ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Сіла роднай зямлі
Музыка беларускай сядзібы

Лісты кахання Яўгеніі Пфляўмбаўм да беларускага паэта

Лісты кахання Яўгеніі Пфляўмбаўм да беларускага паэта
Іншыя навіны

І дрэвы твае у лістах адцвітання,
І вецер зрывае часцей галаву,
Але падымае цябе на світанні
Той боль, што чамусьці 
любоўю завуць...

115 гадоў таму ў сям’і мінскага чыгуначніка Эргарда Пфляўмбаўма нарадзілася дзяўчынка, якую назвалі Яўгеніяй.

Ёй было наканавана доўгае, багатае на падзеі, жыццё.

Выхоўваў яе не бацька – айчым, выкладчык Сакалоўскі, якога яна вельмі любіла і які дапамог атрымаць выдатную адукацыю.

Яўгенія пісала вершы... У асяродку маладых літаратараў, на хвалі нацыянальнага адраджэння, яна і пазнаёмілася з іншым паэтам, на год маладзейшым за яе, Аляксандрам Каратаем, які ўзяў псеўданім Максім Лужанін. Яна – інтэлігентная гарадская дзяўчынка, начытаная, з вытанчанымі манерамі, ён – нядаўні вясковы хлапчук, сын дзяка сельскай царквы... Але надзелены талентам і вострым розумам, і ён цягнуўся да ўзроўню сяброўкі – і апантана назапашваў веды. А яшчэ быў падобны да Маякоўскага... Нават галаву галіў, як той.

Так пачалася доўгая гісторыя кахання. Усё было... У васямнаццаць, у 1926-м, Яўгенія Пфляўмбаўм стала аўтаркай калектыўнага паэтычнага зборніка разам з Зінаідай Бандарынай і Наталляй Вішнеўскай. Наступны зборнік у яе выйшаў у 1989-м.

Быў шлюб з Максімам Лужаніным. Калі яго ў 1933-м арыштавалі разам з іншымі маладымі паэтамі, былі пакутлівыя чэргі, каб перадаць зняволенаму перадачу... Шлях за каханым у Сібір. Потым ён быў на фронце, яна – у Маскве. Потым вярнуліся ў Мінск, дзе яна да канца жыцця пісала ў стол, нічога не друкуючы, перакладала сусветную класіку, падпісваючыся прозвішчам славутага мужа... А пасля яе сыходу ён, ужо зусім стары, нямоглы, разбіраў яе запісы – у сшытках, нататніках, на аркушыках, перапісваў, рыхтаваў да публікацыі... У аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа захоўваецца перапіска Лужаніна і Пфляўмбаўм. Нават знешне тыя лісты вельмі адрозныя – у Лужаніна дробны роўны почырк, Яўгенія піша размашыста, імкліва, літары нібы крычаць... Радкі напоўненыя каханнем. 

Такая напруга, такая адточанасць думкі і гуку, такая жарсць... Так цяпер ніхто не лістуецца. Давайце згадаем урыўкі з лістоў таго часу, калі Яўгенія рыхтавалася ехаць да мужа ў Сіблаг. Гэта было цяжка... Трэба было знайсці грошы. Зняволенага паэта пераводзілі туды-сюды... Урэшце ён апынуўся ў будаўнічым гарадку ў Марыінску. У абодвух бракуе цёплага адзення, прыстойнага абутку, яны клапоцяцца аб здароўі адзін аднаго – і апантана чакаюць сустрэчы.

Яна:

09.10.1933. Атрымала тры твае лісты. Такія яркія, ці ад сібірскага снегу, ад бадзёрасці тваёй ці ад майго чакання. Цяпер жыву магчымасцю зусім блізкай сустрэчы. Калі б цябе пакінулі ў Новасібірску да заканчэння тэрміну, – я зараз жа выехала б да цябе... Напішы мне пра ўсё, маючы на ўвазе толькі адно тое, што нам трэба быць разам – так будзе ярчэй і жыццё, і праца, і радасць. Хочацца ў Сібір, у халодны чысты снег, у свежасць новага нашага жыцця. У мінулым нічога не шкада. Чаму ты не ўзяў ні курткі, ні цёплых бурак? Вось цяпер мерзнеш у чаравіках, і я нічым не магу дапамагчы. Напішы, ці можна даслаць табе пасылку? Толькі напішы так, як у сапраўднасці, а то ты напішаш, што нельга, каб не прычыняць мне клопату. Ведаю я твой родны ўпарты позірк.

Ён:

12.11.1933. Дакладней і цвярдзей хадзіць мне зараз, думаючы пра цябе. Хоць гэта мала, але ведаю, што ты бадзёрая, пачуў цябе пасля бясконца доўгіх дзён і начэй. Дзявятага адказаў на твой ліст ад 26-га, а ўчора атрымаў паштоўку. Увечары позна прыйшла яна да мяне, азорыла мутнаватую ноч, паклікала сёння радаснае сонца... Добра, што зноў стала цёпла, і адтуль, дзе ты, – мяккі, зусім не па-зімоваму, хвалюючы вецер. Ідзеш, усміхаючыся сонцу майму, жмурачыся ад белі. Вох, як сонечна! Адчуваю побач думкі, вочы твае. І ўжо расцвітаюць сінія гарызонты блізкай, неабсяжнай, бязмежнай будучыні.

Яна:

8.11.33. Масква. Дні два я блізкая была да вар’яцтва. Трымалі твае рукі, твае родныя вочы, наша сустрэча. Цяпер пакіну ўсё, абы да цябе, пакліч мяне хутчэй, у любыя абставіны. Сцярплю ўсё, абы разам. Бо так даўно, так доўга без цябе я больш не магу... Як ты там? Так даўно няма ад цябе вестачкі! Заінеў ты ад сцюж, родны мой, холадна табе?.. Сонца снежнага табе, сілы.

Ён:

1933. Як я хачу цябе бачыць! Стагоддзі нібыта ўсталі паміж намі. І клічу цябе кожным рухам, кожнай думкай. І ў клічы ўсё ясней і магутней забываецца сінеча, пырскае з вачэй сіла і бадзёрасць, ярчэйшыя ўсплываюць агні над горадам. Адзін у вялікім пакоі. І праз змрок акна, праз шматкі снегу – твар твой, родны... Няма разлукі ў нас. Добрай табе ночы! Спакою.

Яна:

13.11.1933. Родны мой! Няўжо не атрымаў ты да гэтага часу ніводнага майго ліста? Па-ранейшаму трывожышся аб пашпарце, аб працы маёй... А я ж столькі жадала табе ў лістах спакою і радасці нашай... Цяпер засталося адно – дабіцца таго, каб быць разам. На дарогу патрэбны грошы. Пасля месяца працы ў Белліце яны будуць у мяне, прынамсі, на квіток. Астатняе дасць энергія і вялізнае, як бясконцыя кіламетры да снягоў тваіх, маё жаданне бачыць цябе.

Ён:

20.11.1933. Буркатлівы стары паклаў мне на стол твой ліст. І добрым-добрым здаўся. Вось што ты робіш праз вялізны скрутак прасторы! Сем дзён імчыцца да мяне слова родных вуснаў тваіх. Сем дзён цягнецца яно ў шэрым канверце, каб расцвісці ў мяне ў руках нябачанымі кветкамі нябачаных вясёлак, гарэць не згасаючы. Пятае яно сёння, слова тваё, пяць вялікіх-вялікіх радасцей у адну гэтую дэкаду. Дзявятага – першае, а перад гэтым месяц нясцерпнага чакання, трывогі і разнастайных здагадак. Уначы адчуў, ідучы дадому, што гэта немагчыма. Трэба быць разам нам, а да астатняга праб’ем дарогу.

Яна:

20.11.1933. Так доўга ідуць лісты. Я ведаю толькі тое, пра што думаў, чым дыхаў ты 6-7 дзён таму. А зараз, а ўчора, а ўначы? А ці заўсёды і ўсюды без мяне? Калі ты атрымаеш гэты ліст, я ўжо буду вельмі блізкая да дарогі насустрач табе... Толькі беражы сябе радасным, бадзёрым, здаровым да майго прыезду. Беражы, таму што вельмі цяжка будзе, калі сустрэну цябе з затуманенымі вачыма. Зберажэш? Ведаю, упэўнена як у сабе, і невымерна больш. Родны мой, Аль! Як радасна думаць аб тым, што разам... Хутчэй бы перагартаць пакінутыя дні. У тваім горадзе шмат святла. Ты чытаеш Тэкерэя, працуеш, думаеш, дыхаеш. А мой горад кажа мне – едзь, тады я пакахаю цябе больш і паклічу назад. Зберажы сябе!

Ён:

21.11.1933. Папярэдзіў цябе тэлеграмай, што сёння балюча і нечакана звалілася вестка аб пераездзе. Выязджаць трэба некалькі паўночней, у Марыінск, за пару дзён зматаўшы пажыткі. А я ўжо жыў думкай убачыць цябе тут, бачыў ужо, разам былі. Такое ўжо нешанцаванне ў жыцці, як кажаш ты... Цяжка, але не згасаюць галасы бадзёрасці, не апускаю я галавы. Сілаю ўсёй кідаюся на дапамогу табе – нашу сустрэчу мы адваюем усё ж такі…
...Чакаю і баюся клікаць цябе сюды ў глуш, у мароз, у малярыю. Баюся за здароўе тваё, за сілу... Не падрыхтавана ж ты ні да шляху, ні да жыцця тут, у якім будзе нямала складанага і цяжкага. Але чамусьці я зусім не адчуваю ні расстання, ні адлегласці паміж намі. Бачу цябе, сустракаю цябе, чакаю тваіх слоў.

Яна:

20.07.34. Мінск. Як мала патрэбна жанчыне. Маленькае слова і родны клопат…

...Апошні ліст твой зноў пра тое, чым я жыла ў Сібіры... І можа быць, невыпадкова: сёння ў сне я зноў была там, блукала па лесе, у багне, пры бурных рэчках і з яснасцю ў думках. Ад таго, што стала пастаянным у маіх днях, менавіта маіх – не нашых, бо гэта толькі жанчыне трэба – гэтыя твае словы бясконцай шчырасці – ветрык не падзьме – словы, якія не паўтараюцца як словы, а пачынаюць жыць жыццём таго, хто вымавіў іх. І адразу адчула трывогу. Адчула твае родныя рукі. Гэта багацце. Як заўсёды. І гэтага нельга нічым парушыць.

Аўтар публікацыі: Людміла Рублеўская.
Крыніца: Звязда

Запрашаем да знаёмства з новым раздзелам віртуальнага праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”, прысвечаным Яўгеніі Пфляўмбаўм. Дадзены праект, створаны да 100-годдзя ўтварэння літаратурнага аб’яднання “Маладняк”, рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва і газетай “Літаратура і мастацтва”.

Навіны

29–30 красавіка – 1–5 мая 1944 года. 18 тыдняў да Вызвалення

30 Кра 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Мінскае замчышча: раскопкі 2022–2023 гадоў

3 Май 2024

У 2021-м Савет Міністраў зацвердзіў дзяржаўную праграму “Культура Беларусі” на 2021–2025 гады, якая, між іншага, прадугледжвае даследаванне найбольш значных помнікаў гісторыі, у тым ліку мінскае замчышча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

ВПК “Гонар” вывучаў дзейнасць НКУС, міліцыі і піянерыі ў 1941–1945 гг.

25 Кра 2024

22 красавіка для навучэнцаў ваенна-патрыятычнага клуба “Гонар” ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся новы бібліяграфічны ўрок “Роля НКУС, міліцыі і піянерыі ў вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам