ГалоўнаяПра бiблiятэкуСучасны стан

Сучасны стан Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Новы будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, ва ўзвядзенні якога прымала ўдзел уся краіна, адкрыўся для карыстальнікаў 16 чэрвеня 2006 г. На цырымоніі ўрачыстага адкрыцця было адзначана, што гэты ўнікальны будынак – велічнае інжынернае і архітэктурнае збудаванне, узведзенае згодна з найноўшымі навукова-тэхнічнымі распрацоўкамі. На аснове высокіх тэхналогій і інфармацыйных рэсурсаў, якія рэгулярна папаўняюцца, бібліятэка зможа на больш высокім узроўні абслугоўваць адукацыйныя, навуковыя, выхаваўчыя запатрабаванні грамадства, садзейнічаць тэхнічнаму і эканамічнаму прагрэсу, рашэнню глабальных экалагічных, дэмаграфічных і іншых агульначалавечых праблем, якія стаяць перад грамадствам.

Новы будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі знаходзіцца на галоўнай транспартнай магістралі сталіцы рэспублікі – праспекце Незалежнасці ва ўнікальнай ландшафтнай зоне з асаблівай воднай і паркавай сістэмамі. Перад яго фасадам на невялікай пляцоўцы размяшчаецца адліты з бронзы помнік беларускаму першадрукару Францыску Скарыне. Знешне будынак нагадвае прыбліжаны да шара абліцаваны шклом шматграннік – “брыльянт”, які ўзнімаецца ў цэнтры 3-павярховай падстаўкі (стылабата). Форма будынка сімвалізуе сабой каштоўнасць ведаў і бясконцасць пазнавальнага свету (аўтары архітэктурнага праекта – М.К. Вінаградаў і В.У. Крамарэнка).

Асноўныя параметры новага будынка

  • агульная плошча будынка – 113 669 кв. м;
  • у тым ліку фондасховішча – 54 960 кв. м;
  • будаўнічы аб’ём будынка – 420 558 куб. м;
  • у тым ліку фондасховішча – 200 580 куб. м;
  • вышыня будынка – 73 670 м;
  • умяшчальнасць фондасховішча – 14 млн адзінак захоўвання;
  • колькасць чытацкіх месцаў – 1 600;
  • колькасць чытальных залаў – 17;
  • колькасць аўтаматызаваных рабочых месцаў карыстальнікаў і персаналу – 320.

Мастацка-дэкаратыўнае афармленне будынка

Стварэнню індывідуальнага вобраза Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі садзейнічае і мастацка-дэкаратыўнае афармленне будынка. Праз галоўны ўваход, выкананы ў выглядзе старонак разгорнутай кнігі з мастацкімі выявамі на тэму развіцця сусветнай і славянскай пісьменнасці, наведвальнікі трапляюць у вестыбюль, які ўражвае багаццем асвятлення і зеляніны. Тут адбываецца першае знаёмства карыстальнікаў з бібліятэкай, размяшчаюцца даведачна-рэгістрацыйная і інфармацыйная службы, ажыццяўляецца запіс на экскурсійнае абслугоўванне.

На першым паверсе ў зоне атрыума карыстальнікі атрымліваюць звесткі пра наяўнасць канкрэтнага выдання ў бібліятэцы, вучацца самастойнаму пошуку дакументаў з выкарыстаннем аўтаматызаваных сродкаў. Даведачна-інфармацыйны апарат гэтай зоны прадстаўлены электронным каталогам, што вядзецца з 1993 г., імідж-каталогам, які з’яўляецца электронным адлюстраваннем Генеральнага алфавітнага каталога і Сістэматычнага каталога картаграфічных выданняў і інш. Новае праграмнае забеспячэнне, укаранёнае ў бібліятэцы, дазваляе ажыццяўляць шматаспектны пошук дакументаў, аўтаматызаваць працэсы заказу і выдачы друкаваных дакументаў карыстальнікам; забяспечвае доступ да найбольш актуальных электронных рэсурсаў: баз даных, набытых бібліятэкай у вядучых сусветных вытворцаў, баз даных уласнай генерацыі і значнай колькасці бібліяграфічных і паўнатэкставых выданняў на CD-ROM. Бібліятэчна-інфармацыйныя паслугі даступны не толькі карыстальнікам, якія наведалі бібліятэку.

