ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Безумоўная любоў як абярэг
Пабачыць свет новая кніга пра жыццё і творчасць Максіма Багдановіча

Чаму Паўліна Мядзёлка крыху расчаравалася ў Купале?

Чаму Паўліна Мядзёлка крыху расчаравалася ў Купале?
Іншыя навіны

На вуліцы Зялёнай, 10 у аграгарадку Будслаў, што на Мядзельшчыне, стаіць пафарбаваны ў зялёны колер дом. Тут 12 верасня 1893 года ў сям'і Вінцэнта і Францішкі Мядзёлкаў нарадзілася дачка, якой далі незвычайнае імя Паўліна. Хто ж ведаў тады, што гэтае дзіця Богам адоранае шматлікімі талентамі: педагога, літаратара, актрысы.

Непадалёку ад хаты, на мяжы агарода, зелянее разгалісты дуб, які пасадзіла Паўліна Мядзёлка. Маленькае дрэўца яна прынесла з урочышча Падбабы. Урочышча знаходзіцца за восем кіламетраў ад Будслава. Але Паўліна любіла там гуляць. Пакуль дрэўца прынялося, то дзеці два разы ламалі вяршок. Пазней волата наогул хацелі спілаваць, але Соф'я Грышкевіч, жонка стрыечнага брата Паўліны – Часлава, не дазволіла. Захаваўся і палісаднік, дзе пісьменніца любіла бавіць час з гасцямі. А гасцей-аднадумцаў, дзеячаў культуры і мастацтва – у доме перабывала шмат. Бываў тут і Уладзімір Караткевіч. Калі ён трапляўся на вочы Паўліны нецвярозы, то станавіўся на калені і прасіў прабачэння: «Даруй, мамачка Паўлінка».

– З Паўлінай Вінцэнтаўнай сябравала Галіна Бальчэўская, актрыса Купалаўскага тэатра. Яна родам з суседняй вёскі Палессе. Па чутках, ёй сімпатызаваў Уладзімір Караткевіч. На кніжцы, якую ёй падараваў, пакінуў надпіс: «Галінцы-вярбінцы з беларускага Палесся». Апошні раз Галіна Бальчэўская паказала ў Будславе свой монаспектакль, прысвечаны трагічнаму лёсу жанчыны з чарнобыльскай зоны, усе плакалі. У хуткім часе яе не стала, — расказалі ў Будслаўскай беларускамоўнай сярэдняй школе, якая носіць імя Паўліны Мядзёлкі.

Гэта адна з найстарэйшых навучальных устаноў Беларусі, заснавана ў 1794 годзе. Тут з 1947 да 1958 года працавала Паўліна Мядзёлка, якой у 1966-м прысвоілі званне заслужанага дзеяча культуры БССР.

У школе свята берагуць памяць аб знакамітай зямлячцы. Тут Паўліна Вінцэнтаўна стварыла хор. Калектыў выступаў у Мінску, Маладзечне, навакольных населеных пунктах – Княгінін, Крывічы, Докшыцы, Даўгінава ды іншых. І заўсёды самадзейныя артысты вярталіся з узнагародамі. Пасля выхаду на пенсію Паўліна Мядзёлка чытала лекцыі, з тагачаснай будслаўскай моладдзю ставіла спектаклі па творах беларускіх класікаў, у тым ліку і неўміручую «Паўлінку». Жыццю і творчасці знакамітай зямлячкі прысвечана адна з экспазіцый у школьным музеі. Тут захоўваюцца касцюм, паліто, туфлі, боцікі, гітара, будзільнік, фота розных гадоў, што належалі Паўліне Мядзёлцы, а таксама яе попельніца. Як згадваюць у Будславе, яна шмат курыла. І бадай, самае каштоўнае – адзіны экзэмпляр мемуараў «Сцежкамі жыцця», якія выйшлі ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў 1974 годзе, пасля смерці Мядзёлкі.

– Паўліна Вінцэнтаўна шмат працавала на ніве нацыянальнага адраджэння. Наша школа беларускамоўная, мы ганарымся, што тут выкладала Паўліна Мядзёлка, якая прывівала дзецям любоў да беларушчыны, – кажуць вучні і педагогі.

Паўліна Мядзёлка прыехала на сваю малую радзіму ў 1947 годзе, каб даглядаць нямоглую маці. Яе брат Часлаў з жонкай Соф'яй жылі ў сваёй хаце. Пераехалі сюды ў 1957-м па просьбе Паўліны: ёй цяжка было спраўляцца адной з хатнімі справамі, хворую маці трэба было не адзін раз за дзень перавярнуць у ложку. Яны жылі ў адной палове хаты, у другой стаялі козы. Брат Чэсь адбудаваў другую частку і тут пасяліўся з сям'ёй.

У доме захавалася піяніна, на якім любіла іграць Паўліна Мядзёлка, канапа, газавая лямпа, пры якой працавала начамі, вучыла сваіх пляменнікаў Казіка і Стася гуляць у шахматы, чытала ім кніжкі.

Паўліна Мядзёлка з маленства імкнулася да ведаў, рана навучылася чытаць. Пасля заканчэння царкоўна-прыходскай школы ў Глыбокім хацела працягваць вучобу. Маці і бацька былі супраць. Але яны разумелі, што дачка зусім не здольная да вясковай працы, і адпусцілі да сваякоў у Рыгу, дзе яна скончыла прыватныя курсы. Затым паступіла ў жаночую гімназію ў Вільні. У 1908 годзе Паўліна Мядзёлка пазнаёмілася з вершамі Янкі Купалы на старонках газеты «Наша ніва», а ўпершыню сустрэлася з ім у доме сваіх знаёмых.

У сваіх мемуарах «Сцежкамі жыцця» яна піша, што крыху расчаравалася ў Купале. Яна яго ўяўляла волатам, асобай. А тут яна ўбачыла звычайнага франтаватага хлопца. Праз некалькі месяцаў яны сустрэліся ў кавярні «Зялёны штраль», дзе збіралася беларуская інтэлігенцыя. Купала прапанаваў Паўліне злучыць іх лёсы. Ды яна адмовіла.

Купала ажаніўся з Уладзіславай у 1917 годзе, а Паўліна выйшла замуж за заснавальніка беларускай партыі эсэраў Грыба крыху пазней. Па версіі даследчыкаў, іх шляхі разышліся таму, што ён з'ехаў працаваць у Прагу, а яна – у Берлін. У сваіх мемуарах Паўліна згадвала, што бывала ў доме Купалы. Але адносіны паміж ёй і жонкай паэта вельмі загадкавыя, як і каханне паміж творцам і самой Мядзёлкай. Хутчэй за ўсё Купала і спісаў вобраз Паўлінкі ў аднайменнай п'есе з Мядзёлкі, дзе яна і выканала галоўную ролю. Гераіня атрымалася такой жа гарэзлівай і адначасова шляхетнай. Паэт прысвяціў Мядзёлцы і іншыя творы. У прыватнасці, вершы «Ён і яна», «Гэткім шчырым каханнем яе атуліў», «А яна была проста дзяўчынай...», «Снілася дзяўчыне», «Быў гэта сон...», паэмы «Бандароўна», «Яна і я».

Апошнім часам Паўліна Вінцэнтаўна моцна хварэла. Памерла яна 13 лютага 1974 года і пахавана на Будслаўскіх могілках побач са сваімі бацькамі – Вінцэнтам і Францішкай. На яе магіле ўсталяваны вялікі гранітны помнік. Паўліна Мядзёлка не дачакалася выхаду сваіх мемуараў «Сцежкамі жыцця». Адчувала, што ёй засталося жыць нядоўга, таму склала спіс сяброў, прыязных да яе людзей, каму неабходна адправіць гэтую кнігу.

Выйшлі мемуары пасля яе смерці. І Соф'я Грышкевіч выканала апошнюю просьбу сваячкі.

Аўтар публікацыі: Таццяна Лазоўская.
Крыніца: "Звязда"

Навіны

Сны aб Беларусі у Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя Вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам