З мэтай развіцця працэсу ўліку дзейнасці бібліятэк у электронным асяроддзі і ўключэння ў дзяржаўную статыстыку адпаведных паказчыкаў выпрацаваны метадычныя рэкамендацыі, заснаваныя на нарматыўнай прававой базе Рэспублікі Беларусь і існуючай практыцы ўліку віртуальных карыстальнікаў і наведванняў.
Улік дзейнасці бібліятэк у электронным асяроддзі ажыццяўляецца ў адпаведнасці са стандартамі:
СТБ 7.20–2000 "Библиотечная статистика. Основные положения" прадугледжвае ўлік карыстальнікаў, якія звяртаюцца ў бібліятэку пасродкам электронных інфармацыйных сетак (віртуальных карыстальнікаў), вызначаючы ў якасці адзінкі ўліку код карыстальніка (фізічнай ці юрыдычнай асобы), зарэгістраванага на серверы бібліятэкі.
Пры наведванні якім-небудзь карыстальнікам асобных раздзелаў сайта бібліятэкі ці пры звароце да пэўных сервісаў сайта яму неабходна зарэгістравацца, г.зн. пакінуць свае індывідуальныя даныя (як правіла, імя, пароль, адрас электроннай пошты і інш.). З улікам таго, што карыстальнік часцей за ўсё абавязаны пацвердзіць свае рэгістрацыйныя даныя (з адраса сваёй электроннай пошты), перавага гэтага спосабу заключаецца ў найбольшай дакладнасці ідэнтыфікацыі карыстальнікаў і іх паўторных візітаў. Улік агульнай колькасці віртуальных карыстальнікаў ажыццяўляецца па колькасці ідэнтыфікатараў (ID) запісаў у базе даных карыстальнікаў на серверы бібліятэкі.
Абагульнены алгарытм рэгістрацыі наступны:
Рэалізацыя гэтага алгарытму на практыцы залежыць ад праграмнай платформы сайта бібліятэкі. Для большасці сістэм кіравання зместам сайта механізмы рэгістрацыі рэалізаваны ў выглядзе асобных падключаных модуляў.
У выпадку індывідуальнай распрацоўкі сайта рэкамендуем звярнуцца за дапамогай да распрацоўшчыкаў або выкарыстаць гатовыя праграмныя рашэнні. Неабходна памятаць пра канфідэнцыяльнасць рэгістрацыйных даных карыстальніка.
Колькасць зарэгістраваных карыстальнікаў з’яўляецца адным з паказчыкаў запатрабаванасці прапануемых бібліятэкай віртуальных рэсурсаў і паслуг, дазваляе ажыццявіць ўзаемадзеянне з карыстальнікамі для ўдасканалення сваёй дзейнасці.
З мэтай далучэння новых карыстальнікаў і павелічэння колькасці зарэгістраваных карыстальнікаў, рэкамендуем праводзіць пастаянную работу па стварэнні ўнікальных матэрыялаў і сэрвісаў, даступных асобам, якія наведалі сайт бібліятэкі, толькі пасля праходжання працэдуры рэгістрацыі.
Вызначаючы пералік такіх рэсурсаў і сэрвісаў, неабходна памятаць, што ў адпаведнасці з п.п. 1.4, 1.6 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 01.02.2010 № 60 "О мерах по совершенствованию использования национальной сети интернет" (у рэд. ад 23.01.2014 № 46), "галоўныя старонкі інтэрнэт-сайтаў дзяржаўных органаў і арганізацый павінны непасрэдна або ў выглядзе асобных рубрык змяшчаць агульную інфармацыю аб дзяржаўным органе і арганізацыі (аб кіраўніцтве, структуры, рэжыме работы, задачах і функцыях, паштовым адрасе, адрасе электроннай пошты, нумарах тэлефонаў даведачных служб гэтага органа (арганізацыі), тэрытарыяльных падраздзяленнях і інш.), аб рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб, аб ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур адносна грамадзян, юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, аб таварах (работах, паслугах), якія праводзяцца (выконваюцца, аказваюцца) дзяржаўнай арганізацыяй, а таксама іншую інфармацыю, што вызначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь або Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь ці размяшчаецца па рашэнні кіраўніка дзяржаўнага органа і арганізацыі", пры гэтым доступ да гэтай інфармацыі ў адпаведнасці з п. 1.6 Указа павінен быць свабодным.
У адпаведнасці з ISO 2789:2013 "Information and Documentation – International Library Statistics: International Standard":
віртуальнае наведванне – гэта запыт або серыя запытаў на сайт бібліятэкі, якая паступіла не з будынка бібліятэкі, з інтэрвалам менш за 30 мінут паміж двума паслядоўнымі запытамі ад аднаго і таго ж наведвальніка, незалежна ад колькасці прагледжаных старонак або элементаў. Калі інтэрвал паміж двума паслядоўнымі запытамі перавышае 30 мінут, наведванне ўлічваецца як новае.
ISO 2789 прапануе тры спосабы вымярэння віртуальных наведванняў: ідэнтыфікацыя па вэб-браўзеру або па файлах cookies, па IP-адрасах, па колькасці наведванняў дамашняй старонкі сайта бібліятэкі.
Збор інфармацыі пра колькасць віртуальных наведванняў можна ажыццяўляць пасродкам аналізавання лог-файлаў сервера і пры дапамозе знешніх лічыльнікаў.
У адпаведнасці з СТБ 2105-2012 "Интернет-сайты государственных органов и организаций. Требования", як мінімум адна з сістэм статыстыкі інтэрнэт-сайта павінна грунтавацца на даных аўдыту сервера, на якім размешчаны сайт, г.зн. на аналізе лог-файлаў сервера.
Пры размяшчэнні сайта на знешнім хостынгу, паслуга статыстыкі па даных лог-файлаў сервера прадастаўляецца правайдарамі бясплатна. У выпадку размяшчэння сайта на ўласным серверы неабходна ўстанаўліваць праграмы самастойна.
Сярод праграм-аналізатараў лог-файлаў сервера можна адзначыць наступныя бясплатныя: AWStats (http://awstats.sourceforge.net), Webalizer (http://www.webalizer.com), Analog (http://www.analog.cx) і іншыя.
У дапаўненне да аналізу лог-файлаў сервера для ажыццяўлення больш рознабаковага аналізу карыстальніцкай аўдыторыі сайта бібліятэкі, рэкамендуем устанавіць знешнія лічыльнікі.
Лічыльнік (англ. counter) – гэта асобая праграма-сцэнарый (як правіла, JavaScript), для актывізацыі якой патрабуецца ўстаноўка спецыяльнага кода на старонкі сайта. Пры загрузцы старонкі сцэнарый адпраўляе даныя на спецыялізаваны сервер статыстыкі, які іх агрэгіруе і прадстаўляе з пэўным інтэрвалам часу ў выглядзе розных справаздач.
Найбольш папулярнымі інструментамі з’яўляюцца Яндэкс Метрыка (https://metrika.yandex.ru), Google Analytics (http://www.google.com/analytics) і іншыя. З беларускіх сістэм – Акавіта (http://www.akavita.by).
На сённяшні дзень не існуе нарматыўнага прававога дакумента, які прадпісвае дзяржаўным арганізацыям устаноўку якойсьці канкрэтнай праграмы для ўліку дзейнасці ў электронным асяродку. Таму кожны ўладальнік рэсурсу мае права выбраць праграмнае забеспячэнне самастойна.
У справаздачах, якія даюцца праграмамі-аналізатарамі, адсутнічае ўніфікаваная тэрмінасістэма. Напрыклад, паказчык "колькасць наведванняў" у розных сістэмах можа гучаць як "колькасць візітаў", "колькасць сеансаў", "колькасць сесій" і г.д. Таму пры выбары таго ці іншага інструмента неабходна ўважліва вывучыць апісанні паказчыкаў, якія даюцца сістэмай, і выбраць той, які будзе адлюстроўваць неабходныя звесткі.