ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Чым маладая беларуская літаратура зацікавіла чэхаславацкую прэсу
Да 100-годдзя з дня нараджэння ветэрана Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Варвары Міронаўны Сіленка

Прэзентацыя “энцыклапедыі” беларускай эстрады

Прэзентацыя “энцыклапедыі” беларускай эстрады
Іншыя Навіны

Іначай, як сапраўдным энцыклапедычным даведнікам, працу вядомага беларускага музыказнаўцы Вольгі Брылон “Белорусская эстрада. Ностальгический дивертисмент: История эстрады Белорусской государственной филармонии: 1930–1980-е годы” і не назавеш.

Брылон-Эстрада.jpgВыданне, паколькі з'яўляецца першым даследаваннем тэмы, дае ўнікальную магчымасць згадаць перыяд, калі эстрада ў нашай краіне была багатай на адметныя падзеі і мела шырокую палітру для творчасці выбітных асоб, пра якіх мы і даведваемся са старонак кнігі.

Кніга, якая толькі што пабачыла свет, уражвае сваімі памерамі. Нават задумваешся, ці пад сілу было гэта зрабіць аднаму чалавеку – сабраць столькі інфармацыі, знайсці мноства фотаздымкаў, рознага характару дакументаў, архіўных матэрыялаў. Вольга Брылон справілася з гэтым клопатам на высокім узроўні. Няма ніякіх сумненняў, што кніга выкліча цікавасць і ў чытачоў-спецыялістаў, ды і ва ўсіх, хто неабыякавы да гісторыі беларускай эстрады.

Напярэдадні прэзентацыі распыталі аўтара пра сапраўдных творцаў, якіх варта памятаць і на якіх трэба раўняцца.

Вольга Герцаўна, у сваёй новай кнізе “Белорусская эстрада. Ностальгический дивертисмент” вы даследуеце пяцьдзясят гадоў гісторыі беларускай эстрады. Як узнікла ідэя правесці такую працу?

Зацікаўленасць тэмай, безумоўна, была задоўга да таго, як я пачала пісаць кнігу. Думаю, каб займацца такой справай, трэба мець і душэўную цягу. Нядаўна пераглядала асабісты архіў і знайшла там сваю першую публікацыю 1987 года ў часопісе “Мастацтва” пра рок-музыку. А калі я працавала на радыё ў 90-я гады, то гэтая зацікаўленасць толькі ўзмацнілася. Менавіта там адбылося маё знаёмства з беларускай эстрадай і яе артыстамі, якіх часта можна было сустрэць у калідорах Дома радыё.

Разам з тым больш за 30 гадоў я ўжо працую ў Белдзяржфілармоніі. І тут таксама многіх артыстаў сустракала. Маё захапленне беларускай эстрадай пачалося з “Песняроў”, а пасля адбылося больш глыбіннае вывучэнне іх творчасці, калі рабіла праграмы пра калектыў для эфіру. Важным паваротным момантам, думаю, можна лічыць і працу над папярэдняй кнігай “Владимир Мулявин и Лидия Кармальская. Недосказанное…”. Яе мы пісалі з дачкой Уладзіміра Георгіевіча Марынай. Яна запрасіла мяне дапамагчы ёй разабраць сямейныя архівы, лісты, перапіску бацькоў. У выніку выйшла кніга. Аднак хачу заўважыць, што для мяне заўсёды мае вялікае значэнне не толькі тэкст, але і яго візуальнае суправаджэнне. Таму, працуючы ўжо над “Белорусской эстрадой...”, я разумела, што не магу аддаць свае напрацоўкі, тэкст і фатаграфіі ў рукі нейкага ўяўнага дызайнера. А паколькі ўжо быў вопыт супрацоўніцтва з высокапрафесійным майстрам дызайну Сяргеем Махавым, які афармляў наша папярэдняе выданне, то падумала, што новую кнігу магу рабіць толькі з ім і больш ні з кім. У мяне сабралася вялікая колькасць матэрыялу, які хацелася зрабіць даступным шырокай аўдыторыі. У тым ліку і таму, што хацелася выказаць сваё эмацыянальнае стаўленне да творчых людзей таго часу, але каб гэта было лёгка і жыва, без сухой статыстыкі...

