ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіМузей кнігіАрхіў выставакВыстаўкі 2018 г.Беларускі буквар: 400 гадоў гісторыі

Беларускі буквар: 400 гадоў гісторыі

Буквар

29 сакавіка 2018 г. у музеі кнігі арганізавана выстаўка “Беларускі буквар: 400 гадоў гісторыі”, прымеркаваная да юбілею першага ў свеце выдання пад назвай “Буквар” (Еўе, 1618).

На выстаўцы дэманструюцца знакамітыя буквары і азбукі XVI–ХХІ стст., розныя па складзе, графіцы, мастацкім аздабленні, педагагічных прыёмах навучання чытанню і пісьму.

Сярод экспанатаў – адны з самых старажытных айчынных кніг для навучання, у ліку якіх як знакамітыя буквары з праваслаўных манастыроў, так і малавядомыя выданні для ўніятаў і старавераў. Асаблівую цікавасць прадстаўляюць беларускія падручнікі для навучання чытанню пачатку ХХ ст.: беларускія лемантары і чытанкі Каруся Каганца, Цёткі (Алаізы Пашкевіч), Якуба Коласа, Вацлава Ластоўскага, Янкі Станкевіча, Леанілы Гарэцкай і інш. Шмат нечаканага можа знайсці кожны наведвальнік у беларускіх савецкіх букварах перыяду ліквідацыі непісьменнасці, у заходнебеларускіх букварах, выданнях беларускай дыяспары за мяжой.

Адным з найлепшых беларускіх буквароў ХХ – пачатку ХХІ ст. лічыцца знакаміты “Буквар” Анатоля Клышкі, які ўпершыню выдадзены ў 1969 г. і перавыдаваўся 23 разы на беларускай, рускай і польскай мовах. Ён атрымаў залаты медаль Міжнароднай лейпцыгскай кніжнай выстаўкі ў 1977 г., а ў 2004 г. прызнаны лепшым падручнікам года на выстаўцы ў Франкфурце-на-Майне. У экспазіцыі можна ўбачыць і самыя новыя буквары, падрыхтаваныя Вольгай Цірынавай.

Але, відавочна, найбольш цікавай задачай для гасцей музея кнігі стане спроба знайсці той самы “Буквар”, з якога яны пачыналі сваю школьную навуку. Выстаўка дапоўнена старымі дзённікамі і сшыткамі, невядомымі сучасным школьнікам прыладамі для пісьма і іншымі артэфактамі школьнага жыцця.

Запрашаем наведаць экспазіцыю!

Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы музея кнігі.
Уваход на выстаўку – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра бібліятэкі.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 22.

Бібліятэкарам
Віртуальныя праекты