ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіВыстаўкіКніжныя выстаўкіВыстаўкі 2011 года Выстаўкі "Пісьменнікі – юбіляры 2011"Рамен Ралан

Рамен Ралан

29 студзеня – 145 гадоў з дня нараджэння французскага пісьменніка Рамена Ралана (1866–1944)

Пісьменнік, драматург, літаратурны крытык, філосаф-праўдашукальнік, музыказнавец, гісторык, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры…Рамен Ралан – прызнаны класік французскай і сусветнай літаратуры ХХ стагоддзя. Яго асоба і творчасць пакінулі глыбокі след у свядомасці некалькіх пакакленняў чытачоў.

Нарадзіўся пісьменнік 29 студзеня 1866 г. у невялікім мястэчку Кламсі ў сям’і натарыуса. Ад яго маці хлопчыку перайшла ў спадчыну незвычайная любоў да музыкі, якая заняла велізарнае месца ў яго жыцці і прайшла праз усю творчасць.

У 1880 г. сям’я Ралана пераязджае ў Парыж. Тут, пасля заканчэння Ліцэя Людовіка Вялікага, у 1886 г. ён паступае на гісторыка-геаграфічнае аддзяленне вышэйшай школы Эколь Нармаль. Гэта была адна з лепшых гуманітарных вышэйшых навучальных устаноў. Атрымаўшы дыплом гісторыка ў 23 гады, Ромен паехаў на стажыроўку ў Рым, дзе правёў два гады. К дваццаці пяці гадам ён назапасіў шырокія веды ў галіне гісторыі, літаратуры і мастацтва. Ведаў на памяць у арыгінале трагедыю Сафокла “Эдзіп-цар” і выдатна разбіраўся ў рускай літаратуры ХIХ стагоддзя. У Італіі напісаў першую п’есу “Арсіна”, якая так і засталася неапублікаванай.

Вярнуўшыся ў Францыю, Рамен Ралан бліскуча абараніў дзве дысертацыі: “Гісторыя еўрапейскай оперы да Люлі і Скарлаці” і “Прычыны заняпаду жывапісу ў Італіі XVI стагоддзя” (1895). Чытаў курс лекцый па гісторыі мастацтваў у Эколь Нармаль і парыжскім універсітэце Сарбона. Сумесна з французскім музыказнаўцам П’ерам Абры ў 1901 г. заснаваў часопіс “La Revue d’histoire et de critique musicales”. У гэты час ён піша артыкулы па гісторыі музыкі, мастацтва, па тэорыі народнага тэатра. Да найбольш вядомых музыказнаўчых работ гэтага перыяду адносяцца “Музыканты мінулага” (1908) і “Музыканты нашых дзён” (1908).

Першым мастацкім творам Рамена Ралана, які ўбачыў свет, стала п’еса “Людовік Святы” (1897), якая разам з драмамі “Аэрт” (1898) і антываеннай п’есай пра англа-бурскую вайну “Надыдзе час” (1903) увайшла ў цыкл “Трагедыі веры”. У гэтых п’есах Ралан на гістарычным матэрыяле ўслаўляе маральную веліч героя-адзіночкі, які ўступіў у барацьбу ў імя высокай ідэі. Іншыя эстэтычныя прынцыпы ён увасабляе ў цыкле п’ес “Тэатр рэвалюцыі”, які складаецца з драм “Ваўкі” (1898), “Трыумф розуму” (1899), “Дантон” (1900), “Чатырнаццатага ліпеня” (1902) і інш.

Ралан напісаў таксама серыю кніг “Жыццё вялікіх людзей” (“Жыццё Бетховена” (1903), “Жыццё Мікеланджэла” (1906), “Гендэль” (1910), “Жыццё Талстога” (1911), “Махатма Гандзі” (1923) і інш.).

У 1904 г. пачынае выходзіць у друку цэнтральны твор яго творчасці – дзесяцітомны раман-эпапея “Жан Крыстоф” (1904–1912). Дзякуючы гэтай кнізе ў 1915 г. Рамен Ралан атрымлівае Нобелеўскую прэмію па літаратуры “за высокі ідэалізм літаратурных твораў, за спагаду і любоў да ісціны, з якой ён апісвае розныя чалавечыя тыпажы”.

У 1914 г. Ралан стварыў свой другі знакаміты раман – “Кала Бруньён”, які ўбачыў свет у 1918 г.

Незадоўга да Першай сусветнай вайны пісьменнік пасяліўся ў Швейцарыі, дзе ў 1915 г. апублікаваў цыкл антываенных артыкулаў у зборніках “Над сутычкай” і “Папярэднікі”.

Ралан вітаў Лютаўскую і ўхвальна ставіўся да Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года ў Расіі. Актыўна перапісваўся з Л. Талстым, А. Луначарскім, быў сябрам М. Горкага, прысвяціў шэраг работ У.І. Леніну. Яго трэці раман “Зачараваная душа” (1922–1933) быў прысвечаны барацьбе супраць пагрозы фашызму. Кніга мела вялікі поспех у перадваеннай моладзі.

З’яўляючыся прэзідэнтам шматлікіх міжнародных антыфашысцкіх канферэнцый і арганізацый, ён браў актыўны ўдзел у антываенным і антыфашысцкім руху. У 1935 г. Ралан наведаў СССР, дзе ўдзельнічаў у рабоце з’езда пісьменнікаў. У гэтым жа годзе выйшлі яго кнігі “Пятнаццаць гадоў барацьбы” і “Праз рэвалюцыю – да міру”.

У гады Другой сусветнай вайны пісьменнік жыве ў мястэчку Везле на поўдні Францыі. Працуе над мемуарамі, завяршае шматтомную работу пра Бетховена (цыкл кніг пад агульнай назвай “Бетховен. Вялікія творчыя эпохі” (1928–1945)), піша біяграфію Шарля Пегі, якая выйшла ў 1944 г.

Знясілены голадам і хваробай, жыве толькі надзеяй на вызваленне Францыі. Пісьменнік дачакаўся шчаслівых дзён лета 1944 г., калі яго радзіма была вызвалена ад фашысцкіх акупантаў.

30 снежня 1944 г. Рамен Ралан памёр ад сухотаў.

Бібліятэкарам
Віртуальныя праекты