Кніга ў вас мае прысвячэнне Ігару Паліводу...

На жаль, яго ўжо няма ў жывых. Тое пакаленне вялікіх людзей ужо сыходзіць. Але мне пашчасціла сябраваць з ім і з яго сям'ёй. Ігар Пятровіч з 1959 да 1964 года працаваў мастацкім кіраўніком у Белдзяржфілармоніі, потым быў яшчэ дырэктарам Опернага тэатра, працаваў начальнікам упраўлення мастацтваў у Міністэрстве культуры... Гэтага чалавека памятаюць усе артысты старэйшага пакалення. Ён сам быў выбітным музыкантам і, як чалавек творчы, добра разумеў артыстаў. Ігар Пятровіч, паколькі бачыў маю зацікаўленасць беларускай эстрадай, аднойчы сказаў: “Вольга, калі вы не зробіце такую кнігу, то яе ніхто не напіша”. І тая думка пачала жыць у маёй галаве. А потым, праз некалькі гадоў пасля выхаду першай кнігі, мне стала канчаткова зразумела, што трэба рэалізаваць задуманае. На шчасце, яшчэ ёсць людзі, якія могуць распавесці пра той перыяд. Некаторыя сустрэчы мне арганізоўвала Марына Мулявіна. Таксама працавала я ў архівах, сустракалася з родзічамі вядомых людзей. Увогуле, гэта вялікая справа, калі ты спачатку маеш проста пэўнае ўяўленне пра чалавека, а пасля чуеш аповеды пра яго ад яго дзяцей, блізкіх, трымаеш у руках яго фотаздымкі, афішы і так паступова пачынаеш бачыць карціну ва ўсёй паўнаце. Вобраз асобы нібы ўзнікае з туману. Галоўнае – усё робіцца з любоўю, а не проста зводзіцца да пералічэння падзей і фактаў. І першапачаткова я ставіла сабе мэту паказаць артыстаў так, каб імі зацікавіліся і захапіліся, бо мне важна абудзіць інтарэс да тых, хто несправядліва забыты. Гэтыя людзі вартыя таго, каб іх успомнілі і захавалі памяць пра іх.

Пад вокладкай адной кнігі вы сабралі неверагодныя біяграфіі і лёсы людзей, якія служылі мастацтву ў няпростых умовах. Што можна сказаць пра эстраду таго перыяду, калі глядзець на яе праз прызму грамадска-палітычных падзей?

Я таксама неаднойчы думала пра тое, як людзі з трагічнымі лёсамі і ў складаных жыццёвых абставінах знаходзілі сілы тварыць. Мы ў параўнанні з імі – проста ныцікі! Здаецца, дэвізам гэтага пакалення былі словы “Устань і ідзі!” Яны ж перажылі жудасныя рэчы... Напрыклад, Ігар Пігулеўскі (акрабат, артыст арыгінальнага жанру) падчас вайны некалькі разоў трапляў у палон, але знаходзіў сілы збегчы адтуль. А Зінаіда Сысоева, якая засталася ў акупаваным Мінску адна з маці і сямігадовай дачкой (яе муж загінуў у Брэсцкай крэпасці ў першыя дні вайны), уладкавалася ў Мінскі гарадскі тэатр працаваць танцоўшчыцай. Пасля ж яе абвінавацілі ў супрацоўніцтве з немцамі і адправілі ў лагер. І пасля вайны страшных гісторый хапала. Піяніст Уладзімір Нікалаеў неяк у сяброўскай кампаніі сказаў, быццам у Германіі дарогі добрыя, і тут жа на чалавека напісалі данос і саслалі. А ў турме яму пераламалі ўсе пальцы. Аднак ён здолеў вярнуцца і аднавіцца, пасля працаваў у філармоніі... Людзі, нягледзячы ні на што, знаходзілі ў сабе сілы жыць: уставаць і ісці далей. Мужнае і гераічнае было пакаленне!

Не менш уражваюць і факты перыяду “культуру ў масы”, калі вы пішаце пра план, які павінны былі выконваць артысты: “840 канцэртаў у год, што складала 70 канцэртаў у месяц для трох брыгад... Найбольшую колькасць канцэртаў належала адпрацаваць у сельскай мясцовасці”...

Было такое і ў 80-я гады. Зараз такую колькасць канцэртаў нам ужо складана ўявіць, а тады працавалі, прычым некаторыя нават «перавыконвалі план». Я вось успамінаю (гэта не Мінскай філармоніі датычыцца, але было вельмі распаўсюджана) з біяграфіі Мулявіна і Кармальскай: калі яны яшчэ жылі ў Томску, то з'язджалі на канцэртную сесію на некалькі месяцаў і рабілі там норму па канцэртнай дзейнасці з запасам, а потым адпачывалі. Такія былі тэмпы. Я нават з уласнага вопыту згадваю, як давалі ў дзень па шэсць канцэртаў! Але ўсё роўна тады было прасцей, паколькі артысты займаліся толькі творчасцю, а ўсе арганізацыйныя пытанні ўжо вырашаліся іншымі. Былі адміністратары, якія забяспечвалі артыстаў заробкам. А тыя ў сваю чаргу прыязджалі да людзей і дарылі ім радасць і сапраўдныя эмоцыі. Калі гледачам прывозілі не толькі песні, але і танцавальныя, і акрабатычныя нумары, то гэта заўсёды запаміналася і выклікала вялікае захапленне.

Калі звярнуцца да жанраў эстрады, то якія цяпер беззваротна страчаны?

Вельмі шкада цыркавыя жанры. Яны ж заўсёды з'яўляюцца ўпрыгожваннем любага канцэрта. Але, на жаль, эстрадна-цыркавыя жанры страчаны. Цудоўныя некалі былі таксама ілюзіяністы і жанглёры. Я ў кнізе, напрыклад, апублікавала нарыс пра Анатоля Дудкіна, бліскучага майстра жангляжу. Быў таксама вялікі пласт артыстаў-канферансье (артысты размоўнага жанру). Яны ўсе былі розныя і па-свойму цікавыя. А гумар на канцэрце – важны складнік. Паглядзіце, як жартуе Максім Галкін. Ён інтэлектуал, і яго жарты, рэпрызы і пародыі зроблены на найвышэйшым узроўні. У гледача такое майстэрства заўсёды выклікае захапленне. У свой час артыстаў падобнага жанру было вельмі шмат, а вось сёння размоўны жанр і ўвогуле жанр пародый на беларускай эстрадзе практычна вымер. Засталіся ў асноўным толькі спевакі. Упэўнена, без падмурку пасляваеннай эстрады з яе разнастайнымі жанрамі не было б і “Песняроў”, і іншых папулярных артыстаў.

Ці можна сказаць, што падтрымка таленавітых людзей з боку Белдзяржфілармоніі спрыяла таму, наколькі яны раскрываліся ў творчасці?

Гэта ўплывала, таму што кіраўнікі філармоніі і прадстаўнікі Міністэрства культуры – яны літаральна, кажучы сучаснай мовай, займаліся прадзюсіраваннем таленавітых людзей. Варта было чалавеку заявіць пра сябе на нейкім конкурсе самадзейнасці, як адразу яго прыкмячалі і прапаноўвалі працу. Згадаць хаця б гісторыю калектыву “Чараўніцы”, што спачатку ўзнік у Гродзенскім палацы культуры тэкстыльшчыкаў. “Чараўніцы” перамаглі на рэспубліканскім конкурсе “З песняй па жыцці”, і тут жа Міністэрства культуры падрыхтавала глебу, каб забраць калектыў у Мінск.

Але ўсё ж такі перш-наперш усё залежыць ад чалавека. На вашу думку, чаму сучасным эстрадным артыстам можна павучыцца ў папярэднікаў?

У той час не было ў людзях такога прагматызму. Творчыя асобы – заўсёды ж на сваёй хвалі! Калі чалавек па-сапраўднаму захоплены творчасцю, то ўсё астатняе для яго другаснае. У беларускіх савецкіх артыстаў эстрады, пра якіх пішу ў кнізе, было значна больш альтруізму ў адносінах да працы і значна больш адказнасці за вынік. Але была і яшчэ адна, бадай, самая галоўная акалічнасць. Дзяржава ў асобе філармоніі давала артыстам прытулак, заробкі, планавала гастролі, забяспечвала рэкламу, шыла канцэртныя строі. Такія камфортныя ўмовы як нельга лепш спрыялі творчаму росквіту. А зараз артысты прадастаўлены самі сабе. Каб прабіцца, патрэбны прадзюсар і грашовыя выдаткі. Але сапраўдных АСОБ на эстрадзе мала. Бо галоўнае – талент, харызма і працаздольнасць, паколькі менавіта гэтыя якасці даюць сапраўдную любоў і прызнанне гледачоў – на шмат гадоў, а не на адзін дзень. Як гаварыў выдатны беларускі эстрадны спявак Эдуард Міцуль, “любы артыст павінен мець свой твар, іначай не варта выходзіць на сцэну”...


14 снежня а 17-й гадзіне ў “Акадэмкнізе” адбудзецца прэзентацыя выдання Вольгі Брылон.

Сярод ганаровых гасцей імпрэзы – сузаснавальнік ВІА “Песняры” Уладзіміра Мулявіна, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзіслаў Місевіч, а таксама старэйшая дачка “песняра” Марына Мулявіна.

Аўтар публікацыі: Алена Драпко.
Крыніца: Звязда

Навіны

“На ўсходзе сонца”: заключны фільм кінатрылогіі “Доўгія вёрсты вайны”

19 Вер 2024

18 верасня зала дакументаў па мастацтве (пам. 306) у чарговы раз стала месцам прыцягнення прыхільнікаў творчасці Васіля Быкава і экранізацый яго глыбокіх твораў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Кніга – лепшы падарунак

19 Вер 2024

Напярэдадні святкавання Дня бібліятэк у рамках дабрачыннай акцыі “Год якасці: фарміруем фонды разам”, якая праводзіцца з мэтай дакамплектавання фондаў бібліятэк краіны, супрацоўнікі аддзела камплектавання фондаў на працягу ўсяго святочнага тыдня наведвалі бібліятэкі Рэспублікі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

У Сафіі адзначылі Дзень народнага адзінства

18 Вер 2024

17 верасня да Дня народнага адзінства ў Рускім Доме ў Сафіі адкрылася фотавыстава “Беларусь: прыгожыя імгненні”, падрыхтаваная Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з тэлеканалам “Беларусь 24”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Танкіст-ас

20 Вер 2024

Званне Героя Савецкага Саюза Вітольду Міхайлавічу Гінтаўту (1922–1987) прысвоена Указам Прэзідыума Вярхоўнога Савета СССР ад 24 красавіка 1944 года “за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым адвагу і геройства”.

Праект "Імёны Герояў бессмяротныя"

Віншуем з юбілеем Наталлю Паўлаўну Алейнікаву!

18 Вер 2024

Наталля Паўлаўна, прыміце ад усяго калектыву Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі віншаванні з цудоўнай юбілейнай датай! Моцнага здароўя на доўгія гады, невычэрпнага жаночага шчасця, багацця, цяпла ў доме і гармоніі ў душы. Няхай усё складаецца ўдала і гарманічна, жыццё будзе напоўнена яркімі фарбамі і толькі добрым настроем! Хай блізкія акружаюць клопатам і любоўю, спраўджваюцца самыя смелыя і грандыёзныя мары.

Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах

Уладар дзіцячых мар

17 Вер 2024

Юбілейная кніжная выстаўка “Уладар дзіцячых мар”, прысвечаная 75-годдзю беларускага пісьменніка Аляксея Мікалаевіча Якімовіча, праходзіць з 17 верасня па 20 кастрычніка ў зале беларускай літаратуры (пам. 205).

Кніжныя выстаўкі

Бібліятэкарам