ГалоўнаяПра бiблiятэкуСучасны станМіжнародная дзейнасцьМіжнароднае супрацоўніцтва і сувязі

Міжнароднае супрацоўніцтва і сувязі

Інтэграцыя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (НББ) у міжнародную сістэму бібліятэчна-інфармацыйных устаноў – мэта нашай міжнароднай дзейнасці, якая ажыццяўляецца ў рамках партнёрства і супрацоўніцтва з замежнымі бібліятэкамі, інфармацыйнымі і адукацыйнымі ўстановамі, прафесійнымі і грамадскімі арганізацыямі на аснове сумеснага фарміравання і выкарыстання інфармацыйных рэсурсаў, а таксама прафесійнага, культурнага, інтэлектуальнага і дакументнага абмену. Асаблівае значэнне НББ надае супрацоўніцтву з міжнароднымі прафесійнымі арганізацыямі. Нацыянальная бібліятэка з'яўляецца членам такіх арганізацый, як некамерцыйнае партнёрства “Бібліятэчная асамблея Еўразіі”, Міжнародная федэрацыя бібліятэчных асацыяцый і ўстаноў (IFLA), Міжнародны бібліятэчны саюз “Шаўковы шлях” (SRILA). Актыўна ажыццяўляецца ўзаемадзеянне з Нацыянальнай камісіяй па справах ЮНЕСКА ў Рэспубліцы Беларусь.

Сёння Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі падпісаныя 46 дзеючых пагадненняў аб супрацоўніцтве з замежнымі ўстановамі культуры і адукацыі. З прычыны геаграфічнай і культурнай блізкасці найбольш актыўна развіваецца супрацоўніцтва з партнёрамі ў краінах СНД. Таксама наладжаны сувязі з бібліятэкамі еўрапейскіх краін, Кітая, Егіпта, Турцыі, Інданезіі і Пакістана.

Супрацоўніцтва з партнёрамі вядзецца па наступных напрамках: міжнародны дакументаабмен (МДА), міжбібліятэчны абанемент, прафесійныя візіты, рэалізацыя праектаў і правядзенне мерапрыемстваў сумесна з замежнымі партнёрамі, правядзенне штогадовых міжнародных канферэнцый на базе НББ (міжнародны кангрэс “Бібліятэка як феномен культуры”, Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні, міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Электронная культура”). За апошнія некалькі гадоў НББ наведвалі спецыялісты вядучых бібліятэк краін СНД, найбуйнейшых рэгіянальных бібліятэк Расіі, прафесійныя дэлегацыі Інданезіі, Кітая, Турцыі і Грузіі.

Адзін з асноўных напрамкаў міжнароднай дзейнасці – вяртанне помнікаў кніжнай культуры Беларусі, якія апынуліся за межамі нашай краіны. Гэта дзейнасць уключае пошук у замежных калекцыях, улік і апісанне помнікаў, атрыманне арыгіналаў найбольш каштоўных адзінак або іх лічбавых копій, забеспячэнне доступу да іх шляхам уключэння ў склад найбуйнейшай у краіне электроннай бібліятэкі і выпуску факсімільных выданняў. Найбольш значным стаў праект па факсімільным узнаўленні кніжнай спадчыны Францыска Скарыны, рэалізаваны НББ сумесна з Банкам БелВЭБ у 2012–2017 гг. З мэтай падрыхтоўкі 21-томнага выдання “Кніжная спадчына Францыска Скарыны” спецыялісты НББ правялі даследаванне па выяўленні арыгінальных выданняў беларускага першадрукара, якія захоўваюцца ў фондах замежных бібліятэк, і запыталі факсімільныя копіі асобнікаў кожнай з кніг, якія найлепшым чынам захаваліся. Кожны том суправаджаецца прадмовамі Францыска Скарыны да біблейскіх кніг і навуковымі каментарыямі на беларускай, рускай і англійскай мовах. Па заканчэнні праекта камплекты кніг “Кніжная спадчына Францыска Скарыны” перададзены ў найбуйнейшыя беларускія і замежныя бібліятэкі і ўстановы адукацыі. У 2018 г. рэалізаваны аналагічны праект па факсімільным рэпрадукаванні першай кнігі пад назвай “Буквар”, выдадзенай у г. Вевіс (Літва) у 1618 г.

Актыўна рэалізуюцца праекты з нацыянальнымі бібліятэкамі дзяржаў – членаў Садружнасці. Найбольш маштабным з іх з’яўляецца праект “Залатая калекцыя Еўразіі”, распрацаваны Расійскай дзяржаўнай бібліятэкай. Праект накіраваны на стварэнне лічбавай калекцыі найбольш выбітных і каштоўных выданняў, якія адлюстроўваюць культуру народаў краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў, якія раскрываюць гістарычныя карані і духоўныя сувязі паміж народамі еўразійскай прасторы. Сярод удзельнікаў праекта НББ займае лідзіруючыя пазіцыі па колькасці прадстаўленых лічбавых копій нацыянальных выданняў.

Важным для НББ аспектам супрацоўніцтва з замежнымі краінамі з’яўляецца магчымасць папулярызаваць культурную спадчыну Беларусі. У гэтым кірунку было рэалізавана некалькі праектаў, найбольш маштабным з якіх стаў праект “Беларусь сегодня”. У яго рамках ажыццяўляецца перадача ў фонды замежных бібліятэк беларускіх выданняў, якія адлюстроўваюць багатую культурную, літаратурную і гістарычную спадчыну нашай краіны. Дадзены праект рэалізуецца НББ з 2010 г. пры падтрымцы Міністэрства культуры і Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Камплекты кніг беларускіх выдавецтваў ужо папоўнілі фонды 29 найбуйнейшых бібліятэк свету: Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Іспаніі, Латвіі, Літвы, Расіі, Сербіі, ЗША, Польшчы, Францыі, Фінляндыі, Турцыі, Расіі, Малдовы.

Спецыялісты Нацыянальнай бібліятэкі прымаюць актыўны ўдзел у мерапрыемствах у краінах-партнёрах, асноўная мэта якіх – абмен вопытам і павышэнне кваліфікацыі, збліжэнне нацыянальных культур і актывізацыя супрацоўніцтва паміж краінамі. Так, да прыкладу, у 2021 і 2022 гадах супрацоўнікі бібліятэкі прынялі ўдзел у праекце “Адукацыйная калабарацыя бібліятэк Садружнасці” ў рамках праграмы кароткатэрміновых азнаямленчых паездак у Расійскую Федэрацыю маладых прадстаўнікоў бібліятэк. Праект рэалізавала Расійская дзяржаўная бібліятэка і Федэральнае агенцтва па справах Садружнасці Незалежных Дзяржаў, суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой, і па міжнародным гуманітарным супрацоўніцтве (Рассупрацоўніцтва). Асноўнай мэтай навучальнага праекта “Адукацыйная калабарацыя бібліятэк Садружнасці” з’яўляецца павышэнне кваліфікацыі бібліятэчных спецыялістаў, знаёмства з перадавым вопытам бібліятэк краін СНД, пашырэнне тэарэтычных ведаў і практычных навыкаў па актуальных пытаннях бібліятэчнай сферы.

Бібліятэчныя спецыялісты публікуюцца ў замежных прафесійных выданнях, выступаюць з дакладамі, удзельнічаюць у круглых сталах, семінарах, канферэнцыях і інш. Безумоўна, усё гэта накіравана на азнаямленне з працай замежных бібліятэк, выяўленне там беларускіх дакументаў і размяшчэнне лічбавых копій такіх дакументаў у электроннай бібліятэцы, правядзенне выстаў, міжнародных канферэнцый і сімпозіумаў на тэрыторыі замежных бібліятэк.

Сярод актуальных выставачных праектаў НББ, якія праходзяць у замежных бібліятэках, варта адзначыць інфармацыйна-ілюстрацыйны праект “Лясная песня”, фотапраекты “Беларусь: чароўныя імгненні” і “Нацыянальная бібліятэка Беларусі: учора, сёння, заўтра”.

НББ актыўна ўдзельнічае ў арганізацыі дзяржаўных міжнародных мерапрыемстваў. Штогод на базе бібліятэкі праходзяць сустрэчы на вышэйшым узроўні, праводзяцца міжнародныя саміты, форумы, пасяджэнні, буйныя эканамічныя мерапрыемствы. Бібліятэку рэгулярна наведваюць шматлікія замежныя госці – палітыкі, дыпламаты, навукоўцы, пісьменнікі, мастакі.

Бібліятэкарам
Віртуальныя праекты