Павышэнню эфектыўнасці абслугоўвання аддаленых карыстальнікаў садзейнічаюць віртуальныя службы і сэрвісы бібліятэкі, якія прадастаўляюцца сродкамі інтэрнэт-партала: "Спытай бібліятэкара", "Электронная дастаўка дакументаў", "Віртуальны цэнтр прававой інфармацыі"Віртуальны цэнтр па дзейнасці міжнародных арганізацый “Адкрытая інфармацыя”. З мэтай пашырэння аўдыторыі карыстальнікаў у бібліятэцы функцыянуе віртуальная чытальная зала, якая забяспечвае аддаленым карыстальнікам доступ да электронных інфармацыйных рэсурсаў. Новы будынак даў магчымасць аптымізаваць арганізацыю фондаў бібліятэкі, прыблізіўшы да карыстальнікаў найбольш актуальныя выданні – энцыклапедыі, даведнікі, вучэбныя выданні. Усе яны прадстаўлены ў адкрытым доступе.

Нягледзячы на маштабы будынка, дастаўка кніг і іншых дакументаў з фондасховішча ажыццяўляецца ў аператыўным рэжыме з выкарыстаннем тэлеліфтаў, якія на працягу 20-ці хвілін даставяць запатрабаваную літаратуру карыстальнікам. Такая сістэма аўтаматызаванай транспарціроўкі ў нашай рэспубліцы выкарыстоўваецца ўпершыню.

Чытальныя залы

У новым будынку бібліятэкі 17 чытальных залаў, якія дыферэнцуюцца па розных прыметах з улікам адукацыйнага ўзроўню карыстальнікаў, галін ведаў, відаў дакументаў. Залы разлічаны на 1 600 месцаў і размешчаны на трох паверхах. Усе яны аснашчаны электроннымі кафедрамі выдачы дакументаў, сучасным абсталяваннем, якое дазваляе ажыццявіць сканіраванне і капіраванне дакументаў, друк з электронных копій, часткова камп’ютарызаванымі рабочымі месцамі для карыстальнікаў. У чытальных залах створаны камфортныя ўмовы для работы. Не забыты і карыстальнікі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Усе залы светлыя, з іх вокнаў адкрываецца маляўнічы від на парк і водную сістэму.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі ажыццяўляе бібліятэчна-інфармацыйнае абслугоўванне сляпых і асоб з глыбокімі парушэннямі зроку шляхам кансультавання, прадастаўлення даведачна-бібліяграфічных паслуг і забеспячэння доступу да інфармацыйных рэсурсаў.

У стылабаце размяшчаюцца таксама вытворча-адміністрацыйныя і гаспадарчыя памяшканні, канферэнц-зала на 490 месцаў.

Унікальнасць праекта новага будынка бібліятэкі заключаецца ў тым, што яе фондасховішча размешчана ў вышыннай частцы будынка. Такое размяшчэнне мае бясспрэчную перавагу ў параўнанні з падземным, таму што з’яўляецца аптымальным з кліматычнага пункту гледжання. Да таго ж калідоры, размешчаныя па перыметры ўсяго фондасховішча, ствараюць двайную праслойку (прынцып тэрмаса) і дазваляюць у любое надвор’е падтрымліваць пастаянную тэмпературу ўнутры памяшкання.

Будынак бібліятэкі аснашчаны сучасным інжынерным абсталяваннем, аб’яднаным у адзіны комплекс, які дае магчымасць кіраваць усім жыццёвым цыклам існавання аб’екта і яго падсістэмамі як адзіным цыклам, што дазваляе называць яго інтэлектуальным будынкам. Комплекс інфармацыйна-тэхналагічных сістэм Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі прызначаны для выканання ўсіх бібліятэчна-інфармацыйных, тэхналагічных працэсаў і аперацый, складаецца з адпаведнага тэхнічнага сеткавага, праграмнага і інфармацыйна-лінгвістычнага забеспячэння і ўключае аўтаматызаваную бібліятэчную інфармацыйную сістэму, інтэрнэт-партал, сістэму карпаратыўнай каталагізацыі дакументаў і Зводны электронны каталог, сістэму фарміравання нацыянальнай базы даных аўтарытэтных/нарматыўных запісаў, сістэму кантролю і кіравання доступам, сістэму стварэння электронных копій дакументаў, сістэму дастаўкі дакументаў, сістэму рэстаўрацыі і кансервацыі дакументаў, сістэму рэдакцыйна-выдавецкай дзейнасці і г.д. Комплекс інфармацыйна-тэхналагічных сістэм дазваляе па-новаму ўбачыць тэхналогію асноўных напрамкаў дзейнасці бібліятэкі: фарміраванне інфармацыйных рэсурсаў, абслугоўванне карыстальнікаў, арганізацыю фондаў і забеспячэнне іх захаванасці.

Дзейнасць

Актыўная сусветная інфарматызацыя, прагрэс інфармацыйных тэхналогій прад’явілі новыя патрабаванні да галоўнай бібліятэкі краіны, выклікалі неабходнасць узмацнення яе ролі ў жыцці грамадства, стварылі спрыяльныя ўмовы для забеспячэння інавацыйных, навуковых, творчых, пазнавальных і іншых запатрабаванняў карыстальнікаў бібліятэкі, для павышэння якасці і аператыўнасці працы персаналу.

У адпаведнасці з прапановай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі, якая прагучала ў 2004 г. на пастаянна дзеючым семінары кіруючых работнікаў рэспубліканскіх і мясцовых дзяржаўных органаў (“Інавацыйная палітыка дзяржавы і шляхі яе рэалізацыі”), аб стварэнні на базе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі рэспубліканскага інфармацыйнага цэнтра была распрацавана і зацверджана Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь “Канцэпцыя стварэння рэспубліканскага інфармацыйнага і сацыякультурнага цэнтра на базе новага будынка дзяржаўнай установы «Нацыянальная бібліятэка Беларусі»”. Паводле гэтай канцэпцыі бібліятэка як рэспубліканскі інфармацыйны цэнтр:

  • фарміруе адзіную інфармацыйную прастору і арганізуе доступ да нацыянальных і замежных інфармацыйных рэсурсаў;
  • стварае і падтрымлівае інтэрнэт-партал;
  • генерыруе агульнадаступныя нацыянальныя электронныя інфармацыйныя рэсурсы;
  • арганізоўвае функцыянаванне сістэмы карпаратыўнай каталагізацыі, вядзе Зводны электронны каталог бібліятэк Беларусі, базы даных нацыянальнага дакумента і аўтарытэтных запісаў.

У 2023 годзе Нацыянальная бібліятэка Беларусі ў чарговы раз прайшла акрэдытацыю ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Дзяржаўным камітэце па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь, у выніку якой пацвердзіла статус навуковай арганізацыі (пасведчанне аб акрэдытацыі навуковай арганізацыі ад 22 снежня 2023 г. № 215). Навуковыя арганізацыі праходзяць акрэдытацыю раз на пяць гадоў, раней акрэдытацыя была пройдзена ў 2013 і 2018 гадах.

Унікальныя архітэктурна-будаўнічыя і праграмна-тэхналагічныя асаблівасці новага будынка бібліятэкі садзейнічаюць рэалізацыі яе місіі як сацыяпалітычнага і сацыякультурнага цэнтра. У адпаведнасці з пратаколам даручэнняў кіраўніка дзяржавы ад 15 красавіка 2005 г. на базе будынка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі створаны Цэнтр міжнародных сустрэч і перамоў на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, які ўключае Авальную і Круглую залы міжнародных пасяджэнняў, канферэнц-залу, міжнародны прэс-цэнтр. Найбольш важнай мэтай цэнтра з’яўляецца арганізацыя і правядзенне міжнародных перамоў, дзелавых сустрэч, канферэнцый, сімпозіумаў і форумаў палітычнай, экалагічнай і прававой тэматыкі.

Аснашчанасць Цэнтра міжнародных сустрэч і перамоў на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў спецыяльнай сувяззю і шматфункцыянальным сучасным абсталяваннем забяспечвае правядзенне буйных палітычных, культурных, адукацыйных мерапрыемстваў на высокім тэхнічным і прафесійным узроўні.

Вялікая ўвага надаецца ў бібліятэцы экскурсійнай дзейнасці. Асаблівую папулярнасць атрымалі аглядныя экскурсіі, якія знаёмяць наведвальнікаў непасрэдна з новым будынкам бібліятэкі, даюць як мага больш поўнае ўяўленне пра работу бібліятэкі, архітэктурныя асаблівасці, мастацкае афармленне, тэхнічны ўзровень. На даху бібліятэкі размяшчаецца аглядная пляцоўка, куды наведвальнікаў дастаўляе панарамны ліфт і адкуль яны могуць любавацца цудоўным краявідам Мінска.

У склад сацыякультурнага цэнтра ўваходзяць канферэнц-зала, комплекс мастацкіх галерэй, музей кнігі, аглядная пляцоўка, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, дзіцячы пакой для гульняў, зоны рэкрэацыі.

У бібліятэцы праводзяцца культурныя і адукацыйныя акцыі з удзелам прадстаўнікоў дыпламатычных місій, міжнародных урадавых і грамадскіх прафесійных арганізацый.

Адным з асноўных напрамкаў дзейнасці сацыякультурнага цэнтра з’яўляецца экспазіцыйная дзейнасць галерэйнага комплексу, які складаецца з 4 галерэй: “Атрыум”, “Лабірынт”, “Ракурс” і “Панарама”.

Разам з мастацкімі галерэямі важным элементам сацыякультурнага цэнтра з’яўляецца экспазіцыйна-выставачная зала “музей кнігі”, створаная з мэтай азнаямлення наведвальнікаў з развіццём беларускай кніжна-пісьмовай культуры ў кантэксце сусветнай гісторыі кнігі, а таксама з асноўнымі вехамі гісторыі галоўнай кніжнай скарбніцы краіны. Пастаянныя і часовыя экспазіцыі, музейныя заняткі і экскурсіі дазваляюць паўнавартасна раскрыць найкаштоўнейшыя калекцыі бібліятэчнага фонду, убачыць арыгіналы кніжных помнікаў: рукапісныя кнігі і старадрукі, рэдкія і каштоўныя выданні XVІІІ–XXI стагоддзяў. Дадзеная зала абсталявана сучасным выставачным абсталяваннем. Спецыяльная апаратура дазваляе падтрымліваць неабходную тэмпературу і вільготнасць у памяшканні.

З 2024 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі функцыянуе Кітайскі цэнтр кнігі, створаны пры садзейнічанні Кітайскай міжнароднай камунікацыйнай групы. Тут карыстальнікі бібліятэкі могуць пазнаёміцца з літаратурай пра гісторыю, дзяржаўны лад, культуру і мастацтва, традыцыі і звычаі Кітая, а таксама з творамі кітайскіх аўтараў. Выданні прадстаўлены на кітайскай, рускай, англійскай і іншых мовах.

Важнай падзеяй стала далучэнне ў 2024 годзе да Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адасобленага структурнага падраздзялення філіяла “Кніжная палата Беларусі”.

Бібліятэкарам
Віртуальныя праекты