Дабрачынны Фонд Марыі Магдалены Радзівіл паставіць ва Украіне помнік беларускаму пісьменніку XIX стагоддзя Яну Баршчэўскаму – нядаўна ў Чуднаве на Жытоміршчыне знайшлі надмагільную пліту і дакументы аб смерці Яна Баршчэўскага.
Прэзідэнт фонду Аляксандр Сапега расказаў, што макет помніка – калоны і бюст з бронзы – ужо зроблены і высланы ўладам горада Чуднава. Паразуменне з адміністрацыяй ёсць, дадаў Сапега.
Цяпер разглядаецца пытанне аб тым, каб у помніку скарыстаць і надмагільную пліту, што захоўваецца ў Саюзе палякаў у Жытоміры. Паводле Сапегі, у гэтым пытанні супольнага адназначнага рашэння з палякамі, якія перахоўваюць пліту, няма, абяцаная рэстаўрацыя пліты яшчэ не зроблена. Гаспадаром пліты ёсць дзяржава, бо пліта лічыцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю.
“Калі будзе прынята рашэнне, што ў гэтай канцэпцыі мы можам ужыць надмагільную дошку, будзем разбірацца з дошкай, і тады пачнецца выраб скульптуры”, – растлумачыў Сапега.
Дакладнае месца пахавання Яна Баршчэўскага не вядома, але дакументы пацвярджаюць, што пісьменнік пахаваны на могілках касцёла, які зруйнаваны савецкай уладай у 1935–1936 гадах і знаходзіўся паблізу падворку, дзе і знайшлі надмагільную пліту.
Крыніца: Саюз беларускіх пісьменнікаў