ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Іншыя сусветы: сюррэалізм і Сальвадор Далі
Музыка нязваная

“Маладосць”: зачараваныя Максам

“Маладосць”: зачараваныя Максам
Іншыя навіны

Цёплы май “Маладосць” сустракае чарговым незвычайным нумарам.


Пасля красавіцкай спробы часопіса заглыбіцца ў фантастыку свет пабачыць нумар, часткова прысвечаны Максіму Багдановічу. У гэты час памяць пра самага маладога і загадкавага класіка беларускай літаратуры традыцыйна ажывае, бо на 25 мая прыпадае гадавіна смерці паэта. Успомнім жа яго разам з “Маладосцю”.

Частка майскай “Маладосці”, прысвечаная Багдановічу, носіць назву “Зачараваныя Максам”. Камусьці такі зварот можа падасца недарэчным і фамільярным, але блізка знаёмым з Багдановічам ён, бадай, моцна вуха не разане. Бо багдановіцкая шчырасць, што была ўласцівая паэту пры жыцці і нязменна пульсуе ў ягонай творчасці, прымушае ставіцца да яго як да сябра, схіляе да сардэчнага “ты”. Нумар пачынаецца лістом да Ба¬дановіча, напісаным яго таямнічай прыхільніцай. І прасякнуты ён тым жа духам роднасці.

Максім Багдановіч – асоба неадназначная і сваёй неадназначнасцю надзвычай прыцягальная. Узяць хаця б ужо “абсмактаную” на розныя лады таямніцу так званага “інтымнага дзённіка” паэта. Пра тое, як жывецца і дыхаецца ў скуры неадназначнага Багдановіча, чытачам “Маладосці” распавядзе акцёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Аляксандр Марчанка, які выконваў ролю паэта ў спектаклі “Дзённік паэта” па п’есе Сяргея Кавалёва.

Далей – сур’ёзна пра Багдановіча: шэраг артыкулаў супрацоўнікаў музея Максіма Багдановіча пра аб’ект іх навуковай цікавасці. Таццяна Шэляговіч распавядае пра артыкул Багдановіча “Краса і сіла”, прысвечаны галоўнаму літаратурнаму ўкраінцу Тарасу Шаўчэнку. Цікава будзе пачытаць пра родных Максіма ў артыкулах Міхася Бараноўскага “Яблык ад яблыні”, Марыны Запартыкі “Першая мачаха” і Анастасіі Жылінскай “Гісторыя чалавека з фотаздымка”. Ірына Шорац раскажа пра замілаванасць Максіма дзецьмі, яго кранальнае сяброўства з маленькай дзяўчынкай Веранікай Залатаровай. Ірына Мышкавец у артыкуле “Пошукі і знаходкі” дзеліцца асаблівасцямі музейнай працы, якая нярэдка нагадвае дэтэктыў. У сярэдзіне “багдановіцкай” часткі нумара схавалася незвычайная цікавінка: нядаўна адшуканы фельетон “Международный чемпионат и ярославцы”, аўтарства якога прыпісваецца нашаму герою…

Для філалагічна заглыбленых чытачоў “Маладосць” назапасіла некалькі цікавых крытычных артыкулаў. Даследчыца замежнай і беларускай літаратуры Ева Лявонава раскажа пра семантыку катастрафічнага ў творчасці Багдановіча. Літаратуразнаўца Ульяна Верына спрабуе разабрацца ў прынцыпах, па якіх быў сплецены “Вянок” Багдановіча – адзіны прыжыццёвы зборнік паэта. Артыкул Ціхана Чарнякевіча “Другая эстэтычная дыверсія” дазваляе ўбачыць у асобе Багдановіча радыкальнага наватара ў літаратуры, чые першаадкрывальніцкія захады не ўсім былі даспадобы: у перыпетыях стаўлення нашаніўцаў да багдановіцкай спадчыны дагэтуль цяжка разабрацца…

Заканчвае “багдановіцкую” частку майскай “Маладосці” матэрыял па выніках конкурсу эсэ “Мой Максім Багдановіч”, які праводзіўся музеем Максіма Багдановіча. У нумары чытайце тры лепшыя тэксты.

Скончыўшы пагружэнне ў багдановічаманію, чытач плаўна перамяшчаецца ў традыцыйныя для “Маладосці” паэтычную і празаічную рубрыкі, дзе яго чакаюць новыя прыемныя літаратурныя знаёмствы.

І апошняя прыемная навіна. У пятым нумары “Маладосці” стартуе новы праект “ГістфакТ”, які дае магчымасць голасна выказацца ўсім гісторыкам краіны. Першае слова пра нашу “дагісторыю” прамаўляе аспірант Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Станіслаў Юрэцкі.

Чытайце “Маладосць”. Будзьце маладымі і цікаўнымі!

Аўтар публікацыі: Тамара Сарачынская.

Крыніца: газета "Звязда"

Чытайце таксама:

Навіны

29–30 красавіка – 1–5 мая 1944 года. 18 тыдняў да Вызвалення

30 Кра 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Мінскае замчышча: раскопкі 2022–2023 гадоў

3 Май 2024

У 2021-м Савет Міністраў зацвердзіў дзяржаўную праграму “Культура Беларусі” на 2021–2025 гады, якая, між іншага, прадугледжвае даследаванне найбольш значных помнікаў гісторыі, у тым ліку мінскае замчышча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

ВПК “Гонар” вывучаў дзейнасць НКУС, міліцыі і піянерыі ў 1941–1945 гг.

25 Кра 2024

22 красавіка для навучэнцаў ваенна-патрыятычнага клуба “Гонар” ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся новы бібліяграфічны ўрок “Роля НКУС, міліцыі і піянерыі ў вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам