ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіВыстаўкіКніжныя выстаўкіВыстаўкі 2016 годаВыстаўкі "Пісьменнікі – юбіляры 2016"Мікалай Гумілёў

Мікалай Гумілёў

Мікалай Сцяпанавіч Гумілёў (1886–1921) – выдатны паэт Сярэбранага веку, заснавальнік буйной літаратурнай плыні акмеізм. Ён быў сапраўды рознабаковым чалавекам як у жыцці (паэт, вандроўца, даследчык-этнограф, паляўнічы, афіцэр), так і ў творчасці (з-пад яго пяра выходзілі вершы і паэмы, апавяданні і п’есы, пераклады заходніх аўтараў і старажытнага шумерскага эпасу пра Гільгамеша, крытычныя артыкулы і літаратурныя маніфесты).

Юбілейная кніжная выстаўка налічвае каля 100 выданняў. Сярод іх – збор твораў, зборнікі драматургіі, прозы і лірыкі, літаратура пра жыццё і творчасць паэта.

З канца 1909 г. у часопісе “Аполлон” пачалі публікаваць “Письма о русской поэзии” М. Гумілёва. Сабраныя артыкулы ў выглядзе асобнага выдання выйшлі ўжо пасля смерці паэта ў выдавецтве “Мысль” у 1923 г. Аднак з ідэяй сваіх літаратурных сяброў аўтар быў знаёмы, разважаючы аб спосабе сістэматызацыі матэрыялу ў кнізе. Гэты зборнік уключаны ў экспазіцыю.

З 1918 г. М. Гумілёў рэдагаваў паэтычную серыю ў выдавецтве “Всемирная литература”, якім кіраваў М. Горкі. На выстаўцы экспануецца кніга “Баллады о Робин Гуде” (Пецярбург, 1919) пад рэдакцыяй М. Гумілёва.

Прадстаўлены шэраг мініяцюрных і малафарматных выданняў лірыкі Мікалая Гумілёва, ілюстраваных рэпрадукцыямі твораў рускага мастацтва. Цікавай з’яўляецца і шырока прадстаўленая літаратура, прысвечаная жыццю і творчасці паэта: “Образ Гумилёва в советской и эмигрантской поэзии” (Масква, 2004), Ю.У. Зобнін “Николай Гумилёв” (Масква, 2013), А.Б. Давідсон “Мир Николая Гумилёва, поэта, путешественника, воина” (Масква, 2008) і інш.

Кніга У.Л. Палушына “Николай Гумилёв: Жизнь расстрелянного поэта” (Масква, 2007), выдадзеная ў серыі “Жизнь замечательных людей”, з’яўляецца першай спробай сабраць усе існуючыя сёння звесткі ў цэласны жыццяпіс паэта, набліжаны да хронікі.

Кніга Я.Я. Сцяпанава “Поэт на войне. Николай Гумилёв. 1914–1918” (Масква, 2014) уяўляе сабой дакументальную хроніку, якая расказвае пра чатыры гады, праведзеныя паэтам на франтах Першай сусветнай вайны. Істотная частка архіваў у кнізе апублікавана ўпершыню. Выданне прымеркавана да 100-й гадавіны з пачатку Першай сусветнай вайны.

Паказальнае выданне В. Шубінскага “Зодчий. Жизнь Николая Гумилёва” (Масква, 2015), якое ўяўляе сабой падрабязную дакументальную біяграфію рускага паэта. Аўтар аналізуе шматлікія ўспаміны і водгукі сучаснікаў Гумілёва (у тым ліку і неапублікаваныя), лісты і дзённікі. У кнізе размешчана звыш двухсот архіўных фатаграфій, многія з якіх публікуюцца ўпершыню.

Выстаўка прызначана для ўсіх чытачоў, якія цікавяцца жыццём і творчасцю знакамітага рускага пісьменніка.

Бібліятэкарам