10 ліпеня – 140 гадоў з дня нараджэння
французcкага пісьменніка і філосафа
Марселя Пруста (1871–1922)
Марсель-Валантэн-Луі-Эжэн-Жорж Пруст нарадзіўся 10 ліпеня 1871 года ў Францыі. Яго бацька быў рэспектабельным урачом, а маці паходзіла з заможнай яўрэйскай сям’і. З дзевяцігадовага ўзросту Пруст пакутаваў ад астмы.
У 1882 годзе Марсель паступіў у ліцэй Кандарсэ. Вялікімі поспехамі ў вучобе ён не вылучаўся, таму што мог займацца гадзінамі, але толькі тым, што было яму цікава. Падчас вучобы ў ліцэі Пруст пазнаёміўся з Жакам Бізэ, сынам кампазітара, Люсьенам Дадэ, сынам раманіста, з будучымі мастаком-мадэрністам Морысам Дэні і паэтам Фернанам Грэгам. У ліпені 1889 года ён атрымаў званне бакалаўра і быў асоба адзначаны за сачыненне па французскай мове.
Пасля вучобы ён два гады адслужыў у арміі, затым вучыўся ва ўніверсітэце, у Школе палітычных навук у Арлеане. Там Марсель атрымаў навуковую ступень па юрыспрудэнцыі, а пазней і па літаратуры. Пасля заканчэння ўніверсітэта Пруст стаў частым госцем у парыжскіх салонах, ажыццявіўшы ўзыходжанне па сацыяльнай лесвіцы ад буржуазных салонаў да арыстакратычнай гасцінай яснавяльможнага графа Рабэра дэ Мантэск’ю-Фезенака.
У чэрвені 1895 года ён паступіў на працу ў бібліятэку Мазарыні, але тут жа ўзяў адпачынак “за свой кошт”, які бесперапынна падаўжаў да 1900 года. У пачатку 1892 года Пруст з сябрамі заснаваў часопіс “Банкет”("La Banquet").
У 1894 годзе Марсель Пруст публікуе вершы ў прозе ў дэкадэнцкім стылі. У 1896 годзе выдае зборнік навел з прадмовай Анатоля Франса і ілюстрацыямі спадарыні Лемер "Уцехі і дні". У 1904–1906 гадах выпускае пераклады кніг англійскага мастацкага крытыка Джона Рэскіна "Біблія Ам’ена" і "Сезам і лілеі".
Пруст цяжка перажыў смерць бацькоў і стаў весці пустэльніцкі лад жыцця. Аднойчы ў студзені 1909 года Марсэль піў гарбату з чэрствым бісквітам і ў яго свядомасці раптам мільганула ідэя знакамітага "вопыту памяці", які лёг ў аснову цыклу "У пошуках страчанага часу". Пруст адкрывае, што спалучэнне адчування (смакавага, тактыльнага, сенсарнага), якое захоўвае падсвядомасць на пачуццёвым узроўні, і ўспаміны даюць аб’ёмнасць часу.
К канцу 1911 года першая версія "Пошукаў" была завершана. У 1912 годзе яна называлася "Перабоі пачуццяў". Пруст паказаў рукапіс некалькім рэдактарам, уключаючы Андрэ Жыда. Усе яны адхілі яго, у многім з-за жахліва доўгіх сказаў і наватарскага стылю аўтара. Прусту самому прыйшлося фінансаваць выданне першага тома. Выдаўцом стаў Бернар Грасэ, які запатрабаваў рукапіс скараціць.
У лістападзе 1913 года выйшла першая частка цыклу “У бок Свана”, але была сустрэта холадна чытачамі і крытыкай. Другая частка цыклу “У засені квітнеючых дзяўчат” ("A l'ombre des jeunes filles en fleur") (1918) ужо мела поспех. У 1919 годзе Пруст атрымаў за гэты раман прэстыжную Ганкураўскую прэмію. На працягу наступных гадоў ён прадоўжыў свой цыкл раманамі “Германты” (1920–1921) і “Садом і Гамора” (1921–1922).
Увосень 1922 года, вяртаючыся з гасцей, пісьменнік застудзіўся і захварэў на бранхіт. У лістападзе бранхіт перайшоў у запаленне лёгкіх.
18 лістапада 1922 года Марсель Пруст памёр ад запалення лёгкіх. Апошнія тры тамы – “Нявольніца”, “Знікненне Альберціны” і “Знойдзены час” – выйшлі ўжо пасля яго смерці. Пахаваны на могілках Пер-Лашэз у Парыжы.