ГалоўнаяНавіныПраект “Сведкі эпохі: Беларусь на старонках газет 100-гадовай даўніны”
Аб прафесіі бібліёграфа – у эфіры тэлеканала Беларусь 1
На кніжным кірмашы Нацыянальная бібліятэка раскрые таямніцы загадкавага выдання

Студзеньскія падзеі 1920 года на старонках газеты “Беларусь”

Студзеньскія падзеі 1920 года на старонках газеты “Беларусь”
Іншыя навіны

Незаўважна хутка прабег першы месяц 2020 года, насычаны і багаты на падзеі. Праглядаючы газеты стогадовай даўніны, цікава было заўважыць, што тыя праблемы, якія хвалявалі грамадства ў 1920 г., застаюцца актуальнымі і ў наш час. Гісторыя працягвае свой рух па спіралі.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі захоўвае цэлы шэраг каштоўных перыядычных выданняў пачатку прошлага стагоддзя, і мы працягваем цікавіцца зместам беларускіх газет, якія, будучы сучасніцамі найважнейшых сацыяльных, палітычных, культурных і іншых гістарычных падзей, з’яўляюцца каштоўнымі першакрыніцамі і раскрываюць цікавыя факты з жыцця Беларусі. Такім вельмі інфарматыўным перыядычным выданнем з’яўляецца штодзённая палітычна-эканамічная і літаратурная газета “Беларусь”, якая выдавалася на беларускай мове ў Мінску з 21 кастрычніка 1919 г. па 9 ліпеня 1920 г. і лічылася пераемніцай газеты “Звон”, аб якой мы ўжо пісалі раней.

Belarus.jpg

Выдаўцом газеты быў Часовы беларускі нацыянальны камітэт, а з 12 сакавіка 1920 г. – прадстаўнік БНК Кузьма Цярэшчанка (Тарэшчанка). Газета працягвала развіваць традыцыі “Нашай нівы”, аб’ядноўвала нацыянальныя палітычныя партыі і групоўкі, якія адстойвалі ідэю суверэннай, непадзельнай і незалежнай Беларускай Рэспублікі ў этнаграфічных межах беларускага народа. Разнастайныя матэрыялы знітоўвала ідэя адраджэння Беларусі, яе дзяржаўнасці і культуры, народнай гаспадаркі, самабытнага духоўнага аблічча нацыі. Гістарычную ролю Беларусі газета бачыла ў сінтэзе лепшых бакоў “усходняга” і “заходняга” тыпаў культуры, прымірэнні аднабокіх сацыяльна-палітычных тэндэнцый. Выкрывала грабежніцкую палітыку польскіх улад на Беларусі. Таму газета неаднаразова канфіскоўвалася польскімі ўладамі, выходзіла з “белымі плямамі” цэнзуры. У 1920 г. рэдактарам газеты быў Язэп Лёсік.

Рэдакцыйны артыкул “На Новы Год”, які быў змешчаны ў першым нумары за 1920 г., прысвечаны агляду падзей мінулага года і выказванню надзеі на будучыню:

<…>Як мала пражыта, як многа перажыта! Але – бяда хоць мучыць, да жыць вучыць. Цяпер апошні селянін нашай цёмнай, няшчаснай вёскі мусіў заўважыць, што ніхто ня дасць нам паратунку, калі мы самі сабе не паратуем. Цяпер кожнаму зразумело, што толькі ўтварэнне свайго беларускага гаспадарства, што толькі адбудаванне незалежнай Беларускай дзяржавы зможа палажыць канец гэтаму перакіданню нашага народу з абоймаў у абоймы.

А для нас у гэты дзень, што становіць пачатак новаму колу Новага Году і бяз згаданняў павінна быць ясна, што покі мы ня усведамім народу свайго нацыянальна, покі ён будзе спадзявацца наляпшэння свае горкае долі не ад самога сябе, а ад таго, што нехта прыйдзе і вызвале яго з нядолі - датуль мы пастаянная будзем сустрачаць новые годы тымі словамі, якімі сустрачаем сягодня.

<…>Адзін у нас паратунак, адна дарога: праз нацыянальнае усвядамленне – да незалежнай і непадзельнай Беларускай дзяржавы.

(Захавана арфаграфія першакрыніцы)

Пытанні, закранутыя ў артыкуле, надзвычай актуальныя і сёння таксама працягваюць хваляваць грамадства.

Шмат месца на сваіх старонках газета “Беларусь” адводзіла барацьбе за стварэнне беларускіх школ. Грунтоўны артыкул, таксама надрукаваны ў першым нумары, прысвячаўся нацыянальнай школе, ён так і называўся “Беларуская нацыянальная школа”:

<…>Выступаючы на шлях вольнага культурнага жыцця, беларуская нацыя павінна збудаваць у першую чаргу сваю нацыянальную школу. Дзеля нацыі гэта патрэбна так, як патрэбны чалавеку рукі і нармальная галава. Абудзіць масы народу ад застою, заклікаць іх да разумнага грамадзянскага жыцця, да культурнай творчасці – можа толькі нацыянальная школа. Нацыянальнае выхаванне аздараўляе і асвяжае народныя сілы, выкрывае схаваные здольнасці народу, нясе яму духоўную моць, багаціць думку, правільна развівае яго розум <…>.

<…>Асноваю нацыянальнай школы служыць родная мова – адзнака нацыі, яе духоўны твар. Мова зьбірае ўсе, што мае ў сабе дух нацыі. Няма ў нацыі нічога ні малога ні вялікага, чаго б мова ня ведала. Бяз мовы не адбываецца творчасць народу. Покуль жыве мова, глаўная адзнака цэлае нацыі, датуль жыве і народ, датуль нацыянальная выхаваньне будзе мець вялікую вагу і значэньне. Мова як жывое стварэньне народу, мае сваё жыццё, уласные законы, водлуг якіх яна разьвіваецца. Дзеля гэтага ня мова павінна дапасавацца да школы, а школа да мовы. Адабраць у народу мову – значыць спыніць яго разьвіцьце, паставіць на дарозе культурнай творчасці глухую перагародку. Эпоха заняпаду мовы ў жыцьці нацыі – гэта эпоха заняпаду ўсяго жыцця, спыненьне яго працы розуму, гэта нацыянальная хвароба, самае горшае няшчасьце, якое можа здарыцца ў цэлага народу <…>

<…>Школа наша павінна быць тым падмуроўкам, на яком збудуецца вялікі гмах роднай культуры.

Школа наша – гэта жыццё наша, гэта першае наша заданне.

(Захавана арфаграфія першакрыніцы)

Foto2_Novi_ god.jpg

Не зважаючы на эканамічныя цяжкасці, жыццё працягвалася. Надыходзілі Калядныя святы. Тэме арганізацыі ёлак для дзетак прысвечаны цікавы артыкул “Да ведама ўсіх Беларускіх настаўнікаў м. Менску”:

<…>Каляднае сьвято (ёлка) для ўсіх хрысьціянскіх дзяцей м. Менску адбудзецца 11-га студня г. г., а З-й гадзіне ўдзень ў тых памяшканьнях, якіе адзначаны Агульным Камітэтам па арганізаваньню гэтага сьвята. Ёлка для школьнікаў будзе уладжана пераважна ў школьных памяшканьнях па 2–4 школы разам, для дзяцей з вуліцы – пры Цыркулах, а так-сама ў Белай Салі, ў Работніцкім клюбе, ў Камерцыйнай школе і іншых мясцох. Усяго будзе уладжано ў Менску 45 ёлак для дзяцей-школьнікаў і з вуліцы. Усім дзецям будуць разданы на ёлках падарункі – булкі, пернікі, цукеркі і інш. <…>

Foto3_Deti.jpg

Цікава ведаць, што з нагоды святкавання Богаяўлення і Свята Трох Каралёў, праваслаўных і каталіцкіх калядных свят, у Мінску вызваляліся ад працы каталікі і праваслаўныя адпаведна.

Выкарыстаныя крыніцы:

На Новы Год // Беларусь. – 1920. – 1 студз. – С. 1.

Беларуская нацыянальная школа / пад крыпт. М-ч // Беларусь. – 1920. – 1 студз. – С. 3.

На праваслаўные Коляды // Беларусь. – 1920. – 4 студз. – С. 4.

З прычын Свята Трох Каралёў // Беларусь. – 1920. – 6 студз. – С. 4.

Да ведама ўсіх Беларускіх настаўнікаў м. Менску // Беларусь. – 1920. – 10 студз. – С. 3.

Пазнаёміцца з першакрыніцамі (газетай “Беларусь”) можна пры наведванні Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ці пры набыцці электроннага выдання “Станаўленне беларускай дзяржаўнасці : па старонках беларускіх газет 1917–1922 г.”, у якім на двух дысках размешчаны электронныя копіі 2 400 нумароў газет (амаль 80 найменняў), якія выдаваліся ў 1917–1922 гг. на тэрыторыі сучаснай Беларусі ці за яе межамі, але мелі дачыненне да Беларусі.

Камплект дыскаў “Станаўленне беларускай дзяржаўнасці: па старонках беларускіх газет 1917–1922 гг.” можна набыць па падпісцы або купіць у кіёску, размешчаным на 1-м паверсе каля галоўнага ўвахода. Рэжым работы кіёска адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.

Матэрыял прадастаўлены інфармацыйна-аналітычным аддзелам.

Навіны

Нацыянальная бібліятэка Беларусі пашырае сферы супрацоўніцтва

2 Кас 2023

2 кастрычніка ў бібліятэцы адбылося падпісанне Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Нацыянальнай бібліятэкай Рэспублікі Дагестан імя Расула Гамзатава.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адкрыты тэставы доступ да рэсурсаў на платформе CNKI

2 Кас 2023

З 2 кастрычніка ў Нацыянальнай бібліятэцы адкрыты тэставы доступ да электронных навуковых рэсурсаў на платформе China National Knowledge Infrastructure (CNKI), дзе прадстаўлена шырокая калекцыя навуковых часопісаў, электронных кніг, статыстычных штогоднікаў і іншых матэрыялаў на англійскай і кітайскай мовах.

Бібліятэка анлайн

Пытанні захавання гісторыка-культурнай спадчыны абмеркавалі ў рамках II культурна-адукацыйнага форуму “Культура сталіцы – 2023”

2 Кас 2023

Форум праходзіць з 25 верасня па 8 кастрычніка ў Мінску і прымеркаваны да святкавання Дня работнікаў культуры, які адзначаецца ў Беларусі ў другую нядзелю кастрычніка.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам