Беларускі фільм “Возера радасці” будзе ўдзельнічаць у конкурсе міжнароднага Kustendorf Film & Music Festival у Сербіі. Пра гэта напісаў у Фэйсбуку рэжысёр карціны Аляксей Палуян.
Паводле яго слоў, Эмір Кустурыца выбраў “Возера радасці” для ўдзелу ў конкурсе кінафестывалю.
Беларускамоўны фільм “Возера радасці”, зняты паводле рамана Віктара Марціновіча, атрымаў шэраг прызоў на прэстыжных еўрапейскіх кінафестывалях, сярод якіх тры ўзнагароды іспанскага FICBUEU, прыз “За найлепшую рэжысуру” на кінафестывалі ў грэцкай Драме, дзве ўзнагароды кінафестывалю ў Невадзе, а таксама перамога ў намінацыі “Найлепшы кароткаметражны фільм” нямецкай кінапрэміі Hessen Film Awards.
У аснове сюжэта ляжыць жыццё дзевяцігадовай Ясі ў ціхай вёсцы, дзе час нібыта спыніўся. Дзяўчынка цяжка перажывае смерць маці, нягледзячы на гэта, бацька адвозіць яе ў інтэрнат. Аднойчы Яся вырашае збегчы і вярнуцца дадому.
Аляксей Палуян – беларускі рэжысёр, які зараз жыве і працуе ў Германіі. За яго плячыма навучанне ў Касэльскай мастацкай акадэміі і шэраг дакументальных і мастацкіх фільмаў. Рэжысёр пачаў працу над сцэнаром “Возера радасці” ў 2016 годзе, натхніўшыся раманам беларускага пісьменніка. Акрамя вольнай адаптацыі эпізода з рамана ў аснову фільма легла асабістая гісторыя бацькі Аляксея, які таксама, як і гераіня фільма, рос у інтэрнаце.
“Возера радасці” – міжнародны праект, у здымачную каманду ўвайшлі кінапрафесіяналы з Германіі, Ірана, Грузіі, Украіны, Шатландыі і Балгарыі. У фільме здымаліся вядомыя беларускія акцёры: Ігар Сігаў, Святлана Анікей, Алесь Маўчанаў, Дзяніс Тарасенка, Алена Зуй-Вайцяхоўская і Таццяна Мархель. Галоўную ролю выканала дзевяцігадовая выхаванка магілёўскай SOS-вёскі Анастасія Пляц, чыю гульню высока ацаніла міжнароднае журы іспанскага кінафестывалю FICBUEU, прысудзіўшы дзяўчынцы ўзнагароду ў намінацыі “Лепшая актрыса”. За музычнае афармленне фільма адказны знакаміты беларускі этна-гурт Vuraj.
Крыніца: Наша Ніва