ГалоўнаяНавіныПартрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах
Віншаванне Снягурачкі і Дзеда Мароза ў аддзяленні сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў
Рыхтуемся да сесіі з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі

Віншуем з юбілеем Людмілу Іванаўну Курыліну

Віншуем з юбілеем Людмілу Іванаўну Курыліну
Іншыя навіны

Мы все разные, не похожие друг на друга.
И всех нас объединяет наша Библиотека.
З пасляслоўя да зборніка “С любовью о библиотеке”

Сёння адзначае юбілейны дзень нараджэння ветэран Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, адданы любімай справе спецыяліст, граматны і справядлівы кіраўнік, які чатыры дзясяткі гадоў прысвяціў роднай бібліятэцы, чулая і спагадлівая, заўсёды вельмі добразычлівая Людміла Іванаўна Курыліна.

Яна нарадзілася ў г. Паставы Віцебскай вобласці ў сям’і вайскоўца. У 1961 г. дзяўчынка пайшла ў першы клас сярэдняй школы № 3 г. Асіповічы. Але, паколькі ў далейшым сям’я часта пераязджала па месцы службы бацькі, школьнае навучанне Людміла заканчвала ўжо ў Мінску.

У 1972 г. дзяўчына паступіла ў Мінскі дзяржаўны інстытут замежных моў (сёння – Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт) на спецыяльнасць “настаўнік французскай і англійскай моў”.

Kurylina-2.jpgСтаўшы дыпламаваным спецыялістам, Людміла Іванаўна на працягу двух гадоў працавала старшай піянерважатай у мінскай сярэдняй школе № 92.

Бібліятэчная справа ўвайшла ў яе жыццё выпадкова: “Калі б хто-небудзь сказаў мне падчас выбару прафесіі, што я буду бібліятэкарам, я б толькі засмяялася. Але, адпрацаваўшы належны пасля размеркавання тэрмін у школе піянерважатай і страціўшы ўсякую надзею атрымаць працу па спецыяльнасці, я вырашыла скарыстаць параду свайго сябра, які таксама, пахадзіўшы ў пошуках працы, уладкаваўся ў аддзел рэдкай кнігі тады яшчэ Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя В.І. Леніна, Ленінкі. «Што ты губляеш? Папрацуй пакуль у бібліятэцы, а за гэты час знойдзеш сабе што-небудзь, што падыходзіць», – прапанаваў ён”.

Так у верасні 1980 г. з пасады бібліятэкара аддзела кнігазахоўвання пачаўся працоўны шлях Людмілы ў галоўнай бібліятэцы краіны. Веданне некалькіх замежных моў дазваляла паспяхова займацца апрацоўкай замежнай літаратуры і прымаць удзел у арганізацыі яе выкарыстання.

Праз гады пранесла яна сваё захапленне ад першага знаёмства з бібліятэчным фондам: “Вакол стаялі на стэлажах, ляжалі ў пачках у аконных нішах і на падлозе кнігі, кнігі, кнігі… Гэта было нейкае захапленне! Як яны пахлі… Нямецкія – сырасцю, англійскія – пылам, французскія – нейкім адмысловым водарам усходніх прыпраў. І ўсе іх можна было памацаць, пагартаць і чытаць”.

У 1984 г. Л.І. Курыліна была пераведзена на пасаду галоўнага бібліятэкара, пазней – галоўнага рэдактара сектара па захоўванні і выкарыстанні даваеннага і дарэвалюцыйнага фондаў.

Kurylina-3.jpg
1986 г.

Праз тры гады Людміла Іванаўна перайшла ў аддзел міжбібліятэчнага абанемента (МБА). Вопытнасць, шырокая эрудыцыя, выключная працавітасць і ініцыятыўнасць у вырашэнні вытворчых задач сталі падставай для яе прызначэння з красавіка 1995 г. кіраўніком дадзенага структурнага падраздзялення.

З матэрыялаў асабістай справы: “Узначальваючы складаны ўчастак міжбібліятэчнага абслугоўвання, імкнецца шляхам вывучэння і аналізу сітуацыі знаходзіць аптымальныя шляхі існавання і вызначэння перспектыў МБА як нацыянальнай службы. Ёю зроблены прапановы па ўмацаванні статуса і тэхнічным развіцці аддзела. [...] Прымае непасрэдны ўдзел у стварэнні рэспубліканскай сістэмы МБА ў аўтаматызаваным рэжыме”.

Kurylina-4.jpg

На працягу 20 гадоў Людміла Іванаўна паспяхова ўзначальвала гэты напрамак работы бібліятэкі. Яна актыўна займалася навуковай і метадычнай дзейнасцю, удзельнічала ў распрацоўцы нарматыўных і рэгламентуючых дакументаў, якія забяспечваюць функцыянаванне адзінай сістэмы МБА ў Беларусі. Напрыклад, Л.І. Курыліна працавала над “Соглашением о создании системы межбиблиотечного абонемента государств – участниц СНГ”, узначальвала групу распрацоўшчыкаў нацыянальнага стандарту ДАСТ 7.31-2000 “Міжбібліятэчны абанемент. Асноўныя палажэнні”.

Kurylina-5.jpg

Сваімі прафесійнымі напрацоўкамі, а таксама праблемамі ў сферы міжбібліятэчнага абслугоўвання і электроннай дастаўкі дакументаў Людміла Іванаўна дзялілася на рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцыях, семінарах і вытворчых нарадах.

Kurylina-6.png

У 2002 г. убачыла свет унікальнае, добра вядомае многім выданне “С любовью о библиотеке”, адным з аўтараў-укладальнікаў якога з’яўляецца Л.І. Курыліна. Прымеркаванае да 80-годдзя бібліятэкі, яно ўяўляе сабой яе гісторыю ва ўспамінах і ўключае ў сябе часцінку душы тых, хто ствараў і развіваў, а таксама адраджаў у цяжкія часы галоўную кніжную скарбніцу нашай краіны.

Вельмі каштоўныя каментарыі і тлумачэнні, а таксама зварот са словамі падзякі і ўдзячнасці ад складальнікаў да аўтараў успамінаў. Яны надаюць зборніку асаблівую цеплыню і душэўнасць, акцэнтуюць увагу на значнасці кожнага супрацоўніка як члена адной вялікай сям’і пад назвай “Бібліятэка”.

Kurylina-7.png

Людміла Іванаўна – адзін са складальнікаў метадычнага дапаможніка “Разработка и внедрение виртуальных сервисов”, прызначанага забяспечыць дапамогу бібліятэкам на шляху папулярызацыі паслуг аддаленым карыстальнікам (2010).

Уласцівая Л.І. Курылінай непадробная зацікаўленасць і сапраўдная адданасць працы, сціпласць і шчыры клопат аб людзях набылі заслужаны аўтарытэт, любоў і павагу калег, дазволілі стварыць вакол сябе згуртаваны, дружны калектыў аднадумцаў.

Kurylina-8.jpg
Людміла Іванаўна сядзіць злева

Службовыя абавязкі Людмілы Іванаўны лёгка і арганічна спалучаліся з грамадскай працай: яна была палітінфарматарам аддзела, членам савета маладых спецыялістаў і рэдкалегіі бібліятэкі, доўгі час з’яўлялася Старшынёй прафсаюзнага камітэта, узначальвала Савет ветэранаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Шматгадовая плённая праца Л.І. Курылінай, яе высокі прафесіяналізм і актыўны ўдзел у развіцці бібліятэчнай справы быў адзначаны Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (2012). За актыўны ўдзел у грамадскай рабоце і асабісты важкі ўклад ва ўмацаванне калектыву, захаванне і падтрыманне значных для Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі традыцый у 2014 годзе ёй была аб’яўлена падзяка ад кіраўніцтва.

Kurylina-9.jpg
Людміла Іванаўна крайняя злева

Вялікі і слаўны прафесійны шлях Людмілы Іванаўны даўжынёю ў 41 год – выдатны прыклад самаахвярнага служэння бібліятэцы, кнізе і чытачу. Яна і сёння цікавіцца жыццём бібліятэкі, якая стала яе другім домам, падтрымлівае сувязь з калегамі, радуецца і хвалюецца разам з імі.

Ад усяго калектыву Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Людміле Іванаўне самыя шчырыя віншаванні з юбілейнай датай і пажаданні даўгалецця, добрага здароўя, дабрабыту і душэўнай гармоніі. Няхай мінулае захоўвае цяпло ўспамінаў, а будучыня дорыць толькі радасныя падзеі, выдатны настрой і станоўчыя эмоцыі! Хай сёння і заўсёды будзе шмат цяпла, клопату і ўвагі ад дарагіх сэрцу людзей!

Матэрыял падрыхтаваны галоўным бібліятэкарам навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Ірынай Кукетай.

Пра ветэранаў і супрацоўнікаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі чытайце ў рубрыцы “Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах”.

Навіны

Да 95-годдзя таленавітага бібліёграфа Зоі Антонаўны Сядой

20 Май 2024

Зоя Антонаўна нарадзілася ў г. Нова-Барысаў Мінскай вобласці ў сям'і ваеннаслужачага. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны яна скончыла пачатковую школу і разам з бацькамі эвакуіравалася ў сяло Аторма Зяметчынскага раёна Пензенскай вобласці.

Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах

Зала дакументаў па мастацтве прапануе: рубрыка “Асобы. Даты. Падзеі”

18 Май 2024

Штогод 18 мая больш чым у 150 краінах свету адзначаецца Міжнародны дзень музеяў, які шырока святкуецца і ў нашай краіне ў рамках акцыі “Ноч музеяў”. У межах пастаяннай рубрыкі “Асобы. Даты. Падзеі”, якая ладзіцца ў зале мастацтваў (пам. 306), запрашаем пазнаёміцца з кніжнай выстаўкай “Па маршрутах беларускіх музеяў”, прысвечанай айчыннай музейнай справе.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам