ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Рэспубліканскі семінар “Гісторыя праваслаўя роднага краю: вопыт і методыка вывучэння”
Позірк на гісторыю горада праз тапаніміку

Да юбілею вучонага-біёлага, географа, геолага і падарожніка

Да юбілею вучонага-біёлага, географа, геолага і падарожніка
Іншыя навіны

17 лютага – 185 гадоў з дня нараджэння ўраджэнца Беларусі Канстанціна Міхайлавіча Ельскага, які ўвайшоў у гісторыю навукі як першапраходзец і даследчык паўночных тэрыторый Паўднёвай Амерыкі.

Нарадзіўся будучы вучоны ў в. Ляды Смілавіцкай воласці Ігуменскага павета Мінскай губерні (пасёлак Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці) у сям’і Міхала Ельскага і Клацільды, якая даводзілася цёткай вядомаму кампазітару Станіславу Манюшку. Належаў да багатага на адукаваных і таленавітых людзей шляхецкага роду Ельскіх герба “Пелеш”.

Hierb Pieliesh-2.jpg

У 1853 г. Канстанцін скончыў на “выдатна” Мінскую гімназію. У 1853–1856 гг. вучыўся на медыцынскім факультэце Імператарскага Маскоўскага ўніверсітэта, затым перавёўся на матэматычна-прыродазнаўчы факультэт Імператарскага Кіеўскага ўніверсітэта, які скончыў у 1860 г. Працаваў выкладчыкам Кіеўскай гімназіі, Імператарскага Кіеўскага ўніверсітэта, адначасова наведваў педагагічныя курсы, публікаваў першыя навуковыя працы ў Санкт-Пецярбургу, Парыжы і Кіеве.

У 1862 г. за даследаванне анатоміі малюска К. Ельскі атрымаў ступень магістра заалогіі. На абароне сваёй працы выступіў у якасці аднаго з першых у Расіі прыхільнікаў эвалюцыйнай тэорыі Ч. Дарвіна.

Jelski-K-3.jpg

У час паўстання 1863 г. эмігрыраваў у Турцыю, дзе займаўся геалагічнымі і прыродазнаўчымі даследаваннямі. Праз два гады апынуўся ў Францыі, працаваў у Прыродазнаўчым інстытуце ў Парыжы, дзе сумесна з прафесарам Дэйролем праводзіў эксперыменты ў галіне заалогіі. Неўзабаве атрымаў прапанову паехаць у Гвіяну (паўднёваамерыканскую калонію Францыі), каб рыхтаваць і дасылаць у Парыж для музеяў калекцыі насякомых, чучалы і шкуры звяроў і птушак. Спачатку быў памочнікам фармацэўта ў адной з аптэк у Кайене (сталіцы Гвіяны), потым займаўся абследаваннем зняволеных на астравах Выратавання. Адначасова вывучаў фаўну, збіраў і апісваў расліны, насякомых, птушак. Па меры папаўнення калекцыі частку яе адсылаў у Еўропу, адных толькі павукоў даслаў каля 300 экзэмпляраў. У 1869 г. з-за неспрыяльнага для здароўя клімату Канстанцін Міхайлавіч быў вымушаны пакінуць гэтыя мясціны.

Jelski-K-4.jpg

У выніку, ён апынуўся ў Ліме, сталіцы Перу (Паўднёвая Амерыка), дзе плённа працаваў каля дзесяці гадоў, займаўся вывучэннем фаўны. Перайшоў Кардыльеры, даследаваў усходнія схілы гэтых гор, наведаў вярхоўе Амазонкі. Разам з вядомым польскім арнітолагам, заолагам і падарожнікам Янам Штольцманам у 1875–1878 гг. даследаваў паўночныя раёны Перу на мяжы з Эквадорам, даліну ў вярхоўях ракі Мараньён. К. Ельскі ўдзельнічаў у стварэнні прыродазнаўчага музея ў Ліме (1875), да 1879 г. быў яго захавальнікам.

Jan Shtolcman-5.jpg

Матэрыялы яго падарожжаў і даследаванняў у Амерыцы былі апублікаваны ў кнізе “Перу, Ліма” (1880) і незавершаных успамінах “Popularno-przyrodnicze opowiadania z pobytu w Gujanie francuzkiej i po części w Peru: (od roku 1865–1871)” (“Папулярна-прыродазнаўчыя апавяданні пра знаходжанне ў Французскай Гвіяне і часткова ў Перу”; Кракаў, 1898).

Jelski-K-6.jpg

У канцы 1879 г. Канстанцін Ельскі вярнуўся ў Еўропу, жыў у Варшаве. З 1880 г. працаваў захавальнікам натуральных калекцый ў Фізіялагічным музеі Кракаўскай акадэміі навук, прафесарам заалогіі на Вышэйшых жаночых курсах прыродазнаўства пры мясцовым Прамыслова-тэхнічным музеі імя Адрыяна Баранецкага. Як заолаг і геолаг працаваў таксама ў Германіі. Удзельнічаў у геалагічных экспедыцыях: у 1886 г. – на паўвостраве Брэтань, у 1890 г. – у Далмацыі.

Заслугі даследчыка ў вывучэнні фаўны Паўднёвай Амерыкі вельмі значныя. Ён удасканаліў спосаб захоўвання насякомых, адкрыў сакрэт кітайскай чорнай тушы, многія новыя віды раслін і жывёл. Музеі і навуковыя цэнтры Еўропы папоўніліся сабранымі ім калекцыямі насякомых, раслін; чучаламі птушак і інш. Некаторыя еўрапейскія вучоныя давалі апісанне жывёльнага свету менавіта па яго калекцыях.

Інфармацыя аб К.М. Ельскім (1837–1896) змешчана ў электронных інфармацыйных рэсурсах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі: анлайн-энцыклапедыі “Беларусь  ў асобах і падзеях”, электронным каталогу.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Лекцыя-канцэрт “Анталогія нацыянальнай харавой спадчыны”

26 Кра 2024

25 красавіка ў галерэі “Лабірынт” адбылася заключная ў сезоне 2023–2024 гг. інтэрактыўная лекцыя-канцэрт з цыкла “Музычная спадчына Беларусі ў прасторы сучаснай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў СШ № 62 г. Мінска ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык”, якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны”

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс узяла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам