Усе дасягненні бібліятэкі з першых дзён яе функцыянавання – вынік працы і адданага служэння справе не аднаго пакалення супрацоўнікаў.
Ля вытокаў фарміравання бібліятэкі стаяў прафесіянал высокага ўзроўню Іосіф Бенцыянавіч Сіманоўскі – першы дырэктар бібліятэкі, які заставаўся на гэтай пасадзе на працягу чатырох дзесяцігоддзяў і цалкам прысвяціў сябе служэнню бібліятэчнай справе.
Побач з І.Б. Сіманоўскім працавалі такія ж адданыя бібліятэчнай справе, кнізе і бібліятэцы людзі: Юлія Іосіфаўна Бібіла, першы загадчык аддзела беларускай літаратуры і бібліяграфіі, адна са стваральнікаў першай у рэспубліцы краязнаўчай бібліяграфічнай картатэкі; Мікалай Мікалаевіч Улашчык, сакратар Кніжнай палаты, вядомы беларускі гісторык; Вольга Аляксандраўна Малініна, адна з першых бібліятэкараў вышэйшай кваліфікацыі ў савецкай Беларусіі, загадчык аддзела апрацоўкі, даведачна-бібліяграфічнага аддзела.
Усе дасягненні бібліятэкі абумоўлены энтузіязмам і тытанічнай працай калектыву, які фарміраваўся з лепшых прадстаўнікоў інтэлігенцыі. У 1930 г. пасля заканчэння лінгвістычнага аддзялення педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прыйшла ў бібліятэку Ніна Барысаўна Ватацы, якая стала пазней найвядомейшым бібліёграфам і літаратуразнаўцам, даследчыцай літаратурнай спадчыны М. Багдановіча, Я. Купалы, Я. Коласа, К. Крапівы і іншых беларускіх пісьменнікаў. Член Саюза пісьменнікаў СССР, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, яна больш за 50 гадоў аддала служэнню бібліятэцы і беларускай літаратуры.
У лістападзе 1932 г. на працу ў бібліятэку была прынята Мар’яна Ільінічна Масенжнік, якая пазней займала пасаду загадчыка кабінета бібліятэказнаўства, загадчыка даведачна-бібліяграфічнага аддзела. Разам з ёй працавалі бібліёграф Фаня Іосіфаўна Мільчына, затым загадчык метадычнага кабінета, Фаіна Аронаўна Мерына – старэйшы бібліёграф Кніжнай палаты, загадчык аддзела тэхнічнай літаратуры.
У 1936 г. пасля заканчэння аспірантуры пры Маскоўскім бібліятэчным інстытуце з пасады старэйшага навуковага супрацоўніка пачала сваю дзейнасць Ніна Варфаламееўна Каляда, пазней намеснік дырэктара па навуковай частцы. У гэтым жа годзе пачала сваю працоўную дзейнасць у бібліятэцы Пая Львоўна Іомтава.
На долю перадваеннага пакалення супрацоўнікаў бібліятэкі выпалі выпрабаванні ваеннага ліхалецця. Нягледзячы ні на што, многія з іх, будучы ў эвакуацыі, не спынялі сваёй дзейнасці і пазней былі ўзнагароджаны медалем “За доблестный труд в Великой Отечественной войне”. Нельга абысці і той факт, што ў час Вялікай Айчыннай вайны загінулі 26 супрацоўнікаў бібліятэкі, якія не змаглі або не паспелі эвакуіравацца.
У разбуранай бібліятэцы, якая не ацяплялася, прыкладаючы ўсе намаганні для хутчэйшага аднаўлення ўсіх яе функцый у поўным аб’ёме, працавалі ў імя кнігі і чытача, не лічачыся з часам, не пагарджаючы ніякай працай, не думаючы пра ўзнагароды і пашану, Браніслава Міхайлаўна Лефта – загадчык аддзела апрацоўкі і каталогаў, Адам Антонавіч Сакольчык – загадчык Беларускай кніжнай палаты, пазней загадчык кабінета беларускай літаратуры і бібліяграфіі, Арон Мендзялеевіч Дукор – старэйшы бібліёграф даведачна-інфармацыйнага аддзела, Раман Макеевіч Казуноў – намеснік дырэктара па навуковай частцы, Вольга Аляксандраўна Малініна і многія іншыя.
У пачатку 50-х у бібліятэку прыйшлі новыя супрацоўнікі, якія з удзячнасцю і пашанай перанялі ад старэйшых традыцыі бібліятэкі, дух служэння бібліятэчнай справе. Сярод іх Інеса Аляксееўна Сініцына – бібліятэкар аддзела беларускай літаратуры і бібліяграфіі, пазней намеснік дырэктара па бібліятэчнай рабоце; Галіна Фёдараўна Грышына – галоўны бібліятэкар Кніжнай палаты, пазней загадчык аддзела апрацоўкі і каталогаў; Зоя Уладзіміраўна Дзьяканава – метадыст, загадчык сектара па рабоце сярод дзяцей; Вера Сяменаўна Адамовіч – загадчык Кніжнай палаты; Рыма Іванаўна Кулагіна – бібліятэкар, загадчык сектара метадычнага аддзела; Зоя Антонаўна Сядая – бібліёграф, пазней загадчык даведачна-бібліяграфічнага аддзела; Ігар Валянцінавіч Жолудзеў – загадчык аддзела замежнай літаратуры і міжнароднага кнігаабмену, пазней загадчык аддзела рэдкай кнігі; Валянціна Нікіфараўна Дышыневіч – старэйшы бібліятэкар, загадчык чытальнага зала навуковых работнікаў, загадчык аддзела мастацтва, галоўны бібліёграф сектара рэдкай кнігі; Ірына Аляксандраўна Санкова – метадыст, загадчык навукова-метадычнага аддзела, намеснік дырэктара па навуковай рабоце і многія іншыя. З 1961 па 1967 год бібліятэку ўзначальваў Фёдар Уладзіміравіч Сцепанюк. У 1968 г. на гэтай пасадзе яго змяніў Эдуард Мікалаевіч Цыганкоў, які прысвяціў бібліятэчнай справе каля 40 гадоў, з іх 15 – Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У.І. Леніна.
У 1972 г. выдатная праца бібліятэкі была адзначана кіраўніцтвам саюзнай дзяржавы: Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Дзяржаўная бібліятэка БССР была ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, адной з найважнейшых дзяржаўных узнагарод. Так была адзначана сумесная ўпартая праца згуртаванага калектыву – унікальнай супольнасці спецыялістаў бібліятэчнай справы ўсіх рангаў. Гэта быў калектыў сапраўдных прафесіяналаў: Канстанцін Сямёнавіч Санько – загадчык навукова-даследчага аддзела, намеснік дырэктара па навуковай рабоце; Хана Гершанаўна Меламед – загадчык навукова-метадычнага аддзела бібліятэказнаўства; Елізавета Ігнатаўна Апацкая – загадчык аддзела беларускай літаратуры і бібліяграфіі; Рыма Міхайлаўна Чыгірова – загадчык аддзела беларускай літаратуры, галоўны бібліёграф навукова-даследчага аддзела; Клаўдзія Аляксандраўна Навуменка – загадчык навукова-метадычнага аддзела па рабоце з дзіцячым чытачом; Ларыса Іванаўна Прадко – загадчык аддзела абслугоўвання; Валянціна Уладзіміраўна Ваўчык – галоўны бібліятэкар аддзела камплектавання; Надзея Іосіфаўна Машчанка – загадчык аддзела кнігазахавання; Зоя Іванаўна Кац – загадчык аддзела абменна-рэзервовых фондаў; Вера Іванаўна Партнова – загадчык сектара чытальных залаў для навуковых работнікаў; Алена Сяргееўна Абруціна – загадчык сектара аддзела мастацтва; Тамара Іванаўна Папова – намеснік дырэктара па навуковай рабоце і многія іншыя, чые імёны хоць і не ўзгаданы тут, але ўклад кожнага з супрацоўнікаў гэтага перыяду, памножаны на прафесіяналізм і адказнасць, сёння складае вялікі навуковы і культурны патэнцыял бібліятэкі.
