ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Рэсурсы віртуальнай чытальнай залы НББ для даследчыкаў-стажораў з Рэспублікі Узбекістан
Золак над апошняй магiстраллю

Паўлюк Трус: паэт крыштальнай чысціні

Паўлюк Трус: паэт крыштальнай чысціні
Іншыя навіны

“Здароў, Паўлюк!” – так пачынаецца ліст Алеся Дудара да Паўлюка Труса. Гэтае маладое заліхвацкае вітанне і цяпер найлепш пасуе да аднаго з самых выбітных паэтаў-маладнякоўцаў, якому напачатку мая грукнула 115 гадоў.

Менавіта так і назвала сваю лекцыю, прысвечаную Паўлюку Трусу, літаратуразнаўца, пісьменніца і настаўніца Ганна Севярынец. Пра паэта яна распавядала ў межах праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва і Выдавецкага дома “Звязда”.

Хлопчык за бараной

Пачала з верша – ці дакладней сказаць – з музыкі? Бо Паўлюк Трус – гэта нават не словы, а музыка. Ну паслухайце – хіба ж не спеў?

А ў палёх, палёх
Ды быльнёг палёг,
Зацвілі сады
Цветам-шэранню.
І ў далёкі край,
За Дунай, Дунай,
Над сялом плывуць
Гусі шэрыя.
Ой, куды, куды
Вы, ды шэрыя гусі,
Ці ж няма вады вам
Тут, на Беларусі?..

Нярэдка паэты пачуваюцца людзьмі лішнімі для сваёй эпохі, і ад таго – самотнымі. Але падобна на тое, што Паўлюк Трус быў чалавекам і паэтам абсалютна свайго часу – з маладым імпэтам, прагай перабудовы жыцця і ўсведамленнем свайго таленту.

“Гэта быў час, калі цяглавітыя беларусы адчулі, што могуць «людзьмі звацца» і ісці некуды ў сваіх марах пра плён. Куды – яны не ведалі, але разумелі, што трэба некуды ісці, як ідзе чалавек за плугам. Тое сялянскае адчуванне цяжкага шляху, які ты ўсё адно павінен прайсці, і якое дасёння закладзена ў нас, было ва ўсіх тых хлопцаў, якія прыходзілі тады ў літаратуру. І не важна, паходзілі яны з сялянскіх палеткаў ці з гарадскога бруку”, – заўважае пісьменніца.

Ганна Севярынец.jpg

Ганна Севярынец

Менавіта на гэтай хвалі ў беларускую літаратуру прыйшоў Паўлюк Трус. У яго была бездакорная для таго часу біяграфія. У адрозненне ад большасці беларускіх паэтаў, ён нарадзіўся ў сапраўды беднай сялянскай сям’і і адпавядаў усім канонам маладога пралетарскага паэта, бо мусіў уздымацца з самай галечы.

Сям’я Труса была з пагарэльцаў, яны пераехалі ў Нізок, што ля Узды, з суседняй вёскі. Бацьку, Адаму, дасталося ўсяго дзве дзесяціны зямлі – гэта вельмі мала для сям’і з чатырма дзецьмі. Паўлюк мусіў пайсці ў парабкі. Калі бацька ўладкаваўся ў пана фурманам, васьмігадовы Паўлюк застаўся старэйшым мужчынам у хаце.

“Ёсць кранальны ўспамін Пятра Глебкі пра дзяцінства Паўлюка, калі яго малога ставілі за канём з плугам ці бараной, і ён павінен быў апрацаваць усе гэтыя няшчасныя дзве дзесяціны. І калі ён ішоў за кабылкай уперад, гэта было не так складана. А вось калі кабылка даходзіла да канца і трэба было паварочваць, тут была праблема, таму што перакінуць барану ў суседнюю раллю хлопчык не цягнуў. І ён садзіўся і рыдаў. Але ж ніхто, апроч цябе, гэтага не зробіць. Тады ён выплачацца, устане, і як-ніяк перакіне гэтую барану”, – малюе літаратуразнаўца карціну цяжкага дзяцінства будучага паэта.

Усеагульны ўлюбёнец

Але Паўлюк хацеў вучыцца. Бацькі ў яго былі непісьменныя, і наогул у яго асяроддзі лічылася, што навука дзецям непатрэбная. Але пасля сямейных спрэчак маці стала на бок сына, і Паўлюка адправілі ў вясковую школу. Там ён адразу ж паказаў сябе найлепшым вучнем, бо быў надта старанным. Настаўнікі хвалілі хлопца, і пасля школы бацька завёз яго ва Узду ў вышэйшую пачатковую вучэльню. Разам з Трусам там вучыліся будучыя маладнякоўцы Пятро Глебка і Алесь Якімовіч.

А ў 1923 годзе Паўлюк з’язджае ў Мінск, каб паступаць у Белпедтэхнікум імя Ігнатоўскага. Ганна Севярынец распавядае, што гэта сапраўды легендарная ўстанова, таму што і выкладчыкі, і вучні яе пакінулі па сабе вялікі след у беларускай культуры.

“Тут выкладалі Якуб Колас, браты Лёсікі, Азбукін, Кіпель, Смоліч, прыходзілі выкладчыкі з БДУ, чытала лекцыі прафесура з Інбелкульту. Белпедтэхнікум быў узорнай установай, арганізаванай, каб рыхтаваць настаўнікаў-беларусістаў, краязнаўцаў, гісторыкаў – фронт тых, хто першым пойдзе на беларусізацыю”, – тлумачыць даследчыца.

Адначасова на розных курсах тут вучыліся Паўлюк Трус, Лукаш Калюга, Сяргей Фамін, Сяргей Дарожны, Валер Маракоў, Зінаіда Бандарына, Наталля Вішнеўская. Міхась Зарэцкі кіраваў тут літаратурным гуртком, Тэраўскі – белпедтэхнікаўскім хорам… Пазней, у 1930-х, калі ў рэзюмэ было пазначана сканчэнне Белпедтэхнікума, да чалавека ўжо былі вялікія пытанні, бо гэта значыла, што ён свядома атрымаў “нацдэмаўскую” падрыхтоўку.

Але да тэрору 1930-х яшчэ далёка, жыццё поўнае надзей, а Паўлюк Трус – усеагульны ўлюбёнец у Белпедтэхнікуме: добра малюе, выдатна спявае, да таго ж – паэт.

Вершы тады пісалі ўсе, казалі нават: дзе паставіш мятлу – там будзе паэт. Але першы надрукаваны верш 20-гадовага Паўлюка Труса “Над возерам” – гэта нешта іншае, адрознае ад таго, што складалі навучэнцы Белпедтэхнікума ў той час. Твор дасканалы і з пункту гледжання вершаскладання, і з пункту гледжання вобразнасці:

Возера дрэмле…
Вербы зялёныя
стан пахілілі
на сонную гладзь,
ў постаці ціхай,
пад ночы апонаю,
сны старажытнасці сняць.
Ўдовы-бярозы
сваімі каралямі
горда глядзяцца
ў люстэрка вады;
ззяюць крыштальнымі,
дзіўнымі хвалямі,
сцелюць на воду
адбіткі-сляды.
Месяц-юнак,
круглаліцы, бялявы,
поглядам ніжа
азёрную глыб,
косы спусціўшы
на ўдумныя з’явы,
ціха плыве
над разлогам сяліб.
Зоры гараць
па-над возерам вольным,
човен цалуе
спакойную сінь,
плаўна калышацца
ўзмахам павольным,
будзіць нямую,
застыўшую плынь.

Ганна Севярынец-1.jpg

Пасля гэтага верша Паўлюк Трус становіцца ці не першым паэтам сярод маладых, пасля Міхася Чарота і Уладзіміра Дубоўкі. Да таго ж ён стаўся аўтарам адной з самых вядомых белпедтэхнікаўскіх песень, напісанай на ўзор папулярных у той час “Кирпичиков”.

Апроч таго разам з Пятром Глебкам і Максімам Лужаніным Паўлюк Трус рабіў вусную газету “Чырвоны прамень”. Выглядала гэта так: раз на тыдзень на якой-небудзь белпедтэхнікумаўскай вечарыне хлопцы давалі нейкія навіны, а заадно прыпячатвалі ў сатырычных вершах студэнтаў і выкладчыкаў. Пры гэтым часта яны эксперыментавалі з формай: не проста выходзілі ўсе разам і чыталі, а заціраліся сярод слухачоў і адзін за адным накрывалі залу сваім гумарам.

“Ад газеты нічога не засталося, бо яна існавала толькі ў вуснай форме. Хіба што некалькі радкоў – і тое іх у прыстойным месцы не цытуюць”, – усміхаецца Ганна Севярынец.

Ліст П.Труса да П.Глебкі.jpg

Ліст Паўлюка Труса да Пятра Глебкі

Таму Паўлюк Трус быў чалавекам заўважным. Яшчэ не скончыўшы вучобу, ён выдаў першу кнігу “Вершы”, і яна адразу становіцца з'явай у літаратурным жыцці.

Закадычным сябрам Труса быў Кузьма Чорны, які рэдагаваў газету “Беларуская вёска”, дзе часта друкаваўся Паўлюк. І калі той прыходзіў у рэдакцыю, пачынаўся рогат, і працаваць было немагчыма.

“Тады Чорны казаў, каб Паўлюк ішоў на калідор і там, уладкаваўшыся на падваконні, што-небудзь папісаў. Той паслухмяна ішоў, пісаў, і калі асабліва добра выходзіла, то рагатаў і там”, – распавядае літаратуразнаўца.

Па яе словах, Чорны вельмі любіў Труса бо той быў блізкі яму ў захапленні вёскай і фальклорам – той базай, з якой вырастае літаратура. Адметна, што ў “Маладняк” Трус прыйшоў не як паэт-чыноўнік, а ўвасабляў менавіта мастацкую моц аб’яднання. Ён увёў у літаратуру рамантычны вобраз беларускай вёскі, якая, зрэшты, тады была патрэбная. Ганна Севярынец зазначае, што і па сёння значэнне Паўлюка Труса ў літаратуры заключаецца ў тым, што ён пераплавіў фальклорнае слова ў мастацкае.

Паміж “Маладняком” і “Узвышшам”

Чалавек вельмі прастадушны, Паўлюк Трус быў з тых, хто не заўважыў пачатку ціску на “Маладняк” у чэрвені 1925 года. Да гэтага часу ўдзельнікі аб’яднання стваралі літаратуру выключна пры дапамозе самакіравання і самаадукацыі. Але са з’яўленнем дакумента “О государственной политике в литературе” гэтая самая літаратура пераўтвараецца ў зброю. У тым жа дакуменце былі прапісаныя “свае”, пралетарскія, пісьменнікі, “ворагі” і “спадарожнікі”. Пачынаецца падзел паэтаў на тых, хто ўсхваляе новы лад, і хто не – пры гэтым мастацкая вартасць твораў ніякай ролі не адыгрывала. Менавіта тады Дубоўка скажа, што “Узвышша” будзе адлюстроўваць палітыку партыі ў тых варунках і межах, у якіх палічыць патрэбным. За што потым і атрымае сваё…

Для Паўлюка Труса надыходзяць складаныя часы. Ён хоча пісаць пра вербалозы, а ад яго патрабуюць, каб ён пісаў пра піянера і трактар. Ён спрабуе, бо вельмі старанны, але разумее, што атрымліваецца блага. Таму калі пачынаецца адыход “Узвышша” ад “Маладняка”, Паўлюк Трус вырашае ісці за “Узвышшам”.

Гэтая гісторыя стала адной з самых скандальных у даваеннай беларускай літаратуры. Трус падае заяву на сыход з “Маладняка”, прычым на пасяджэнні, на якім адбываўся гэты сыход, прысутнічаюць усе высокія чыны, нават Мікалай Галадзед. Але на наступны дзень на Труса націснулі, і ён друкуе ў “Савецкай Беларусі” адмову ад сваёй заявы і вяртаецца ў “Маладняк”. Ва “Узвышшы” гэта ўспрынялі як здраду.

Для самога Паўлюка гэта былі вельмі драматычныя абставіны. Потым ён прасіўся ў Глебкі, каб яго прынялі назад, бо ён не хацеў заставацца ў “Маладняку”, бачачы, што аб’яднанне пераўтвараецца ў ідэалагічны інструмент.

Вакол Паўлюка Труса ўсчынаецца вір, і таму пасля заканчэння Белпедтэхнікуму ў 1927 годзе замест паступлення ў БДУ, ён з’язджае ў Гомель і працуе ў “Палескай праўдзе”. Пры гэтым яго чакаюць у любой мінскай рэдакцыі, а яго творы на філфаку ўключаныя ў праграму па літаратуры. Але Паўлюк з’язджае, каб застацца сам-насам з сабой. Ён ездзіць па вёсках з лекцыяй “Беларусь і сучасная культура”, і з вакальнымі нумарамі. Вандруе адзін і цягне беларушчыну на зрусіфікаваную Гомельшчыну, якая толькі-толькі была далучаная да БССР. Там жа пачынае эксперыментаваць з жанрамі і формамі, піша санеты, трыялеты, вершы са складанай рыфмай і ў прозе.

Ганна Севярынец-2.jpg

У гэтым жа годзе выходзіць другі зборнік вершаў Труса “Ветры буйныя”, які ўшчэнт разносіць у сваёй рэцэнзіі Алесь Дудар пад псеўданімам Тодар Глыбоцкі. Аднак Трус успрынячў гэтую крытыку як навуку і ўбачыў у ёй магчымасці для далейшага развіцця. Але часу ў яго на гэта заставаўся толькі год…

"Хлопцы, я пайду"

У 1928 годзе Паўлюк вяртаецца ў Мінск і паступае ў БДУ. Але сітуацыя змянілася. Ва “Узвышша”, дзе былі яго сябры, яго так і не прынялі, дзяўчына, якую кахаў, не адказвала ўзаемнасцю. Да таго ж ён зусім не п’е, таму “ўліцца” ў якую-небудзь кампанію ў яго не атрымліваецца. Часам пры сустрэчах ён замаўляе сабе піва, каб быць падобным да іншых, але не п’е нават і яго, і адчувае сябе самотным. Павесяліцца ўдавалася хіба што з суседам па кватэры Міколам Хведаровічам, разам з якім пад псеўданімам Себасцьян Сатробінскі яны выдаюць зборнік літаратурных пародый.

Улетку 1929 года пасля першага курса Паўлюк Трус адзін пешшу выпраўляецца ў падарожжа па Магілёўшчыне. Вяртаючыся, ён падыходзіць да Ждановічаў і спыняецца ў сяброў – Глебкі і Хведаровіча, – якія знаходзяцца там на адпачынку. Хведаровіч успамінае, што ў адзін з вечароў, 29 жніўня, Паўлюк лёг ля вогнішча, а на твары ў яго выступілі буйныя кроплі поту. Звычайна вясёлы, ён у той вечар быў сам не свой. Крыху паляжаў, а потым сказаў: “Хлопцы, я пайду”. І пайшоў у Мінск, у лякарню, дзе яго прынялі з тэмпературай 39. Не стаў казаць, што ён паэт, а назваўся студэнтам. Таму ім моцна не займаліся, паклалі ў калідоры, і там на наступны дзень, 30 жніўня, ён памёр ад тыфу. Яму было 25 гадоў.

Білет Паўлюка Труса.jpg

Членскі білет Паўлюка Труса з Палескага аддзялення Усесаюзнай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў

Потым, калі зразумелі, што сканаў паэт, узняўся вялікі вэрхал, і ніхто не мог паверыць, што Паўлюка не стала. Гэта была першая смерць у маладой беларускай літаратуры.

“Хавалі яго ўсім Мінскам на Вайсковых могілках. Яго неслі на руках ад Дома пісьменніка (стаяў прыкладна насупраць сённяшняга КДБ. – НЧ), хаця быў адмыслова выдзелены катафалк, запрэжаны белымі коньмі, – распавядае Ганна Севярынец. – Тады на могілках сабраліся ўсе, гэта быў дзень, калі расколатая беларуская літаратура ўз’ядналася, каб праводзіць Паўлюка. Не было толькі Дубоўкі, бо ён быў у Маскве, і Дудара, бо той быў у высылцы. Вянок з вершаў Трусу склалі некалькі дзясяткаў паэтаў – усе яны адгукнуліся на смерць Паўлюка. І выбухам негадавання сустрэлі выступ нейкага камсамольскага функцыянера, які сказаў, што на месца Труса прыйдуць тысячы новых Трусаў”.

Замест Паўлюка Труса ў беларускую літаратуру так ніхто і не прыйшоў. Па словах Ганны Севярынец, ён стаў адзіным у сваім родзе “паэтам крыштальнай чысціні” і незвычайнага прыроднага таленту. І хто ведае – можа, такім чынам ён забяспечыў сабе лепшы сыход, чым той, які б, безумоўна, чакаў яго напыканцы 1930-х. Тады сталі з’яўляцца спробы нападак на Труса і абвінавачванняў яго ў “нацдэмаўшчыне”, але ж з мёртвымі, як вядома, не ваююць…

Аўтар публікацыі: Дзіяна Серадзюк.

Крыніца: Новы час

Навіны

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў ДУА "Сярэдняя школа № 62 г. Мінска" ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны”

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс узяла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам