ГалоўнаяНавіныПартрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах
ХVІІ Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні
Завітайце на літаратурна-музычнае мерапрыемства “Мой Багдановіч”

Да 90-годдзя бібліёграфа Алены Іосіфаўны Леў, якая прысвяціла трыццаць два гады развіццю бібліятэчнай справы

Да 90-годдзя бібліёграфа Алены Іосіфаўны Леў, якая прысвяціла трыццаць два гады развіццю бібліятэчнай справы
Іншыя Навіны

Алена Іосіфаўна нарадзілася 21 студзеня 1931 годзе ў Гомелі. Яе маці была родам з Віцебска, вучылася ў Віцебскім настаўніцкім інстытуце (сёння Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава), але па шматлікія прычынах не скончыла яго. Бацька Алены – з г.п. Краснаполле Магілёўскай вобласці, скончыў Ленінградскую лесатэхнічную акадэмію (сёння Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны лесатэхнічны ўніверсітэт), працаваў у лясной галіне.

У 1935 годзе сям’я была вымушана з’ехаць з Беларусі на тры гады ў г.п. Вохтага Валагодскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Там Алена пайшла ў першы клас, а па вяртанні ў Беларусь вучылася ў Бярэзінскай сярэдняй школе.

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны сям’я дзяўчынкі эвакуіравалася ў г. Мелякес (сёння Дзімітраўград) Ульянаўскай вобласці Расійскай Федэрацыі.

У 1943 годзе на фронце пад Арлом загінуў бацька Алены. Годам пазней, пасля вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, дзяўчынка з маці і сястрой прыехала сюды на пастаяннае жыхарства і вучылася ў адной з гарадскіх школ.

2_lev.jpg

З ранняга дзяцінства Алена вельмі любіла кнігі і ў школьныя гады марыла стаць бібліятэкарам. Яе мара здзейснілася. У 1950 годзе Алена Іосіфаўна паступіла ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя М. Горкага (сёння Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка). Паспяхова скончыўшы вучобу, яна была прызначана загадчыцай Маладзечанскай гарадской бібліятэкі, а праз два гады, па сямейных абставінах, пераведзена ў бібліятэку Палаца культуры прафсаюзаў (сёння Рэспубліканскі палац культуры прафсаюзаў). На працягу 10 гадоў Алена Іосіфаўна выконвала абавязкі загадчыцы чытальнай залы.

3_lev.jpg
На вокладцы часопіса “Клуб” бібліятэкар – Алена Іосіфаўна Леў.
“Клуб”: общественно-политический и научно-методический журнал ВЦСПС и Министерства культуры СССР, 1961, № 4

Алена Іосіфаўна – чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй і рознабаковымі інтарэсамі. Больш за дзесяць гадоў яна сумяшчала працоўную дзейнасць з пасадай сакратара камсамольскай арганізацыі Палаца культуры прафсаюзаў; была абрана старшынёй калектыву фізкультуры добраахвотнага спартыўнага таварыства “Спартак”, сакратаром прэзідыума добраахвотнага спартыўнага таварыства абкама культуры. За сваю плённую працу па камуністычным выхаванні моладзі ўзнагароджана Ганаровай граматай Мінскага абласнога камітэта ЛКСМ Беларусіі.

З 1966 года пачалася яе працоўная дзейнасць у Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У.І. Леніна (сёння – Нацыянальная бібліятэка Беларусі). Зарэкамендаваўшы сябе дасведчаным, адказным, творчым і ініцыятыўным работнікам, яна прайшла шлях ад бібліятэкара да загадчыцы сектара навукова-бібліяграфічнага аддзела.

4_lev.jpg

У бібліятэцы Алена Іосіфаўна займалася складаннем бібліяграфічных дапаможнікаў па грамадска-палітычнай тэматыцы. Якасна падрыхтаваныя ёю рэкамендацыйныя паказальнікі і спісы літаратуры былі вельмі запатрабаваныя бібліятэкарамі рэспублікі. Тэматыка яе выданняў шырокая, пра што сведчаць іх назвы: “Праўда пра рэлігію” (1969), “У вольны час” (1971), “Ішла вайна народная” (1971), “Чалавек! Гэта гучыць горда” (1972), “Человек и религия” (1977), бібліяграфічныя матэрыялы для выдання “Новыя кнігі БССР”.

Акрамя складальніцкай і рэдактарскай працы, А.І. Леў вяла адказны ўчастак па каардынацыі дзейнасці бібліятэк краіны ў стварэнні рэспубліканскай сістэмы дапаможнікаў – складала зводныя планы выданняў, кантралявала іх выкананне, рыхтавала аналітычныя агляды выдавецкай дзейнасці бібліятэк рэспублікі. Яна пастаянна аказвала метадычную дапамогу бібліёграфам-складальнікам дапаможнікаў, кіравала іх стажыроўкай; выязджала ў бібліятэкі для вывучэння вопыту работы і аказання практычнай дапамогі на месцах па выкарыстанні дапаможнікаў.

Алена Іосіфаўна прымала актыўны ўдзел у грамадскім жыцці бібліятэкі і карысталася заслужаным аўтарытэтам сярод супрацоўнікаў. На працягу шэрагу гадоў яна была членам метадычнага савета пры партыйнай бібліятэцы Дома палітычнай асветы, членам праўлення першаснай арганізацыі таварыства аматараў кнігі, членам мясцкама прафарганізацыі бібліятэкі; пастаянным удзельнікам перадачы Беларускага радыё “Для верующих и неверующих”.

У 1972 годзе Беларускі рэспубліканскі камітэт прафсаюза работнікаў культуры прадставіў Алену Іосіфаўну Леў да ўзнагароджання Ганаровай граматай Міністэрства культуры СССР і Цэнтральнага камітэта прафсаюза работнікаў культуры, а па выніках 1977 года яе імя было занесена на Дошку гонару Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна. Таксама за плённае супрацоўніцтва з рэспубліканскім радыёвяшчаннем А.І. Леў была ўзнагароджана Ганаровай граматай Дзяржаўнага камітэта Беларускай ССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні (1987).

5_lev.jpg

Па стане здароўя ў 1988 годзе Алена Іосіфаўна пакінула пасаду загадчыцы сектара і наступныя тры гады выконвала абавязкі старшага бібліёграфа. Дасягнуўшы пенсійнага ўзросту, яна пайшла з бібліятэкі на заслужаны адпачынак.

Увесь калектыў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі сардэчна віншуе Алену Іосіфаўну з юбілеем і жадае ёй моцнага здароўя, невычэрпнай энергіі і сіл, радасці, шчасця і дабрабыту.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліятэказнаўства.

Аб ветэранах і супрацоўніках Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі чытайце ў рубрыцы навін “Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах”.
Навіны

У бібліятэцы абмеркавалі міжнародныя стандарты і выбарчы працэс

20 Вер 2024

19–20 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Міжнародныя стандарты і выбарчы працэс: вопыт і перспектывы развіцця”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

“«Песняры»: малітва галасоў і сэрцаў”: бібліятэка стварае новы віртуальны праект

20 Вер 2024

У гэтым годзе адзначаецца 55-годдзе з часу заснавання Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры” – легендарнага гурта, любімага мільёнамі слухачоў у розных краінах свету.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

“На ўсходзе сонца”: заключны фільм кінатрылогіі “Доўгія вёрсты вайны”

19 Вер 2024

18 верасня зала дакументаў па мастацтве (пам. 306) у чарговы раз стала месцам прыцягнення прыхільнікаў творчасці Васіля Быкава і экранізацый яго глыбокіх твораў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Кніга – лепшы падарунак

19 Вер 2024

Напярэдадні святкавання Дня бібліятэк у рамках дабрачыннай акцыі “Год якасці: фарміруем фонды разам”, якая праводзіцца з мэтай дакамплектавання фондаў бібліятэк краіны, супрацоўнікі аддзела камплектавання фондаў на працягу ўсяго святочнага тыдня наведвалі бібліятэкі Рэспублікі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

У Сафіі адзначылі Дзень народнага адзінства

18 Вер 2024

17 верасня да Дня народнага адзінства ў Рускім Доме ў Сафіі адкрылася фотавыстава “Беларусь: прыгожыя імгненні”, падрыхтаваная Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з тэлеканалам “Беларусь 24”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам