ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Падведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу «Мастацтва кнігі»
Багуслаў Радзівіл – герой папулярнага гістарычнага рамана

Мінская міжнародная кніжная выстава: вынікі

Мінская міжнародная кніжная выстава: вынікі
Іншыя навіны

Скончылася XXVІ Мінская міжнародная кніжная выстава – і можна падвесці вынікі. Зробім гэта, звярнуўшыся да яе арганізатараў і ўдзельнікаў з ліку недзяржаўных выдаўцоў.

Нязменны кіраўнік штогадовага кніжнага свята, генеральны дырэктар ТАА Макбел Дзмітрый Макараў сцвярджае, што сёлетняя падзея атрымалася рэкорднай як па колькасці краін-удзельніц, так і асобных экспанентаў. Насуперак таму, што зламысны шатдаун (часовае перапыненне працы дзяржаўных устаноў ЗША з-за непрыняцця ў час бюджэту) перашкодзіў з’яўленню ў Мінску пачэснага госця – прадстаўніцтва ЗША, была дасягнутая небывалая раней лічба ў 37 дзяржаў-удзельніц. Іх прадставілі каля 160 паасобных выдавецкіх прадпрыемстваў, а агулам працаваў 441 экспазіцыйны стэнд. Сярод удзельнікаў была нават экзатычная Паўночная Карэя.

Буйнейшую пляцоўку заняла Расія – 199 квадратных метраў. Да гэтай пляцоўкі дадаліся стэнды некалькіх расійскіх друкарска-выдавецкіх устаноў. Адразу дададзім, што цеснае расійска-беларускае супрацоўніцтва ў інтэлектуальнай сферы працягнецца ўдзелам Беларусі ў якасці спецыяльнага госця на Маскоўскай кніжнай ярмарцы ў верасні 2019 года. І наўзаем спецыяльна запрошаным экспанентам Расія будзе на наступнай Мінскай кніжнай выставе ў лютым 2020-га.

За станоўчае варта лічыць наяўнасць на стэндах далёкіх па культуры ад Беларусі краін выданняў па-беларуску. Так, турэцкае прадстаўніцтва нават бясплатна прапаноўвала кнігу курдска-турэцкага асветніка і багаслова першай паловы ХХ стагоддзя Саіда Нурсі.

Разнастайнасць і прадстаўнічасць выставы ў выніку вылілася ў рэкордную колькасць наведнікаў – больш за 60 тысяч. Беларусы пацвердзілі, што яны па-ранейшаму ўмеюць і любяць чытаць, рэзюмаваў спадар Макараў (што невыпадкова: недарма яшчэ паводле перапісу далёкага 1897 года мы былі самай пісьменнай аўтахтоннай нацыяй Расійскай імперыі).

Што да топавых продажаў, то найбольшы ажыятаж выклікаў пяцітомнік па-беларуску Святланы Алексіевіч, спансаваны “Белгазпрамбанкам”. Сустрэча з пісьменніцай (найвялікшая пляцоўка не змясціла ўсіх ахвочых) і аўтограф-сесія цягнуліся ў суботу на гадзіну даўжэй звыклага часу працы выставы – да восьмай вечара. А побач з Алексіевіч у лідарах ішоў гумарыст і колішні “кандыдат у прэзідэнты” Яўген Крыжаноўскі.

Пра ўражанні і хіты продажаў “НЧ” распавялі некаторыя незалежныя беларускія выдаўцы.

Knihi_vyst-1.jpg

Зміцер Вішнёў (“Галіяфы”) паскардзіўся на чарговы раз прадастаўленае нязручнае месца на ўскрайку. Хаця яно было “хлебным” – ля самага буйнога буфету, што гарантавала плынь наведнікаў і вельмі добры гандаль. Лепш за ўсё “ішлі”: Алена Брава “Садомская яблыня”, Валеры Гапееў “Пазл”, Сяргей Белаяр “Расследаванні інспектара Сарвы” і “Крэсавыя аповеды” Юзафа Пілсудскага. Як заўжды, добра запатрабаванай сталася дзіцячая літаратура, прадстаўленая імёнамі Вольгі Гапеевай (“Дзве авечкі”), Ганны Галавіной (“Летняя азбука”) і Веры Бурлак (“Фантазюркі”), падкрэслівае Зміцер. Увогуле, 4 квадратныя метры – замала для “Галіяфаў”, якія працуюць адзінаццаты год і маюць вялікі асартымент выданняў, што з цяжкасцю змяшчаюцца на такой плошчы. А жвавы гандаль змушаў рэгулярна падвозіць дадатковыя наклады.

Knihi_vyst-2.jpg

Прадстаўнікі выдавецтва “Янушкевіч”, якім выпала заняць значна больш зручнае месца блізу цэнтра, адзначылі найперш “Мае дзевяностыя” Альгерда Бахарэвіча, якога і Святлана Алексіевіч вызначыла як вельмі цікавага пісьменніка ў шэрагах новага пакалення. Другое месца заняў перакладзены раман украінскай пісьменніцы Ірыны Данеўскай “Багуслаў Радзівіл” – пра выдатнага прадстаўніка слаўнага беларускага роду, пратэстанта і ўдзельніка падзей “Патопу” сярэдзіны ХVІІ стагоддзя. Трэцяе месца – за раманам “Не адпускай мяне” (2005) нобелеўскага лаўрэата з Японіі Кадзуо Ісігуры, перакладзены адмыслова да выставы. Што цікава, дадалі прадстаўнікі выдавецтва, час танных папяровых выданняў мінуў, і чытачы звяртаюць увагу найперш на салідныя, густоўна аформленыя кнігі. Сярод цікавых асоб і пакупнікоў на стэндзе адзначыўся экс-міністр культуры Анатоль Бутэвіч (набыў нарыс Сяргея Шапрана пра Уладзіміра Някляева), зрэшты, сам аўтар кніг па гісторыі культуры і рэгулярны наведнік кніжных выстаў.

Knihi_vyst-3.jpg

На стэндзе выдаўца Зміцера Коласа амаль увесь час знаходзіўся экс-дэпутат ВС і экс-старшыня БНФ, выдатны перакладчык Лявон Баршчэўскі (разам з іншымі перакладчыкамі – Ганнай Янкутай і Ігарам Крэбсам). Усе яны ў апошні дзень выставы ўзялі ўдзел у 2-гадзіннай прэзентацыі найбольш паспяховай у выдавецтва серыі “Паэты планеты”. Яе варта адзначыць асобна, бо за няпоўныя 3 гады Зміцер Колас і яго каманда выдалі 55 (!) зборнікаў класікаў сусветнай паэзіі, ад антычнасці да сучаснасці, і ад Японіі да Амерыкі. Серыя працягваецца і ўжо даўно не мае аналагаў у беларускай выдавецка-перакладчыцкай практыцы.

Па словах Баршчэўскага, найлепш разыходзіліся навінкі: “Гісторыя Расіі…” (Алег Трусаў, Лявон Баршчэўскі, Аляксей Хадыка), “Культурная геаграфія Беларусі” (Павел Церашковіч), апошнія зборнікі з “Паэтаў планеты”, усё, звязанае з перакладамі днямі памерлага Васіля Сёмухі, “Арэхавы палац”, чарговы пераклад звышпапулярнага баснійска-харвацкага пісьменніка Міленкі Ергавіча ў выкананні Сяргея Шупы. Апошні спецыяльна прыехаў на выставу з Прагі, каб прэзентаваць сваю працу ў нядзелю, 10 лютага. На стэндзе з’яўляліся ўжо згаданыя Анатоль Бутэвіч, Аляксандр Ірванец (набыў экземпляры ўласнай кнігі па-беларуску), пісьменнікі, “якія не грэбуюць чытаннем кніжак”. Так, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч “набыў цэлы стос”. А таксама нямецкі і латышскі амбасадары, дырэктар Украінскага інстытута кнігі…

Такім чынам, дасягнуўшы рэкорднай насычанасці і наведвальнасці, выстава скончылася. Наступная чакае кнігалюбаў у лютым 2020 года.

Аўтар публікацыі: Аляксей Хадыка.

Крыніца: Новы час

Узгаданыя кнігі можна заказаць праз электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Навіны

Мінскае замчышча: раскопкі 2022–2023 гадоў

3 Май 2024

У 2021-м Савет Міністраў зацвердзіў дзяржаўную праграму “Культура Беларусі” на 2021–2025 гады, якая, між іншага, прадугледжвае даследаванне найбольш значных помнікаў гісторыі, у тым ліку мінскае замчышча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

ВПК “Гонар” вывучаў дзейнасць НКУС, міліцыі і піянерыі ў 1941–1945 гг.

25 Кра 2024

22 красавіка для навучэнцаў ваенна-патрыятычнага клуба “Гонар” ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся новы бібліяграфічны ўрок “Роля НКУС, міліцыі і піянерыі ў вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Усебеларускі народны сход – гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту

30 Кра 2024

30 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся Адзіны дзень інфармавання на тэму “Усебеларускі народны сход – гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам