ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Увесь дзень – “Маладняк”
Віртуальная выстаўка пра тайны беларускага арнаменту

«Я пакінуў у дарозе многа…»

«Я пакінуў у дарозе многа…»
Іншыя навіны

Працягваецца сумесны праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі "На хвалі часу, у плыні жыцця". Новы раздзел праекта прысвечаны Уладзіміру Хадыку.

Да 115-годдзя Уладзіміра Хадыкі.

З сяброў сваіх я самы сціплы лірык,
У кішэнях вершаў нават не нашу.

Так з гумарам ахарактарызаваў сябе сам паэт у вершы, але ці такі ён быў насамрэч? Сціплы чалавек, добры сябра і паэт, які пакінуў пасля сябе поўныя суму і трывогі вершы.

Вось як апісаў маладога паэта ў сваёй кнізе Аляксей Зарыцкі: «…прыгожы, русагаловы чалавек. Жывыя, трошкі насмешлівыя вочы надаюць ягонай маладой прыгажосці прывабнасць і абаянне высокай адухоўленасці. Гэта ён, наш агульны любімец, Уладзімір Хадыка. Сабрацці па пяру любяць яго за дабрыню і дасціпнасць, і, вядома, за вершы, зайздросна добрыя самабытныя вершы».

Уладзімір Хадыка – беларускі паэт і перакладчык – пражыў нядоўгае жыццё, усяго 35 гадоў, яго біяграфію можна выкласці на адной старонцы. Самае апошняе, найбольш поўнае выданне твораў паэта «На ўзвеях дзён» (1986) – невялікая кніжачка, куды ўвайшлі творы з папярэдніх зборнікаў, а таксама вершы, апублікаваныя на старонках «Маладняка», «Узвышша», «Савецкай Беларусі» і іншых выданняў у 1926–1936 гадах.

Архіў аўтара, на жаль, не захаваўся. Застаецца толькі даследаваць яго творчую спадчыну. Неабходна грунтоўнае тэксталагічнае вывучэнне вершаў, таленавітасць якіх была ацэнена самім Купалам. Нацыянальная бібліятэка Беларусі падрыхтавала віртуальны раздзел, прымеркаваны да юбілею Уладзіміра Хадыкі, у межах праекта «На хвалі часу, у плыні жыцця». Тут прадстаўлены прыжыццёвыя выданні. Фотаздымкаў захавалася вельмі мала, але дзякуючы партнёрам у фотагалерэі размешчаны каштоўныя дакументы: білет сябра «Маладняка» № 22; членскі білет Саюза пісьменнікаў СССР; анкета ўдзельніка 1-га з’езда «Маладняка», у працы якога юбіляр прымаў удзел; ліст да Хайноўскай Марыі Канстанцінаўны – супрацоўнiцы Дома пiсьменнiкаў, напісаны яго рукой.

* * *

Уладзімір Хадыка нарадзіўся ў вёсцы Цітва Ігуменскага павета (цяпер Пухавіцкі раён) у шматдзетнай сям’і селяніна-парабка. Звыклы да цяжкай працы, з дванаццаці гадоў ён таксама пачаў парабкаваць. Але яшчэ з ранняга дзяцінства ў гэтым хлопчыку прачнулася цяга да вучобы і ведаў. Ён зацікавіўся кнігамі раней, чым пайшоў у школу, а стаўшы вучнем, сабраў невялікую бібліятэку. Вучыліся ўзімку – у час, калі не было многа працы. Так ён скончыў Дудзіцкую пачатковую школу. Пасля вучыўся на агульнаадукацыйных курсах у Мінску. Вярнуўшыся ў 1923 годзе з вучобы, працаваў настаўнікам пачатковых класаў у вёсцы Асака Дудзіцкага сельсавета. Быў актывістам і завадатарам, арганізоўваў самадзейнасць.

25–27 лістапада 1925 года будучы паэт прыехаў у Мінск у якасці дэлегата 1-га з’езда Усебеларускага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў «Маладняк». У БДАМЛіМ захоўваецца сяброўскі білет № 22, які ўручылі Уладзіміру Хадыку ў сакавіку 1927 года падчас перарэгістрацыі «Маладняка». У гэты час ён служыў у Чырвонай Арміі ў Навазыбкаве на Браншчыне, таму атрымліваў яго ў ваеннай форме.

У 1928 годзе пераехаў у Мінск. Хацеў паступіць у БДУ, але не быў дапушчаны да ўступных іспытаў: не ставала належнай падрыхтоўкі.

Уладзімір Хадыка быў адным з арганізатараў нефармальнай суполкі ТАВІЗ – таварыства аматараў выпіць і закусіць, якое дзейнічала ў 1930-х гадах у асяродку пісьменнікаў. Гэта было нефармальнае згуртаванне, якое рабіла стаўку на непадкантрольнасць палітызаванаму літаратурнаму афіцыёзу. Юрка Віцьбіч у свой час пісаў, што толькі на пасяджэннях багемы маглі чытацца творы, якія цэнзура не прыняла б: «Тут кожны адчуваў сябе самім сабой, тут скідваліся тыя «маскі», пра якія прыгадваў Язэп Пушча». У 1931 годзе за ўдзел у ТАВІЗе Хадыка быў выключаны з БелАПП. А ў ТАВІЗе ён сам не затрымаўся – пакінуў суполку, бо ажаніўся.

Bilet.png

Членскі білет № 1577 Саюза пісьменнікаў СССР, які належаў Уладзіміру Хадыку. 1934 год. З фондаў БДАМЛіМ

Да часу свайго зняволення Хадыка паспеў выдаць тры кнігі паэзіі: «Суніцы» (1926), «Выбраныя вершы» (1932), «Радасны будзень» (1935), у Маскве рыхтаваўся зборнік яго вершаў на рускай мове, але ў сувязі з узмацненнем нападаў на яго паэзію гэты зборнік не выйшаў. Разам з С. Ліхадзіеўскім і М. Лужаніным Хадыка пісаў пад псеўданімам Лухалі.

Ён быў выдатным перакладчыкам не толькі паэзіі, але і прозы. Пераствараў па-беларуску творы Чэхава, Шолахава, Максіма Горкага і іншых. У віртуальным раздзеле на сайце НББ частка, прысвечаная перакладам Хадыкі, уражвае колькасцю кніг. Варта звярнуць увагу на мову гэтых перакладаў. Цікава прасачыць і за тытульнымі старонкамі выданняў: у большасці з іх прозвішча перакладчыка выдалена. Рэпрэсаваныя асобы выключаліся з сацыяльнага жыцця, іх імёны выкрэсліваліся, фотаздымкі выразаліся, а кнігі або выдаляліся з бібліятэк, або перамяшчаліся ў спецсховы.

«Тыповая біяграфія паэта-маладнякоўца другога закліку, другой «хвалі», – адзначаў Рыгор Бярозкін. Таму і першы зборнік па змесце і «бурапенных» спосабах падачы матэрыялу – тыповая маладнякоўская кніжка. Але чаму так змяніліся яго творы, чаму набылі іншы, больш змястоўны характар? Мінула некалькі гадоў, і паэта перастаў задавальняць гэты «юнацкі галоп» па жыцці, бяздумнасць і бесклапотнасць, якая характарызавала паэзію «маладнякоўцаў». Ён становіцца лірыкам, звяртаецца да раздумлівага, скупога і дакладнага слова. Таму крытыка не зусім прыхільна сустракала яго паэзію, абвінавачвала ў невыразнасці, містыфікацыі, суб’ектыўнасці пачуццяў. Ад маладых паэтаў тады чакалі стварэння грамадзянскай лірыкі, ухвалення надыходу дыктатуры пралетарыяту. На агульных сходах пісьменнікаў яго імкнуліся «перагартаваць», «пачэсныя крытыкі накідваліся на яго, як сабакі, ад якіх цяжка адчапіцца». Такім чынам тлумачыць Масей Сяднёў стаўленне ў грамадстве да асобы паэта: «У кулуарах гаварылі, што гэта найлепшы паэт, а ў крытыцы і на літаратурных сходах называлі песімістам, неграмадскім чалавекам, які не знайшоў з пралетарыятам супольнай дарогі».

List.png

Ліст Уладзіміра Хадыкі да Хайноўскай Марыі Канстанцінаўны. 31.08.1931 г. З фондаў ДМГБЛ

Лепшае з напісанага Уладзімірам Хадыкам належыць сярэдзіне трыццатых гадоў, калі выходзяць яго другая і трэцяя кнігі. Такія па-філасофску закручаныя вобразы з’яўляюцца ў яго вершах:

Не літары, а д’яблы пекла –
Растуць і коцяцца ў радок.
Каб словамі, як шабляй,
секла Старога ходу перадок.

Мікола Хведаровіч пісаў пра ўніклівую працу Уладзіміра над вершамі. Ён мог прасядзець некалькі гадзін, пакуль радок «не загаворыць з аўтарам». Удалая рыфма ці трапнае слова прыносілі пасля такой працы вялікую радасць. Пра педантычнасць Хведаровіч піша так: «Хадыка быў вялікі акуратыст. Ніколі я не заўважаў на ім нясвежай кашулі. Яго адзіны гарнітур быў заўсёды старанна адпрасаваны. Прыемна прыгадваць зараз, што гэтая ашчаднасць адчувалася і ў творчасці. Словы былі дарагія, і імі не вельмі раскідаліся».

Vokladka.png

Тытульная старонка перакладу Уладзіміра Хадыкі. З фондаў НББ

Паэт імкнуўся дабіцца аднастайнасці і адзінства тэматыкі і настрою, таму свае вершы групаваў у нізкі. Напрыклад, у кнізе «Радасны будзень» вершы зведзены ў восем цыклаў, назвы якіх дакладна акрэсліваюць тэматыку вершаў.

1. Эпоха будням лік вядзе.
2. Зіма заплакала ў тумане.
3. Гарманіст.
4. Я разабраў свой дом стары.
5. З дарогі.
6. Трывога будняў.
7. На росквіце.
8. За строем дат і рубрык.

У кожным цыкле вершаў – складаныя метафары, шмат сімвалічных вобразаў, завуаліраванасць якіх не заўсёды адразу зразумелая, аўтар часта выкарыстоўвае вобразы нечаканыя, гіпербалізуе іх, каб дасягнуць задуманага ўражання. З верша «З імглы выводзіць век зубасты»:

Старая пара сухадрэвін
Трасе брыду вусатых шчок…
Тапырыць грэбень польскі певень
На панскі ложак і гаршчок.

Грабе з-пад маршалавай спальні
Шаленства выблеваных мар:
Злуе герой нацыянальны,
Вялікай годнасці брусар.

З прагай творчасці ў ім спалучаўся матэматычны склад розуму, часта не ўласцівы творчым асобам.

Вельмі вылучаецца сярод твораў верш «Я пакінуў у дарозе многа…» – ён перадае ўнутраны настрой паэта, дэманструе адчуванне непазбежных змен у жыцці:

Я пакінуў у дарозе многа
Слоў лірычных, незабытных дум.
Перабраў зямлю вар’яцкі рогат,
Размяло жыццё сваю бяду.

Змогшы замяць, змогшы мглу густую,
Мне цяпер адказу не шукаць –
Хто мяне, як сябра, пачастуе,
Добрым словам выйдзе прывітаць.

На Хадыку моцна ўплывала паэзія Янкі Купалы, які ў 1934 годзе напісаў эпіграму «Валодзю Хадыку»:

Хадыка хадыкае,
Дыбае,
Сто вершаў задумністых
Выбаіў.

Мой мілы, мой добры Валодзя!
Па-мойму, во гэтак здаецца:
«Задумністых», можа, ўжо годзе,
А болей – ад сэрца, ад сэрца...

Уладзімір Хадыка быў арыштаваны ў лістападзе 1936 года, у 1937-м – асуджаны на дзесяць гадоў пазбаўлення волі і накіраваны ў лагер Нова-Іванаўка Кемераўскай вобласці, потым пераведзены ў каменаломні Новасібірскай вобласці. Там і загінуў 1 ліпеня 1940 года пад каменнай глыбай.

Як згадваюць паплечнікі па лагеры, і там ён працягваў ствараць. У вядомай кнізе Аўгена Калубовіча «На крыжовай дарозе» адзначаны такі факт: Хадыка свае лагерныя вершы запісваў на паперы для курэння, а потым зашываў у каўнер кажуха.

А вось як Масей Сяднёў апісвае душэўную моц паэта ў зняволенні: «Духам Хадыка быў нязломны. Трэба было толькі дзівіцца яго самаўпэўненасці і самаахвярнасці. Нягледзячы на страшэнныя ўмовы, Хадыка шмат пісаў. Некаторыя ж вершы гінулі пасля таго, як яны былі каму-небудзь прачытаныя. Хадыка мужна пераносіў усе цяжкасці лагернага быту».

Жорстка лёс абышоўся і з сям’ёй Хадыкі. Старэнькая маці і жонка Фаіна з маленькім сынам засталіся бяздомнымі. У Вялікую Айчынную вайну Фаіна была расстраляна, а сямігадовы Уладзік загінуў у лагеры Трасцянец.

Аўтар публікацыі: Таццяна Лаўрык.

Крыніца: Маладосць

Навіны

Віртуальная чытальная зала прадстаўляе інфармацыйны рэсурс пра выдатнага ўраджэнца Беларусі

27 Сак 2020

Рэпертуар персанальных краязнаўчых рэсурсаў арганізацый – партнёраў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі папоўніўся віртуальным праектам “Жарэс Алфёраў: чалавек-легенда”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

29 сакавіка 1945 года. 42 дні да Перамогі

29 Сак 2020

У зводцы Саўінфармбюро. Рабочы план на пасяўную. Бібліятэкі Воранаўскага раёна. Газеты: “Ленінскі шлях” Горацкага раёна (№ 23), “Путь соціалізма” Воранаўскага раёна (№ 20).

Праект “100 дзён да Вялікай Перамогі. Па старонках беларускіх газет 1945 г.”

28 сакавіка 1945 года. 43 дні да Перамогі

28 Сак 2020

Узятыя Штрэлен і Рыбнік. Фаўстпатроны у Рыбніку. Заява Эйзенхаўэра. У Акадэміі навук БССР. Ганусаўская доследная станцыя. Газеты: “Звязда” (№ 57), “Советская Белоруссия” (№ 56).

Праект “100 дзён да Вялікай Перамогі. Па старонках беларускіх газет 1945 г.”

Новыя партнёры РЗЭК бібліятэк Віцебскай вобласці

26 Сак 2020

Да Рэгіянальнага зводнага электроннага каталога бібліятэк Віцебскай вобласці далучылася дзяржаўная ўстанова культуры “Аршанская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

27 сакавіка 1945 года. 44 дні да Перамогі

27 Сак 2020

Наступленне Чырвонай арміі. Веснавыя палявыя работы пачаліся. Навіны з Мазыра, Барысаўскага раёна і іншых куткоў БССР. Газеты: “Большэвік Палесся” (№ 29), “Совецкая радзіма” (№ 47), “Большэвіцкая трыбуна” Барысаўскага раёна (№№ 30–31), “Звязда” (№ 53).

Праект “100 дзён да Вялікай Перамогі. Па старонках беларускіх газет 1945 г.”

Выказваем падтрымку Італіі ў барацьбе з каранавірусам

26 Сак 2020

З 26 па 31 сакавіка ўключна па ініцыятыве Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь на вонкавым электронным светлавым табло Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з’явіцца графічны малюнак у падтрымку Італіі з надпісам “Беларусь салідарна з італьянскім народам”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

111