежжа імя А. Салжаніцына, кіраўнікі выдавецтваў і выдавецкіх дамоў, адказныя работнікі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Падчас пасяджэнняў былі разгледжаны пытанні аб мерапрыемствах устаноў культуры, накіраваныя на падрыхтоўку і правядзенне святкавання 500-годдзя беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання, вучэбным кнігавыдаўніцтве ў Беларусі і яго традыцыях, ролі беларускага кнігадрукавання ў развіцці дзяржаўнасці, гуманітарнага складніка ў рамках Саюзнай дзяржавы і мэтавых праграмах, духоўнай каштоўнасці кнігі, сумеснай праграме Беларусі і Расіі да 500-годдзя кнігадрукавання ў Беларусі, аб праекце па факсімільным узнаўленні кніжнай спадчыны Францыска Скарыны, а таксама аб спадчыне Францыска Скарыны і Сімяона Полацкага ў лёсе славянскіх народаў і шэраг іншых найважнейшых аспектаў культурнага развіцця грамадства.
Удзельнікі пасяджэння падкрэслілі значнасць захавання і развіцця кніжных традыцый нашых папярэднікаў і прапанавалі актывізаваць супрацоўніцтва розных устаноў Беларусі і Расіі ў галіне выяўлення, захавання і сумеснага выкарыстання агульнай кніжнай спадчыны, што з’яўляецца асабліва важным напярэдадні святкавання 500-годдзя беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання.
У рамках круглага стала была падрыхтавана выстаўка праектаў Нацыянальнай бібліятэкі па захаванні кніжнай спадчыны Беларусі. На ёй прадстаўлены 11 тамоў факсімільнага выдання “Кніжная спадчына Францыска Скарыны”, “Тураўскае Евангелле”, “Баркалабаўскі летапіс”, “Жыціе блажэннай Еўфрасінні…”, “Симеон Полоцкий. Жезл Правления”, “Святое Евангелие. Слуцк, 1582”, “Буквар мовы славянскай”, “Калядная пісанка. 1913 год”.
Напрыканцы мерапрыемства ганаровыя госці наведалі музей кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.