ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Наперад у мінулае
Паэзія ў магілёўскіх тралейбусах

Старонкі жыцця Максіма Горкага

Старонкі жыцця Максіма Горкага
Іншыя навіны

Сёлета споўнілася 145 гадоў з дня нараджэння рускага пісьменніка Максіма Горкага.


У ХХ стагоддзі такая падзея адзначалася б шырока. У гонар пісьменніка амаль у кожнай сталіцы былога Савецкага Саюза стаяў помнік, былі названы вуліца, тэатр, што ставіў спектаклі паводле яго твораў.

Сёння спектаклі ідуць, але рэпертуар ужо не такі вялікі. І справа не ў тым, што напісанае Горкім састарэла – многія праблемы, якія ўздымаў пісьменнік, па-ранейшаму актуальныя. Змяніліся ўяўленні пра ідэалы, змянілася жыццё, якое прынесла новыя творы, жанры, светапогляд.

Максім Горкі, вялікі пісьменнік свайго часу, назаўжды застанецца ў гісторыі літаратуры. Але зусім не кожны вучань старэйшых класаў адкажа на пытанне: “Хто такі Аляксей Максімавіч Пешкаў?” І, магчыма, не кожны наведвальнік Цэнтральнага дзіцячага парку ў Мінску скажа, каму там усталяваны помнік.

Аляксей Пешкаў – чалавек са складаным лёсам. Беларускія энцыклапедыі падаюць інфармацыю пра яго так: “Рускі пісьменнік, грамадскі дзеяч, творчасць якога зрабіла вялікі ўплыў на сусветны літаратурны працэс, спрыяла ўздыму ідэйна-эстэтычных прынцыпаў беларускай літаратуры”. Крытыкі характарызавалі Горкага як супярэчлівую асобу: рэаліст і адначасова рамантык, гатовы памерці за тое, у што верыць.

Але пакінем разважанні пра творчасць літаратуразнаўцам і крытыкам. Звернемся да ліній жыцця, якія перакрыжоўваліся з сям’ёй Багдановічаў. Калісьці ў Мінску было шмат “Максіма Горкага”, а сёння засталіся тэатр і помнік. А яшчэ месца, дзе Аляксея Максімавіча згадваюць як блізкага сябра Адама Ягоравіча Багдановіча, сваяка гэтай сям’і, творчую асобу, якая, магчыма, паўплывала на вызначэнне шляху Максіма Багдановіча.

У 1896 г. Адам Багдановіч з дзецьмі пераязджае з Гродна ў Ніжні Ноўгарад з-за пераводу яго на новае месца працы. Такім чынам, у сям’і Багдановічаў пачаўся новы перыяд. У аўтабіяграфічных успамінах Адам Багдановіч згадваў:

“Переселяясь на работу в Нижний, я запасся в Минске рекомендательными письмами от товарищей-народовольцев к разным лицам в Нижнем. В том числе у меня было письмо от писателя Е.Н. Чирикова к А.М. Пешкову (М. Горькому) – писателю, мне не известному, но которого мне рекомендовали как знатока Поволжья и Нижегородского края”.

Дзякуючы іх знаёмству і сяброўству з’явіліся “Страницы из жизни Горького”, якія дапамагаюць не толькі даследаванню жыцця і творчасці рускага пісьменніка, але і вывучэнню асяроддзя сям’і Багдановічаў.

Горкі і Адам Багдановіч заўжды знаходзілі агульную мову. Асабліва цікавай тэмай для іх былі кнігі. Было нават спаборніцтва па складанні асабістых бібліятэк. Максім Горкі да апошніх гадоў вельмі высока ацэньваў Адама Багдановіча як вучонага. Любоў да кніг, жаданне браць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, некаторае падабенства лёсаў – усё гэта яднала іх.

Некаторы час сем’і Пешкавых і Багдановічаў былі звязаны сваяцкімі адносінамі. Адам Ягоравіч ажаніўся з Аляксандрай Волжынай – роднай сястрой Кацярыны Пешкавай, жонкі Максіма Горкага. У Літаратурным музеі М. Багдановіча захоўваюцца шлюбныя фотаздымкі Адама Багдановіча і Аляксандры Волжынай. На жаль, нядоўгі лёс быў накаваны гэтаму прыгожаму саюзу: праз год Аляксандра памерла пасля нараджэння дзіцяці. Маленькага хлопчыка Шурыка забралі выхоўваць да сябе Кацярына Пешкава і Максім Горкі.

Агульнае гора аб’яднала гэтых людзей. Але шмат у іх было асабістага, добрага і шчаслівага. Магчыма, таму Адам Ягоравіч лічыў сваім гонарам напісаць успаміны пра Максіма Горкага, яго ніжагародскі перыяд. Адам Багдановіч быў адным з самых блізкіх сведак уваходжання Максіма Горкага ў “вялікую” літаратуру, росту яго славы і папулярнасці, літаратурнага трыумфу. Пра гэта ў 1928 і часткова ў 1935 гадах ён напісаў успаміны “Страницы из жизни М. Горького”, якія захоўваюцца ў фондах Літаратурнага музея М. Багдановіча. Успаміны, напісаныя з вялікай павагай і сардэчнасцю, дазваляюць чытачу разгледзець усе падзеі і згаданых асоб скрозь прызму ўспрымання сведкі-аўтара, разумнага, назіральнага, шчырага чалавека.

Хочацца спыніцца толькі на адным з момантаў, які характарызуе стаўленне Адама Багдановіча да Максіма Горкага. Пасля выхаду ў свет успамінаў Іван Плехан, сябра Адама Багдановіча з часоў вучобы ў настаўніцкай семінарыі, зрабіў непрыемную заўвагу. Гэта так пакрыўдзіла Адама Ягоравіча, што ў лісце да пляменніцы Веры Гапановіч ён пісаў:

“…Я был счастлив в друзьях, и никого изних не осталось, кроме Плехана, с которым не так давно рассорился вполне и окончательно. При его крайнем самомнении, он с годами основательнопоглупел. Ссора вышла из-за моих воспоминаний о Горьком. Ты их читала. И кто их только не читал – все хвалят и особо выделяют из числа других. Рецензенты в печати хвалят. В “Литер. Обозр.” 5 за 38 г. И. Сергиевский, наиболее видный критик, говорит: “Они написаны живо, выразительно. Очерченный в них образ Горького конкретен и динамичен”. И так далее. А мой старый друг, обязанныймне всей своей карьерой, пишет: “Половину прочитал внимательно, а остальное только просмотрел: надоело, противно стало: детские мысли, всё весьма поверхностно, а главное – враньё и самовосхваление, самореклама&hellip” Ну, знаешь ли – всему есть предел. Но обвинять человека во лжи и своекорыстных целях за счёт популярности своего старого друга – это уже слишком! При том же я писал о том, что совершилось на глазах Ек. П., которая всё это читала в рукописи и никаких замечаний и поправок не сделала...”.

Магчыма, такім чынам Адам Багдановіч спрабаваў сцвердзіцца як мемуарыст і адначасова паказаць сябе сябрам, які паважліва ставіцца да жыцця рускага класіка.

І сапраўды, сяброўскія і сваяцкія адносіны, скаваныя агульнымі стратамі любімых людзей, назаўжды захавалі Максім Горкі, Кацярына Пешкава і Адам Багдановіч. Пра гэта сведчыць іх перапіска. У архіве Адама Ягоравіча, які захоўваецца ў фондах Літаратурнага музея М. Багдановіча, ёсць 29 лістоў і паштовак К. Пешкавай да А. Багдановіча за перыяд 1924–1940 гг. Усе яны прасякнуты цеплынёй, клопатам, увагай, жаданнем дапамагчы Адаму Ягоравічу ў яго нялёгкім жыцці: “Дорогой Адам Егорович! Давно ничего о Вас не знаю – как Вы живёте после трудной зимы? Напишите”. (К. П. Пешкава – А.Я. Багдановічу. Масква. 22.06.1932; ліст з фондаў Літаратурнага музея М. Багдановіча). Адам Ягоравіч паважаў Кацярыну Паўлаўну, яны сябравалі і падтрымлівалі адно аднаго.

Захавалася і апублікавана частка перапіскі Максіма Горкага з Адамам Багдановічам (у фондах музея захоўваюцца копіі лістоў). Гэта вельмі цёплыя лісты з сардэчнай сяброўскай зацікаўленасцю справамі адзін аднаго. Успаміны Адама Багдановіча па-рознаму ўспрымаліся раней. Такое ж рознае стаўленне да іх і сёння. Для музея Максіма Горкага ў Ніжнім Ноўгарадзе,магчыма, гэта толькі яшчэ адна версія жыцця пісьменніка сярод тысяч падобных успамінаў. Для Літаратурнага музея М. Багдановіча гэта вельмі важкая старонка ўзаемаадносін паміж А. Багдановічам і М. Горкім.

Ці аказаў уплыў Горкі на нашага Максіма Багдановіча? Несумненна, сустрэча юнага Багдановіча з Горкім узмацніла яго ўвагу да літаратуры, дала магчымасць усвядоміць наяўнасць уласнага таленту, паўплывала на абранне жыццёвага шляху. Творы Горкага дапаўнялі і ўзбагачалі сферу жыццёвых уражанняў Багдановіча. Малады паэт адчуваў у іх падтрымку для сваіх наватарскіх пошукаў.

На думку літаратуразнаўцы Цімафея Ліякумовіча, творчая арыентацыя на горкаўскія мастацкія адкрыцці садзейнічала больш поўнаму выяўленню самабытнага паэтычнага майстэрства маладога Максіма. Так, напрыклад, ёсць меркаванне, што падарунак Горкага бацьку Максіма – рэпрадукцыя карціны Рафаэля “Сіксцінская мадонна” – ускосна паўплываў на з’яўленне ў паэзіі Максіма Багдановіча пяшчотнага вобраза жанчыны-маці.Магчыма, дзякуючы гэтаму з’явіліся цудоўныя радкі, прысвечаныя захапленнюжанчынай, узнік цыкл вершаў “Мадонны”.

Ц. Ліякумовіч адзначае, што “нельга абыходзіць уплыў Максіма Горкага натворчы лёс М. Багдановіча, нават з поўным правам можна сцвярджаць, штогоркаўскія традыцыі спрыялі больш поўнаму выяўленню адметнага, уласнага таленту Максіма Багдановіча, паспяховаму вырашэнню тых творчых задум, якія паэт ставіў перад сабой, а значыць, і ідэйна-эстэтычнаму ўзбагачэннюбеларускай літаратуры”. Пры гэтым мастацкая індывідуальнасць беларускага паэта не абязлічвалася.

Адам Багдановіч звярнуў увагу рускага пісьменніка на творы свайго сына не адразу. У 20-я гады ХХ стагоддзя, калі ішоў збор асабістай і творчай спадчыны Максіма Багдановіча, рускі пісьменнік у лісце да Адама Ягоравіча паведамляў: “Максим не писал мне и книги своей не присылал”. І ўсё ж вершыбеларускага паэта прыцягнулі ўвагу М. Горкага: у яго бібліятэцы знаходзіўся першы том “Твораў” Багдановіча пад рэдакцыяй І. Замоціна, выдадзены ў Мінску ў 1927 годзе. Хоць гэту кнігу падараваў Горкаму бацька паэта, не выклікае сумненняў, што рускі пісьменнік чытаў вершы і цікавіўся творчасцю Максіма Багдановіча, якога ведаў калісьці маленькім хлопчыкам. Нездарма Горкі назваў Максіма “слаўным паэтам”.

Сёння складана ўявіць, як новыя пакаленні будуць пазіраць на горкаўскія часы, якія няпроста зразумець ужо нашым сучаснікам. Адно вядома: творы пісьменніка і ў будучым ярка адлюструюць яго эпоху, пакажуць складанасці станаўлення і рускай, і беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя.

Час усё расстаўляе па сваіх месцах. Адам Багдановіч у гісторыі застаецца, у першую чаргу, не як знаёмы Максіма Горкага, а як бацька Максіма Багдановіча, класіка беларускай літаратуры, імя якога носіць цяпер былая вуліца Максіма Горкага. Але нават тады, калі час мяняе шыльды, Асоба застаецца важнай для сусветнай гісторыі, для людзей, якія былі з ёй звязаныя.

Аўтар публікацыі: Ірына Шорац

Крыніца: газета “Літаратура і мастацтва”

Навіны

29–30 красавіка – 1–5 мая 1944 года. 18 тыдняў да Вызвалення

30 Кра 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Мінскае замчышча: раскопкі 2022–2023 гадоў

3 Май 2024

У 2021-м Савет Міністраў зацвердзіў дзяржаўную праграму “Культура Беларусі” на 2021–2025 гады, якая, між іншага, прадугледжвае даследаванне найбольш значных помнікаў гісторыі, у тым ліку мінскае замчышча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

ВПК “Гонар” вывучаў дзейнасць НКУС, міліцыі і піянерыі ў 1941–1945 гг.

25 Кра 2024

22 красавіка для навучэнцаў ваенна-патрыятычнага клуба “Гонар” ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся новы бібліяграфічны ўрок “Роля НКУС, міліцыі і піянерыі ў вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам