ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Удзел у семінары па дзіцячым чытанні
“Цікава пачытаць”: кніга “Фінансавыя казкі для дзяцей”

Першы прэзідэнт Беларускай акадэміі навук

Першы прэзідэнт Беларускай акадэміі навук
Іншыя навіны

19 красавіка спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння Усевалада Макаравіча Ігнатоўскага (1881–1931), беларускага гісторыка, палітычнага і грамадскага дзеяча, ініцыятара стварэння Інбелкульта.

У.М. Ігнатоўскі нарадзіўся ў в. Такары Брэсцкага павета Гродзенскай губерні (цяпер Камянецкі раён Брэсцкай вобласці) у сям’і сельскага настаўніка. Пачатковую адукацыю атрымаў у Віленскай гімназіі, з якой у выніку быў выключаны за ўдзел у маладзёжных палітычных выступленнях. Працягнуў вучобу ў Магілёўскай семінарыі, якую скончыў у 1902 г. Потым паступіў у Пецярбургскі гісторыка-філалагічны інстытут. У студэнцкія гады стаў членам партыі эсэраў. За ўдзел у антыўрадавых дэманстрацыях двойчы адлічваўся з навучальнай установы.

У 1909–1911 гг. Усевалад вучыўся ў Юр’еўскім (Тартускім) універсітэце, пасля заканчэння якога ўладкаваўся на працу ў адну з прыватных віленскіх гімназій. З 1914 г. працаваў у Мінскім настаўніцкім інстытуце: спачатку выкладчыкам гісторыі і геаграфіі, потым дырэктарам. У 1915 г. стварыў культурна-асветніцкую арганізацыю “Наш край”, пераўтвораную ў 1917 г. у “Маладую Беларусь”, а праз тры гады ‒ у Беларускую камуністычную арганізацыю. Падчас савецка-польскай вайны прымаў удзел у падпольнай барацьбе супраць белапалякаў. Удзельнічаў у падпісанні “Дэкларацыі аб абвяшчэнні Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь”.

На працягу дзесяці гадоў Усевалад Макаравіч займаў адказныя дзяржаўныя і партыйныя пасады. У 1920 г. стаў наркамам земляробства БССР, з гэтага ж года (па 1926 г.) узначальваў Наркамат асветы БССР, быў членам бюро і загадчыкам агітацыйна-прапагандысцкага аддзела ЦК КП(б)Б, уваходзіў у склад прэзідыумаў ЦВК СССР і БССР.

У.М. Ігнатоўскі з’яўляўся адным з актыўных стваральнікаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у якім займаў пасаду прафесара, потым – дэкана факультэтаў грамадскіх навук і педагагічнага, намесніка рэктара. Пры яго непасрэдным удзеле быў адкрыты Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт). У 1926 г. У.М. Ігнатоўскі быў прызначаны старшынёй Інбелкульта, а ў 1927 г. – прэзідэнтам. Пасля пераўтварэння Інбелкульта ў Беларускую акадэмію навук (1928) стаў яе першым прэзідэнтам, адначасова выконваў абавязкі дырэктара Інстытута гісторыі.

Падчас правядзення так званай кампаніі супраць “нацыянал-дэмакратызму” вучоны ў канцы 1930 г. быў зняты з пасады прэзідэнта Акадэміі навук, а пазней выключаны з партыі. Пачаліся допыты ў АДПУ. Пад уздзеяннем абставін У.М. Ігнатоўскі прыняў рашэнне сысці з жыцця. Ён памёр 4 лютага 1931 г. Быў рэабілітаваны ў лістападзе 1990 г.

Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі стаў адным з найбольш актыўных дзяржаўных дзеячаў свайго часу, якія аказалі значны ўплыў на развіццё навукі, культуры, стварэнне нацыянальнай сістэмы адукацыі, увесь ход нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі. Ён быў адным з кіраўнікоў палітыкі беларусізацыі, яго працы паслужылі асновай фарміравання нацыянальнай канцэпцыі гісторыі беларускага народа. Вучоны ўвёў перыядызацыю гісторыі Беларусі, заснаваную на яе дзяржаўнай прыналежнасці, па якой вылучаюцца пяць перыядаў: полацкі, літоўска-беларускі, польскі, расійскі, савецкі.

Ihnatouski_1.jpg

У.М. Ігнатоўскі – аўтар больш за 40 навуковых і навукова-публіцыстычных работ, у тым ліку 8 буйных манаграфічных даследаванняў (некаторыя былі неаднаразова перавыдадзеныя). Яго пяру належаць “Кароткі нарыс гісторыі Беларусі” (1919), адна з першых абагульняючых прац па айчыннай гісторыі, “Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі” (1921), “Матывы лірыкі беларускага песняра М. Чарота” (1922), “Белоруссия: территория, население, экономика, важнейшие моменты истории” (1924), “Гісторыя Беларусі ў ХІХ і ў пачатку ХХ сталецця” (1925) і іншыя працы. Манаграфія У.М. Ігнатоўскага “1863 год на Беларусі” (1930) стала першым у беларускай гістарыяграфіі буйным даследаваннем па гісторыі паўстання. Вучоны таксама з’яўляецца адным з аўтараў і рэдактараў калектыўнай працы “Беларусь: нарысы гісторыі, эканомікі, культурнага і рэвалюцыйнага руху” (1924).

Ihnatouski_2.jpg

Імем выбітнага палітычнага і грамадскага дзеяча названа адна з вуліц Мінска. На былым будынку Інбелкульта па вул. Рэвалюцыйнай, 15 усталявана мемарыяльная дошка ў гонар У.М. Ігнатоўскага. Мемарыяльная дошка ўстаноўлена і на яго радзіме, у вёсцы Такары Камянецкага раёна. Імя знакамітага земляка прысвоена Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэцы.

За апошнія гады зроблена шмат для вывучэння навуковай спадчыны, палітычнай і грамадскай дзейнасці У.М. Ігнатоўскага. Звесткі аб яго працах, якія захоўваюцца ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а таксама аб шматлікіх публікацыях, прысвечаных жыццю і дзейнасці вучонага, прадстаўлены ў электронным каталогу. Біяграфічныя матэрыялы можна знайсці ў анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях”, Нацыянальнай базе даных нарматыўных / аўтарытэтных запісаў, на сайтах Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя У.М. Ігнатоўскага і ў іншых інтэрнэт-крыніцах.

Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам