ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Славуты беларускі этнограф
Анлайн-семінар ВЧЗ “Інфармацыйнае забеспячэнне медыцынскай сферы ў рэжыме аддаленага доступу”

Моўнае багацце і народныя залацінкі

Моўнае багацце і народныя залацінкі
Іншыя навіны

У 2020 годзе ў выдавецтве “Каўчэг” выйшла новая кніга заслужанага дзеяча культуры Васіля Аляксеевіча Жуковіча “Бязмежжа памяці і любові”. У яе ўключаны эсэ, партрэты, роздум пра настаўнікаў у літаратуры – педагога-прафесара і аўтарытэтнага крытыка, вучонага-лінгвіста, вядомых пісьменнікаў і дзеячаў культуры, з якімі аўтара звязвала доўгае сяброўства, сумесныя жыццёвыя і творчыя шляхі.

zhukovich_b_p.jpgВасіль Жуковіч добра вядомы як прачулы паэт, празаік, эсэіст, журналіст, перакладчык з украінскай, расійскай, польскай і грузінскай моў, аўтар шматлікіх літаратурна-мастацкіх выданняў. Запомніліся яго зборнікі вершаў “Паклон”, “Мелодыя святла”, “Цана цішыні”, “Золата лістапада” і іншыя, кніга прозы “Арабінавая ноч”. Васіль Жуковіч з’яўляецца стваральнікам цудоўных песень і перакладчыкам на беларускую мову твораў замежных аўтараў.

У новым зборніку аўтар пранікнёна распавядае аб творчасці і цяжкіх выпрабаваннях славянскіх геніяў – Янкі Купалы, Тараса Шаўчэнкі, Адама Міцкевіча, неўміручай славе К. Каліноўскага. Закранае загадкай К. Чорнага, расказвае пра ўплыў Багдановіча на школьнікаў, пра адзінокага Я. Коласа, пакінутага С. Новіка-Пяюна, 95-гадовую А. Васілевіч, 100-гадовага Барыса Кіта, пра маштабную постаць Анатоля Вярцінскага.

Васіль Жуковіч піша з любоўю і пра тых, каго страціў, дарагіх сэрцу У. Калесніка, Н. Мацяш, Ф. Янкоўскага, Я. Брыля, Я. Пархуту, Я. Янішчыц, В. Пісьмянкова, В. Куксу, У. Содаля.

Васіль Аляксеевіч вучыўся ў Брэсцкім дзяржаўным педагагічным інстытуце, дзе яго выкладчыкам быў інтэлектуальна абаяльны педагог-прафесар Уладзімір Андрэевіч Калеснік, які амаль 40 гадоў нёс літаратурную варту на кафедры беларускай літаратуры. Ён магічна ўздзейнічаў на моладзь, з’яўляўся непахісным носьбітам і правадніком нацыянальнай ідэі.

Асветнік-гуманіст абуджаў у студэнтаў пачуццё годнасці, любоў да літаратурна-мастацкай спадчыны Бацькаўшчыны, дэманстраваў сваю грамадзянскую пазіцыю і эстэтычны густ.

“Уладзімір Калеснік нястомна сілкаваў душы людзей, уздымаў іх, як сонца ўздымае ўсё жывое, даваў магчымасць адрывацца ад жыццёвых клопатаў і пераносіцца ў свет духоўнасці, і хараства. Ён плённа працаваў у літаратуры, яго творчасць клікала і сёння кліча ў свет мудрасці Францішка Скарыны і Міколы Гусоўскага, вольналюбівага Уладзіміра Караткевіча”, – так характарызуе Васіль Жуковіч свайго настаўніка, выдатнага педагога, прафесара, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, аўтара глыбокіх літаратуразнаўчых кніг, чалавека маральнай чысціні, які перанёс драму ваеннага ліхалецця, прайшоў суровую школу кулямётчыка, мінёра-падрыўніка, камандзіра ўзвода і начальніка штаба атрада. Яго духоўная вышыня і чысціня застаюцца арыенцірамі для пісьменніка.

З такой жа павагай піша Васіль Жуковіч пра вучонага-лінгвіста, доктара філалагічных навук, заслужанага дзеяча навукі прафесара Фёдара Міхайлавіча Янкоўскага, якога ён асабіста добра ведаў. Янкоўскаму даводзілася сустракацца з мноствам людзей і заўсёды ён занатоўваў трапныя і дасціпныя словы, словазлучэнні, прыказкі і прымаўкі, цікавыя гісторыі і зберагаў іх. Сэрцам ён заставаўся верным роднаму слову. Яго адданасць любімай справе, шчыраванне на грунце высокай адукацыі і культуры аказалася магутным рухавіком плённай навукова-творчай дзейнасці. Трыадзінства пісьменніка, вучонага і педагога сталася гарманічным і паспрыяла стварэнню жыццядайнай навуковай і літаратурнай спадчыны.

Піша ў сваёй новай кнізе Васіль Жуковіч і пра цудадзейны талент Алеся Пісьмянкова, і пра рэалістычна-праўдзівую прозу Генрыха Далідовіча, яго герояў, узятых з роднай вясковай стыхіі, і пра крышталёвую чысціню малюнка пейзажнай лірыкі Фелікса Баторына.

“Калі б крытыка была маёй стыхіяй, я паказаў бы ўсю красу і сілу прозы Андрэя Федарэнкі, яго бліскучае майстэрства, кампазіцыйную вытанчанасць, разняволеную раскошу яго мовы, тое, як удала пісьменнік сумяшчае сваё моўнае багацце з народнымі залацінкамі, чысціню літаратурнае мовы з размаітасцю палескага дыялекту, элементамі трасянкі, і тое, які ён памяткі, як ведае класікаў,” – адзначае аўтар.

З цеплынёй піша аўтар пра шчодрую на гадочкі, адораную яскравым талентам, трапяткую, удумлівую, духоўна багатую Алену Васілевіч. Аддае даніну павагі яскраваму, чалавечаму і дэмакратычнаму таленту Ігара Лучанка і іншым асобам, якія рупіліся аб захаванні музычна-спеўнага залатога фонду Беларусі. Кніга напоўнена дабрынёй, цеплынёй і ўдзячнасцю людзям, якіх аўтар сустрэў на сваім жыццёвым шляху.

Аўтар: Эла Дзвінская.

Навіны

29–30 красавіка – 1–5 мая 1944 года. 18 тыдняў да Вызвалення

30 Кра 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Мінскае замчышча: раскопкі 2022–2023 гадоў

3 Май 2024

У 2021-м Савет Міністраў зацвердзіў дзяржаўную праграму “Культура Беларусі” на 2021–2025 гады, якая, між іншага, прадугледжвае даследаванне найбольш значных помнікаў гісторыі, у тым ліку мінскае замчышча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

ВПК “Гонар” вывучаў дзейнасць НКУС, міліцыі і піянерыі ў 1941–1945 гг.

25 Кра 2024

22 красавіка для навучэнцаў ваенна-патрыятычнага клуба “Гонар” ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся новы бібліяграфічны ўрок “Роля НКУС, міліцыі і піянерыі ў вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам