Пісьменнік Леанід Дайнека па-мастацку адлюстроўваў гісторыю Бацькаўшчыны, асэнсоўваючы яе пласт за пластом у сваіх кнігах. 21 жніўня 2019 года скончылася яго зямное жыццё. Але цікавасць да яго твораў не згасае. Адной з даследчыц творчасці пісьменніка стала супрацоўніца Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Таццяна Лаўрык.
Раманы лаўрэата Літаратурнай прэміі імя І. Мележа і Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя К. Каліноўскага Леаніда Мартынавіча Дайнекі “Меч князя Вячкі”, “Жалезныя жалуды”, “След Ваўкалака”, “Назаві сына Канстанцінам” увасаблялі рэальных гістарычных асоб, наталялі прагу чытачоў да спазнання беларускай даўніны і сусветнай гісторыі. Кнігі пісьменніка захаплялі дарослых і падлеткаў прыгодніцкімі хадамі, яскравай фантазіяй, закручанымі сюжэтамі, элементамі містыкі.
Леанід Мартынавіч нарадзіўся ў 1940 годзе ў вёсцы Змітраўка 2-я Клічаўскага раёна. У дзяцінстве, начытаўшыся цікавых кніжак пра Марка Пола, Калумба, Васку да Гама, Міклуху-Маклая, ён марыў стаць падарожнікам. Яшчэ ў школе пачаў пісаць вершы на беларускай мове. Упершыню надрукаваў верш у газеце Уральскай вайсковай акругі, дзе служыў. Паступаць на журналісцкі факультэт Леанід Дайнека прыехаў у 1963 годзе ў вайсковай форме з блакітнымі пагонамі.
Штуршком да вяртання ў беларускасць для маладога літаратара паслужыў Рэспубліканскі семінар творчай і навуковай моладзі на беразе возера Свіцязь у чэрвені 1968 года, дзе выкладчыкамі былі Янка Брыль і Уладзімір Караткевіч. Пасля заканчэння БДУ Леанід Дайнека працаваў у Віцебску старшым рэдактарам на абласной тэлестудыі. З тэлебачаннем звязаў свой лёс і тады, калі перабраўся ў Мінск. У 1972 годзе ён прыйшоў працаваць у рэдакцыю часопіса “Маладосць”, дзе на працягу 17-ці гадоў быў адказным сакратаром. Пэўны час ён загадваў рэдакцыяй паэзіі выдавецтва “Мастацкая літаратура”.
Першы паэтычны зборнік “Галасы” Леанід Дайнека трымаў у руках ў 29-цігадовым узросце. Свежае дыханне маладога творцы натуральна ўлілося ў шматгалосы хор беларускай паэзіі. Кнігі “Бераг чакання”, “Начныя тэлеграмы”, “Мая вясна саракавая”, “Вечнае імгненне”, “Сняжынкі над агнём” натхнялі чытачоў 70–80-х. Пісьменнік упэўнена дэбютаваў як празаік і сцвердзіўся як раманіст у першых сваіх творах “вялікага жанру” – дылогіі “Людзі і маланкі” (1978) і “Запомнім сябе маладымі” (1981). Затым выйшаў яго раман “Футбол на замініраваным полі” (1983).
У першым сваім гістарычным творы “Меч князя Вячкі” (1987) празаік заглыбіўся ў нацыянальную даўніну і адлюстраваў гераічную барацьбу гараджан старажытнага Полацка з тэўтонскімі рыцарамі-крыжаносцамі.
У прадмове да кнігі аўтар сведчыў: “Цяжка плыць па рацэ, імя якой – Гісторыя. Асабліва цяжка дабірацца да вытокаў, да мясцін, дзе ракі, па сутнасці няма, а ёсць тоненькія ручайкі, вадзяныя ніткі, з якіх праз колькі дзясяткаў кіламетраў сатчэцца шырокі абрус ракі”.
У 2004 годзе ў Чырвоным касцёле ён разам з жонкай Зінаідай быў ахрышчаны кс. Уладыславам Завальнюком у каталіцкую веру. У пісьменніка трое сыноў – Зміцер, Сяргей і Сцяпан. Леанід Дайнека некалькі разоў наведваў Святую зямлю, дзе чэрпаў натхненне для сваіх твораў.
Героямі аднаго з яго лепшых раманаў “Назаві сына Канстанцінам” (2008) сталі імператар Канстанцін I Вялікі, які спрыяў распаўсюджванню хрысціянства ў Рымскай імперыі ў IV ст., Канстанцін Палеалог – абаронца Канстанцінопаля ад нашэсця туркаў-заваёўнікаў, а таксама вялікі гетман ВКЛ Канстанцін Астрожскі, які шырока праславіўся сваімі дзяржаўнымі справамі, вайсковымі перамогамі і адначасова быў вядомы як рупліўца праваслаўнай асветы, заснавальнік храмаў і манастыроў.
У захапляльным рамане “Чалавек з брыльянтавым сэрцам”, развіваючы жанр нацыянальнай фантастыкі, Леанід Дайнека ўвасобіў мары і акрэсліў праблемы будучыні чалавецтва. Пісьменнік папярэдзіў: мы можам знікнуць з твару зямлі, калі не будзем захоўваць ген нацыянальнай памяці.
Мы пагутарылі з даследчыцай творчасці пісьменніка, супрацоўніцай інфармацыйна-аналітычнага аддзела Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, магістрам філалагічных навук Таццянай Анатольеўнай Лаўрык.
– Вобраз Леаніда Мартынавіча быў са мной усё жыццё, з дзяцінства. Першы яго раман “Меч князя Вячкі” прачытала яшчэ ў падлеткавым узросце. Тады і ўзнікла цікавасць да яго творчасці. У педагагічным універсітэце ўзяла тэму курсавой работы па рамане “След Ваўкалака”. Пачаўшы выкладаць беларускую літаратуру ў санаторнай школе ў Ждановічах, паглыбілася ў яго творы, пачала вывучаць сучасную гістарычную прозу.
Раман “Назаві сына Канстанцінам” упершыню прачытала ў часопісе “Маладосць” у 2008 годзе. Легенда пра князя Палемона аб паходжанні нашых продкаў ад рымскіх патрыцыяў сустракаецца яшчэ ў хроніцы Вялікага Княства Літоўскага. У раманах пісьменніка шмат батальных сцэн, якія выклікаюць захапленне. Рыхтуючыся да розных мерапрыемстваў, перачытала раман тры разы і кожны раз адкрывала для сябе ўсё новыя і новыя аспекты. Выступаючы на навуковай канферэнцыі ва ўніверсітэце, аналізавала вобраз Канстанціна Астрожскага.
Пазней Леанід Мартынавіч размяшчаў творы на сваім сайце, і я чытала іх у інтэрнэце. Мяне тады зацікавіў раман “Пра лісоўчыка, злога хлопчыка”, які адлюстроўваў эпоху праўлення Жыгімонта III Вазы. Пісьменнік выкарыстоўваў і іншыя жанры: невялічкія афарызмы, замалёўкі – герадоцінкі, якія змяшчаў у Фэйсбуку.
Наш дыялог з Леанідам Мартынавічам пачаўся ў 2010 годзе, калі літаратар адзначаў 70-годдзе. Якраз тады адчуваўся новы ўздым яго творчасці. У гэты момант я падрыхтавала выстаўку яго твораў у беларускай залі Нацыянальнай бібліятэкі.
Мой першы артыкул, прысвечаны Леаніду Дайнеку, выйшаў у 2016 годзе ў часопісе “Маладосць” (№ 9). Я вырашыла паступіць у магістратуру, каб даследаваць творчасць пісьменніка больш глыбока. Асабліва цікава мне было асвяціць праблематыку яго новых твораў.
Пазнаёміўшыся з сынам пісьменніка Сцяпанам, я атрымала праз яго ліст, у якім Леанід Мартынавіч пісаў, што з хваляваннем прачытаў мой водгук на яго раман. Для крытыка вялікае шчасце, калі можна супрацоўнічаць з самім аўтарам, творчасць якога даследуеш!
Раман “Ілоты” (2015), у якім адлюстраваны падзеі Слуцкага паўстання, выйшаў у выдавецтве “Кнігазбор”. Аўтабіяграфічны раман “Сын ільва, дачка Зеўса – Леанід і Зінаіда” (2017) празаік прысвяціў жонцы і дзецям. Фактычна гэты твор стаў развітальным.
Гутарыла Эла Дзвінская спецыяльна для інтэрнэт-партала Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Фота аўтара.
Лаўрык Таццяна Анатольеўна нарадзілася 4 жніўня 1974 г. у Мінску.
У 1997 г. скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка (спецыяльнасць “беларуская мова і літаратура, сусветная і айчынная культура”), у 2013 г. – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў (спецыяльнасць “бібліятэказнаўства і бібліяграфія”), у 2019 г. – магістратуру філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (спецыяльнасць “літаратуразнаўства”). Мае ступень магістра філалагічных навук, з 2019 г. навучаецца ў аспірантуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “беларуская літаратура”.
Больш за 10 гадоў выкладала беларускую мову і літаратуру ў сярэдняй школе, з 2009 г. працуе ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, на дадзены момант – галоўны бібліёграф інфармацыйна-аналітычнага аддзела.
Спецыяліст у галіне беларускай мовы і літаратуры, куратар віртуальнага праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”. Тэматыка публікацый: беларуская літаратура 1920-х гг., гістарычная проза, творчасць пісьменніка Л.М. Дайнекі.
Замужам, мае сына.
Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.