Талент Івана Франко сапраўды ўніверсальны. Ён выступае адначасова як празаік і драматург, публіцыст, перакладчык, рэдактар і выдавец, крытык і гісторык літаратуры, фалькларыст і мастацтвазнавец, гісторык тэатра і тэатральны крытык. У агульнай складанасці пяру Франко належыць больш за пяць тысяч твораў, многія з якіх уваходзяць у залаты фонд украінскай класічнай літаратуры і навукі.
Экспазіцыя змяшчае творы пісьменніка, літаратуру пра яго жыццё і творчасць і налічвае каля 80 выданняў.
З прыжыццёвых выданняў на выстаўцы экспануюцца “Наши коляды” (1890), “Поэть измъны” (1897), “Шевченко” (1901), “Нові польскі Cyrillo-Methodiana” (1905), “Святий Клімент у Корсунї” (1906), “Молода Україна” (1910), “Молітва за ворогів” (1913).
Творчая спадчына пісьменніка прадстаўлена Зборам твораў у 3-х тамах (1990) і ў 10-ці тамах (1956–1958).
У кнізе І. Франко “Мозаїка” (2002) адлюстраваны малавядомыя творы пісьменніка, якія не ўвайшлі ў 50-томны збор твораў.
Кніга “Увядшие листья” (2004) змяшчае паэтычны зборник Івана Франко, які належыць вяршынным з’явам сусветнай лірыкі, на мове арыгінала і ў перакладах на польскую Крысціны Ангельскай і рускую Ганны Ахматавай. Літаратура пра жыццё і творчасць паэта прадстаўлена ў асноўным на ўкраінскай мове. У кнізе “Іван Франко. Шевченкознавчі студії” (2005) упершыню сабраны шаўчэнказнаўчыя даследаванні Івана Франко, якія выдаваліся з 80-х гг. ХIX ст. да першага дзесяцігоддзя ХХ ст. на ўкраінскай, польскай, нямецкай і іншых мовах. Згрупаваныя ў адным выданні шаўчэнказнаўчыя работы І. Франко адлюстроўваюць эвалюцыю яго поглядаў, а таксама даюць магчымасць глыбей прасачыць ідэйна-тэматычныя і вобразна-стылёвыя асаблівасці паэзіі Т. Шаўчэнкі.
У кнізе Т. Гундаравай “Невідомий Іван Франко: Грані Ізмарагду” (2006) змяшчаюцца выбраныя творы пісьменніка, якія суправаджаюцца артыкуламі-каментарыямі пра асноўныя аспекты культурнай фенаменалогіі Франко. Упершыню ва ўкраінскім літаратуразнаўстве разглядаецца цэласнасць культурнага, філасофскага і мастацкага мыслення І. Франко, апісваюцца асноўныя паняцці яго этыка-эстэтычнага ўніверсуму. Зборнік “Іван Франко. Бібліографічна спадщіна” (2008) з’яўляецца першай спробай прадставіць бібліяграфічную спадчыну Івана Франко. Шэсць раздзелаў работы змяшчаюць рэпублікацыю ўпершыню ажыццёўленага Іванам Франко бібліяграфічнага паказальніка зместу часопіса “Правда” за 1867–1883 гг.; узоры прыкладнога жанру рэгістраў і спісаў у галіне бібліяграфіі, літаратуры і этнаграфіі; узоры бібліяграфічных аглядаў гісторыі сусветнай і ўкраінскай літаратуры, а таксама прэсазнаўчых і палітычных аглядаў, самыя значныя рэцэнзіі на работы бібліяграфічнага характару, якімі аўтар праклаў шляхі развіцця ўкраінскага бібліяграфазнаўства.