На адрас конкурсу “Мост Дружбы” ўжо паступіла каля 60 заявак ад беларускіх і расійскіх літаратараў, але прыняць удзел у ім яшчэ не позна.
Публікацыя твора на беларускай і рускай мовах у альманаху, што распаўсюджваецца ў Беларусі і Расіі. Магчымасць праверыць свае сілы ў прозе і знайсці ўласнага чытача. А яшчэ – шанц пазнаёміцца з вядомымі літаратарамі, крытыкамі і наладзіць стасункі са сваімі калегамі па пяры. Усё гэта толькі некаторыя з “бонусаў”, што атрымаюць пераможцы конкурсу маладых літаратараў “Мост Дружбы” (па пяць з Беларусі і Расіі).
У якасці яго заснавальніка выступае Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, а падтрымку ў арганізацыі аказваюць асацыяцыя «Пазнаём Еўразію», Інстытут сусветнай літаратуры імя М. Горкага і Нацыянальны прэс-цэнтр Беларусі.
– Падрастае новае пакаленне маладых людзей, якія спрабуюць сябе ў літаратуры. Магчыма, у найбліжэйшай будучыні нехта з іх стане вядомым і заваюе сваёй творчасцю вялікую колькасць чытачоў, – распавядае адзін з каардынатараў конкурсу, намеснік дырэктара Нацыянальнага прэс-цэнтра Аляксей Цыбулька. – Менавіта на пошук таленавітых аўтараў і скіраваны наш конкурс маладых літаратараў «Мост Дружбы», які праводзіцца сёлета вось ужо трэці раз. Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы вызначыў перыядычнасць правядзення конкурсу – раз на два гады. Прыемна адзначыць, што з кожным годам цікавасць да яго з боку маладых аўтараў расце.
Падаць свае работы запрашаюць маладых беларускіх і расійскіх аўтараў ад 18 да 30 гадоў. Каардынатары прымаюць толькі празаічныя творы малой літаратурнай формы (апавяданне, нарыс, эсэ) на беларускай ці рускай мовах, якія раней не друкаваліся і не ўдзельнічалі ў іншых конкурсах.
Работы і заяўкі (з указаннем імя, прозвішча аўтара, яго ўзросту, месца жыхарства, вучобы ці працы, кантактных звестак, таксама з далучэннем фотаздымка і кароткай біяграфіі) прымаюцца да 30 верасня ўключна па электронным адрасе іnfo@bpc.by з пазнакай «Мост Дружбы».
Аўтар публікацыі: Марына Весялуха.
Крыніца: газета “Звязда”