6 снежня ў канферэнц-зале адбыўся ўрачысты вечар з нагоды 20-годдзя выдавецтва “Чатыры чвэрці”, а таксама акцыя перадачы кніг у дар Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі выдавецтва “Чатыры чвэрці”, Саюз пісьменнікаў Беларусі і Нацыянальная бібліятэка Беларусі.
Урачысты вечар, прысвечаны 20-годдзю выдавецтва, стаў своеасаблівым падвядзеннем вынікаў дзейнасці мінулых гадоў і памятнай сустрэчай з аўтарамі, сябрамі, калегамі, партнёрамі.
На сустрэчы сабраліся прадстаўнікі арганізацый, ведамстваў, устаноў, пасольстваў, акрэдытаваных у Рэспубліцы Беларусь, замежныя госці, а таксама грамадскія дзеячы, літаратары, мастакі, кампазітары, музыканты, якія супрацоўнічаюць з выдавецтвам. У святочным канцэрце ўзялі ўдзел вядучыя калектывы краіны, салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, дзіцячыя ансамблі, паэты, барды і інш.
У рамках урачыстага вечара адбылася акцыя перадачы Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі часткі тыражу кнігі Э.М. Загарульскага “Белая Русь с середины I тысячелетия до середины XIII века” з удзелам аўтара, а таксама намесніка прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь А.А. Тозіка і старшыні праўлення ААТ “Прыёрбанк” С.А. Касцючэнкі, якія падтрымалі гэтае выданне.
Выдавецтва “Чатыры чвэрці” добра вядома не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. За 20 гадоў калектыў выдавецтва ініцыяваў мноства кніжных серый, накіраваных на адраджэнне і падтрымку важных для Беларусі тэм. Серыя “Наши духовные ценности” (выходзіць з 1995 года) з дапамогай поўнакаляровых кніг-альбомаў дапамагае чытачам арыентавацца ў свеце праваслаўнай веры і культуры. Серыя “Асоба і час” у артыкулах і фатаграфіях расказвае пра жыццё і творчасць выдатных культурных дзеячаў Беларусі. Серыя “Дети войны” ўключае як творы прафесійных паэтаў і пісьменнікаў, так і ўспаміны саміх удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.