26 сакавіка адбылося адкрыццё шырокамаштабнага выставачнага праекта “Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі”, у рэалізацыі якога ўзяла ўдзел і Нацыянальная бібліятэка Беларусі.
Праект арганізаваны ААТ “Белгазпрамбанк” сумесна з ААТ "Газпрам трансгаз Беларусь”, Міністэрствам культуры і Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь.
У экспазіцыі прадстаўлены каля 500 выдатных узораў беларускага мастацтва з 29 музеяў рэспублікі, прыватных і карпаратыўных калекцый. Шматлікія экспанаты наведвальнікі ўбачаць упершыню. У рабоце над праектам прынялі ўдзел даследчыкі мастацтва і культуры, высокапрафесійныя супрацоўнікі музеяў і бібліятэк, культуролагі, лепшыя дызайнеры з Беларусі, Літвы і Расіі.
Нацыянальная бібліятэка Беларусі ў якасці аднаго з удзельнікаў выстаўкі прадставіла 34 дакументы з свайго фонду. Сярод іх – унікальны арыгінал Бібліі Ф. Скарыны (1518); узоры рукапіснай спадчыны шматнацыянальнай Беларусі – яўрэйская Тора і татарскі Кітаб XVIII ст.; беларускія старадрукаваныя выданні ХVІІ–ХVІІІ стст. з друкарань Куцейна, Пінска, Полацка, Супрасля; першыя і прыжыццёвыя выданні твораў выдатных грамадскіх дзеячаў, вучоных і класікаў беларускай літаратуры Я. Чачота, А. Міцкевіча, Я. Баршчэўскага, В. Дуніна-Марцінкевіча; выданні беларускіх літаратурна-мастацкіх аб’яднанняў “Маладняк” і "Узвышша" пачатку ХХ ст.
Чытайце таксама: