З 26 красавіка ў музеі кнігі адкрыта міжнародная выстаўка “Буквары народаў свету”, якая прадстаўляе разнастайнасць і непаўторнасць варыяцый самай першай кнігі для навучання грамаце ў розных народаў свету.
Выстаўка прымеркавана да знамянальнай даты – 400-годдзя выдання першай у свеце кнігі пад назвай “Буквар”, якая, дарэчы, была падрыхтавана нашымі продкамі. Выстаўка арганізавана пры ўдзеле Пасольства Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, Пасольства Рэспублікі Беларусь ў Латвійскай Рэспубліцы, Праекта Еўрапейскага саюза “MOST”.
На выстаўцы ўпершыню ў Беларусі прадстаўлена каля 1 400 буквароў на 587 мовах самых розных народаў пяці частак свету – Еўропы, Азіі, Амерыкі, Афрыкі, Аўстраліі і Акіяніі. Кожны экспанат з’яўляецца мініяцюрнай энцыклапедыяй, у якой у нагляднай і займальнай форме падаюцца веды пра гісторыю, геаграфію, культуру свайго народа.
Аснову экспазіцыі складае ўнікальная прыватная калекцыя буквароў і азбук латвійскага педагога, аўтара буквароў і кніг пра народы свету і іх мовы, калекцыянера Юрыса Цыбульса, якая налічвае больш за 10 000 выданняў больш чым на 1 000 мовах – гэта найбуйнейшая падобная калекцыя ў свеце.
Асаблівае месца ў экспазіцыі займаюць беларускія кнігі для навучання грамаце XVI–ХХІ стст. з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Розныя па складзе, графіцы, мастацкім афармленні, педагагічных прыёмах навучання, яны дэманструюць 400-гадовую гісторыю беларускага буквара.
Выстаўка працуе ў музеі кнігі (пам. 347) да верасня 2018 г.
Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы музея кнігі.
Уваход на выстаўку – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра бібліятэкі.
Тэлефон для даведак: (8 017) 293 25 85.