У 1983 г. калектыў бібліятэкі ўзначаліў Аляксандр Гаўрылавіч Міхаленя, які працаваў на этай пасадзе да 1990 года.
Канец 1980-х – 1990-я гады – пачатак фарміравання вобразу бібліятэкі не толькі як захавальніцы унікальнай дакументальнай спадчыны, але і сучаснай інфармацыйнай структуры. Узяць на сябе асноўны груз па кіраванні бібліятэкай у перыяд радыкальных сацыяльна-эканамічных і палітычных змен прыйшлося Галіне Мікалаеўне Алейнік, першай жанчыне, якая займала пасаду дырэктара бібліятэкі з 1990 па 2002 год. Але ў многім дзякуючы менавіта яе настойлівасці, адбыліся зрухі да ажыццяўлення праекта новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Поспехі і прызнанне на нялёгкім шляху інтэграцыі нацыянальнай навукі і культуры ў сусветную інфармацыйную прастору былі, без сумненняў, дасягнуты і дзякуючы творчаму патэнцыялу, прафесійным ведам калектыву, у тым ліку Ірыны Аляксандраўны Прылішч – намесніка дырэктара па навуковай рабоце; Галіны Канстанцінаўны Кулагі – загадчыка аддзела бібліятэказнаўства; Людмілы Генадзьеўны Кірухінай – намесніка дырэктара па навуковай рабоце і сувязях з грамадскасцю; Таццяны Анатольеўны Яроха – загадчыка даведачна-інфармацыйнага аддзела; Людмілы Іванаўны Курылінай – загадчыка аддзела МБА; Людмілы Мікалаеўны Рабок – загадчыка беларускага аддзела; Вольгі Анатольеўны Сабалеўскай – загадчыка аддзела бібліятэказнаўства; Таццяны Мікалаеўны Мінчэні – вучонага сакратара; Алы Васільеўны Мураўёвай – загадчыка навукова-бібліяграфічнага аддзела; Людмілы Георгіеўны Стружэцкай – загадчыка аддзела абслугоўвання; Тамары Уладзіміраўны Аксёнавай – намесніка дырэктара па бібліятэчнай рабоце; Таццяны Іванаўны Рошчынай – галоўнага бібліёграфа аддзела замежнай літаратуры, загадчыка аддзела рэдкай кнігі; Галіны Васільеўны Шмыровай – загадчыка рэдакцыйна-выдавецкага аддзела.
Пачатак новага тысячагоддзя быў адзначаны выхадам бібліятэкі на новы сусветны ўзровень развіцця дзякуючы новаму інтэлектуальнаму будынку, абсталяванаму праграмна-тэхнічным комплексам, а таксама нястомнаму імкненню калектыву адпавядаць сучасным патрабаванням інфармацыйнага грамадства. У гэты знакавы перыяд бібліятэку ўзначаліў вядомы бібліятэказнаўца, прафесар, доктар педагагічных навук Раман Сцяпанавіч Матульскі. Дзякуючы яго арганізатарскім здольнасцям, стала магчыма поўнае пераўвасабленне бібліятэкі ў інфармацыйны, сацыякультурны і сацыяпалітычны цэнтр сусветнага значэння.
Праходзяць гады, змяняюцца пакаленні, але застаюцца традыцыі служэння бібліятэчнай справе, кнізе, грамадству, што дазваляе бібліятэцы па-ранейшаму рухацца па шляху паспяховага вырашэння самых смелых задач і заваёўваць прызнанне карыстальнікаў і калег як на рэспубліканскім, так і на сусветным узроўнях.