ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Караткевіч у кіно
Святло і Колер

“Мы яго называлі дзядзька Янка”

“Мы яго называлі дзядзька Янка”
Іншыя навіны

У Мінску прайшла вечарына, прысвечаная 110-годдзю пісьменніка Яна Скрыгана.


“Час робіць усё, што яму прыспявае”. Гэтыя словы – цытата з дзённікаў пісьменніка, па біяграфіі якога можна здымаць поўнаметражны фільм. Лёс незвычайны і ў той жа час, на жаль, не такі ўжо рэдкі для таго пакалення беларускай інтэлігенцыі, якое трапіла ў жорны раз’юшанай рэпрэсіўнай машыны. “Звязда” нядаўна пісала аб перыпетыях жыцця Яна Скрыгана, пра якія расказала дачка пісьменніка Галіна Скрыган. Яна ж разам з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры правяла вечарыну памяці бацькі, прысвечаную яго 110-годдзю.

У Літаратурным музеі Максіма Багдановіча – менавіта там адбывалася імпрэза – сабралася паўнюткая зала людзей. Ды якіх! Выдатныя беларускія пісьменнікі Васіль Зуёнак, Кастусь Цвірка, Анатоль Бутэвіч, Віктар Шніп. Прысутнічалі дочкі класікаў – Наталля Семашкевіч (Брыль) і Валерыя Навуменка.

Галіна Іванаўна, якая распачала вечарыну, адзначыла, што апошнія 10 гадоў, з дня святкавання векавога юбілею Яна Скрыгана, прамільгнулі незаўважна. Тым не менш яны былі плённымі ў справе ўшанавання памяці пісьменніка.

– Адкрылі музейную экспазіцыю ў школе на радзіме таты – у вёсцы Камень, што ля яго родных Труханавіч. Робіцца сайт, прысвечаны жыццю і творчасці Яна Скрыгана. Старэйшы ўнук Юрась займаецца рэстаўрацыяй хаты ў Труханавічах, дзе нарадзіўся бацька. У выдавецтве “Кнігазбор” з 2005 года выйшла 5 пасмяротных выданняў, якія мы сёння прэзентуем: гэта ўспаміны, дзённікі, літаратурныя партрэты, якія Скрыган пісаў усё жыццё, – пералічыла Галіна Скрыган.

Важнай часткай біяграфіі пісьменніка стала Эстонія, якая дала яму прытулак у самы цяжкі перыяд жыцця: пасля першай ссылкі Скрыган працаваў галоўным бухгалтарам на сланцахімічным камбінаце ў горадзе Ківіылі.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Эстоніі Анатоль Сцепусь, які прысутнічаў на імпрэзе, паведаміў, што 5 снежня ў Ківіылі таксама пройдзе святочнае мерапрыемства ў гонар беларускага пісьменніка.

– Гэта, бадай, адзінае месца ў Эстоніі, дзе ёсць мемарыяльная шыльда нашаму земляку, – адзначыў ён.

– У гэтым горадзе ўстаноўлены помнік Яну Скрыгану, – працягнула старшыня Таварыства беларускай культуры “БЭЗ” горада Іда-Вірумаа Зінаіда Клыга. – У 1989 годзе стварылася “БЭЗ” (Беларуска-эстонскае згуртаванне. – Аўт.), і мы даведаліся, што адна наша знаёмая трымае ў хаце кнігі беларускага пісьменніка, які іх падпісаў. Аказалася, што мы жылі з ім у адным доме. Так мы дазналіся, што беларускі пісьменнік Ян Скрыган працаваў бухгалтарам і пакінуў пра сябе добрую памяць сярод людзей. Тры гады мы рыхтаваліся, каб зрабіць гэты помнік. І эстонскія, і беларускія ўлады пайшлі насустрач, і ў 1998 годзе яго паставілі. Гэта вялікі камень, а на ім барэльеф, які зрабіў мастак Валяр’ян Янушкевіч.

Ян Скрыган, хоць і не меў музычнай адукацыі, але валодаў выключным слыхам і вельмі любіў беларускую песню. Менавіта таму святочную вечарыну распачаў артыст Белдзяржфілармоніі Сяржук Доўгушаў, вядомы таксама як саліст гурта “Вурай”. Цяга да музыкі пазней праявілася ў дачцэ пісьменніка, якая стала прафесійным музыкантам, і ў малодшым унуку Ясю – даволі вядомым гітарысце.

Сёння ўнукі Скрыгана жывуць далёка, але яны даслалі свае відэапрывітанні.

– Хацелася б узгадаць, што мой дзед быў з той кагорты людзей, якія стваралі нашу сучасную рэспубліку, нацыю, мову. Яны не вучыліся мове па слоўніках, яны стваралі слоўнікі, грунтуючыся на мове бацькоў. І, нягледзячы на цяжкія выпрабаванні, праз якія прайшоў дзед, ён не азлобіўся. Пры першай магчымасці стаў працаваць дзеля Бацькаўшчыны. І найлепшая памяць пра яго – тое, што мы размаўляем на нашай мове і памятаем, хто мы ёсць, – зазначыў старэйшы ўнук Юрый, які жыве ў Каліфорніі.

Унук Ясь – Ян Скрыган-малодшы – таксама даслаў прывітанне з Германіі: разам з маленькім сынам Данілам яны выканалі на гітары і скрыпцы вясёлую песеньку.

Калі Скрыган вярнуўся ў Мінск, ён адразу актыўна ўключыўся ў літаратурную дзейнасць. Працаваў над стварэннем Беларускай савецкай энцыклапедыі, за што стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР. Супрацоўнік БелСЭ пісьменнік Анатоль Валахановіч успамінаў пра сумесную са Скрыганам працу над выданнем:

– Мы яго называлі “дзядзька Янка”, – узгадаў ён. – Скрыган пачаў з беларускай мовы. Трэба было адсеяць “небеларускія” словы і перакласці іх на беларускую мову. Калі перакладу няма – прыдумаць. Але ніхто не прыдумляў. Скрыган паходзіць са Случчыны, а гэта Цэнтральная Беларусь, таму ў аснову энцыклапедыі ўзялі гаворку Цэнтральнай Беларусі. Любімымі словамі Срыгана былі смаката, любата, смехата, мілата, пекната, ездзіны (значыць, ездзіць туды-сюды), гнявоў (чалавек у гневе)…

Шмат яшчэ добрых слоў і ўспамінаў прагучала падчас вечарыны. Апроч знаёмых і калег Скрыгана, на яе прыйшлі студэнты, а значыць, памяць пра пісьменніка працягне жыць і ў наступных пакаленнях. Ну хіба не любата?

Аўтар публікацыі: Дзіяна Серадзюк.

Крыніца: газета “Звязда”

Навіны

29–30 красавіка – 1–5 мая 1944 года. 18 тыдняў да Вызвалення

30 Кра 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Мінскае замчышча: раскопкі 2022–2023 гадоў

3 Май 2024

У 2021-м Савет Міністраў зацвердзіў дзяржаўную праграму “Культура Беларусі” на 2021–2025 гады, якая, між іншага, прадугледжвае даследаванне найбольш значных помнікаў гісторыі, у тым ліку мінскае замчышча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

ВПК “Гонар” вывучаў дзейнасць НКУС, міліцыі і піянерыі ў 1941–1945 гг.

25 Кра 2024

22 красавіка для навучэнцаў ваенна-патрыятычнага клуба “Гонар” ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся новы бібліяграфічны ўрок “Роля НКУС, міліцыі і піянерыі ў вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам