ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
180 гадоў назад адкрылася Горы-Горацкая земляробчая школа
Кнігі пра нашу краіну перададзены ў Лондан

Далёкі блізкі космас Янкі Маўра

Іншыя навіны

Ён пісаў пра палёт на Марс, калі жыла яшчэ надзея знайсці там разумнае жыццё. Яго героі пабывалі на Месяцы яшчэ да таго, як міжпланетная станцыя “Луна-2” пакінула там свой вымпел. І ён паказаў, што і пад небам Беларусі ёсць свая, не заўважаная яшчэ рамантыка, свая нявыказаная прыгажосць.

Af-ja.maur.jpg
Янка Маўр. Кактэбель

Сорак дзевяць гадоў таму, 3 жніўня 1971 года, не стала Янкі Маўра, агульнапрызнанага “бацькі” беларускай дзіцячай літаратуры, які прыйшоў у яе ў другой палове 20-х гадоў ХХ ст.

Ён працягнуў і замацаваў працэс “суверэнізацыі” дзіцячай літаратуры. Калі старэйшыя беларускія пісьменнікі Я. Колас, Я. Купала, З. Бядуля служылі як бы мастком паміж “дарослай” і дзіцячай літаратурамі, дык з прыходам Я. Маўра апошняя пачала выходзіць на самастойны шлях.

Іван Міхайлавіч Фёдараў нарадзіўся 10 мая 1883 г. у Лібаве (Латвія). Бацька рана памёр, і разам з маці малы Янка пераехаў на яе радзіму ў вёску Лебянішкі былой Ковенскай губерні. У 1895 г. ён закончыў пачатковую школу, а ў 1899-м – Ковенскае рамеснае вучылішча, пасля чаго паступае ў Панявежскую настаўніцкую семінарыю, адкуль у канцы 1902 г. за вальнадумства, “за сумненні ў рэлігіі”, яго выключаюць з апошняга, выпускнога, класа. Здаўшы экстэрнам экзамены за семінарскі курс, ён пачаў працаваць у школе пад Панявежам (Новае Месца), затым быў пераведзены ў вёску Бытча на Барысаўшчыне.

ja.maur-1.jpg
Я. Маўр – семінарыст Панявежскай настаўніцкай семінарыі

Яркая падзея ў біяграфіі пісьменніка – удзел разам з Якубам Коласам у нелегальным настаўніцкім з’ездзе, які адбыўся ў вёсцы Мікалаеўшчына ў 1906 г. (Пасля заручын сына Я. Коласа і дачкі Я. Маўра пісьменнікі стануць сватамі.)

Выкладчыцкую працу І. Фёдараў пакінуў у 1930 г., аднак у душы ён застаўся настаўнікам. Літаратурная творчасць напачатку і выспявала з патрэб педагагічнай працы, з жадання захапіць вучняў прагай ведаў аб бязмежнасці свету і няспыннасці развіцця чалавецтва, а ў хуткім часе стала неадольнай творчай патрэбай, унутранай неабходнасцю, выкліканай загадкай самога феномена дзіцяці, што прыцягвала яго як бацьку, як настаўніка, як чалавека наогул і, нарэшце, як пісьменніка.

ja.maur-2.jpg
Я. Маўр – памочнік настаўніка пачатковай школы ў мястэчку Новае Места (Літва) 1905 г.

У пошуках гэтай разгадкі ён ішоў ад вытокаў – пачынаючы з гісторыі чалавека наогул. У аповесці “Чалавек ідзе” ён зазірнуў у глыбіні стагоддзяў, звярнуўся да жыцця першабытнага чалавека на той стадыі яго развіцця, калі той толькі “станавіўся на ногі”.

Услед за “падарожжам” у глыбіню вякоў пачаліся “падарожжы” Я. Маўра па вялікай карце свету: на Вогненную Зямлю і Новую Гвінею, у Інданезію, Кітай, Цэйлон і чароўны Неапаль. Адна за адной выходзяць аповесці так званага майн-рыдаўскага цыкла: “У краіне райскай птушкі” (1926), “Сын вады” (1927), у якіх аўтар выступае як абаронца правоў каланіяльных і залежных народаў, як паўнамоцны прадстаўнік шматпакутных абарыгенаў Паўночна-Заходняй Афрыкі і наогул усіх прыгнечаных…

Творчасць Я. Маўра не абмяжоўвалася ўдалымі спробамі стварэння прыгодніцкай аповесці. Ён прыступае да ажыццяўлення больш маштабнай задумы: напісання прыгодніцкага рамана “Амок”, першага ў беларускай літаратуры. Матэрыялам для рамана паслужылі рэальныя падзеі: рэвалюцыйнае паўстанне на Яве ў 1926 г. Назву “Амок” аўтар, паводле ўласнага прызнання, “дэманстратыўна ўзяў ад нашумелай у тыя гады аповесці Стэфана Цвэйга, які ўклаў у гэтае слова нейкі містычны сэнс”. Я. Маўр не падзяляе погляду аўстрыйскага пісьменніка на амок, гэтую страшэнную хваробу яванцаў, як сляпую, стыхійную сілу, загадкавую і невытлумачальную. Для Я. Маўра хвароба бедняка-селяніна Па-Інга – сацыяльная, вынік гора і роспачы даведзенага да галечы прыгнечанага народа.

Як і ў папярэдніх аповесцях, пісьменнік ідзе ў ажыццяўленні свайго намеру шляхам аналогіі далёкага з блізкім, параўноўваючы экзатычны жывёльны і раслінны свет з флорай і фаўнай свайго роднага краю. Пры такім супастаўленні ў яго вельмі далікатна выяўляецца і патрыятычнае пачуццё, павага да права кожнага народа любіць сваю, самую прыгожую, самую цудоўную, зямлю: “Нашыя людзі кажуць, што ўсе гэтыя штукі (маюцца на ўвазе саўмяніла, дур’ян, мангустан, рамбутан, дуку, дыні  Э.Г.) няварты адной добрай антонаўкі. Мусіць, яванец таксама не аддаў бы свайго дур’яну за ўсе нашы яблыні і грушы”.

У 30-я гады Я. Маўр, нібы насыціўшыся “экзатычным”, іншаземным матэрыялам, звяртаецца да роднай жыццёвай рэальнасці, у якой дзейнічаюць юныя героі. У гэтым сэнсе до­сыць паказальная аповесць “Палескія рабінзоны”. Выкарыстаўшы матыў рабінзанады, падказаны сусветна вядомым “Рабінзонам Круза” Д. Дэфо, Я. Маўр развенчвае псеўдарамантыку, захапленне экзотыкай далёкіх заморскіх краін, якое часта абарочваецца няўвагай да свайго краю, няведаннем яго. Ён паказвае, што і пад небам Беларусі, у далёкіх і блізкіх яе кутках, ёсць свая, не заўважаная яшчэ рамантыка, свая нявыказаная прыгажосць.

Эвалюцыя жанру прыгодніцкай аповесці прасочваецца і ў “ТВТ” (1934), своеасаблівай сярод іншых тагачасных аповесцей, такіх, як “Міколка-паравоз” М. Лынькова, “Патрык-завадатар” Ф. Шынклера, “Жэнька” М. Багуна, “Перамога” А. Якімовіча і інш. Гэта была цікавая спроба сінтэзу рэалістычна-бытавой і прыгодніцкай аповесці.

У арыентацыі пісьменніка на самадзейнасць, на ўласную ініцыятыву дзяцей, на выкарыстанне гульні як формы іх дзейнасці і падключэння да жыцця з яго “грубай прозай” “ТВТ” прыкметна пераклікаецца з гайдараўскім “Цімурам і яго камандай”. На гэтай падставе рэтраграды, якія не прынялі “ТВТ”, папракалі аўтара ў перайманні Гайдара. Аднак аповесць “Цімур і яго каманда” напісана на 6 гадоў пазней за “ТВТ”!

Пераклічка твораў сведчыць аб блізкасці шляхоў, якімі ішлі пісьменнікі. Абодва яны, кожны па-свойму, сваімі спецыфічнымі сродкамі маляўнічасці давалі ўрок нестандартнага, нестэрэатыпнага падыходу да самавызначэння і самасцвярджэння юнай асобы. I беларускі аўтар быў тут першы.

Вялікую Айчынную вайну Я. Маўр, апынуўшыся ў Новасібірску, затым у Алма-Аце, перанёс як цяжкое выпрабаванне фізічных і духоўных сіл, нават як “псіхічную траўму”. У 1943 г. пісьменнік пераехаў у Маскву, дзе, моцна захварэўшы, трапіў у бальніцу. Вярнуўся ў Мінск пасля вызвалення Беларусі ад фашысцкай акупацыі…

Пасляваенны перыяд у творчай біяграфіі пісьменніка адзначаны стварэннем новых жанравых форм: навукова-фантастычнай і аўтабіяграфічнай аповесцей. “Фантамабіль прафесара Цылякоўскага” (1954) – гэта трэці “заход” аўтара ў асваенні жанру навуковай фантастыкі: подступамі да яго з’явіліся фантастычная казка “Вандраванне па зорках” (1927), а затым – “Аповесць будучых дзён” (1932) – у жанры сацыяльнай утопіі.

Я. Маўр пісаў пра палёт на Марс, калі жыла яшчэ надзея знайсці там разумнае жыццё. Яго героі пабывалі на Месяцы яшчэ да таго, як аўтаматычная міжпланетная станцыя “Луна-2” пакінула свой вымпел на гэтай планеце. Беларускі пісьменнік выступаў як празарліўца, як прадказальнік (услед за Цыялкоўскім) эры касмічных палётаў. Але Янку Маўра цікавіла не столькі навуковая ідэя сама па сабе (хоць ён выкарыстоўвае багаты пазнавальны матэрыял), колькі маральна-этычны і гуманістычны яе аспект, праблема чалавечых узаемаадносін, будучых кантактаў пры сустрэчы розных цывілізацый…

Аўтар публікацыі: Эсфір Гурэвіч.
Крыніца: Новы час

Навіны

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя Вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам