ГалоўнаяБiблiятэкарамНавукова-практычныя распрацоўкі і метадычныя матэрыялыРэкамендацыі па пошуку, адборы, аналізе і апрацоўцы архіўных дакументаў пры правядзенні даследаванняў па гісторыі бібліятэчнай справы

Рэкамендацыі па пошуку, адборы, аналізе і апрацоўцы архіўных дакументаў пры правядзенні даследаванняў па гісторыі бібліятэчнай справы

Крыніцазнаўчай базай даследаванняў па гісторыі бібліятэчнай справы ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца фонды Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў г. Гродна, дзяржаўных архіваў абласнога і занальнага ўзроўняў, ведамаснага архіва Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскіх галіновых і абласных бібліятэк, а таксама друкаваныя крыніцы.

Праца па адборы і сістэматызацыі архіўных матэрыялаў грунтуецца ў першую чаргу на вывучэнні бібліяграфічных крыніц, у якіх можна знайсці ўжо апублікаваныя дакументы, крыніцы і шляхі пошуку неабходных матэрыялаў. Этап выяўлення і вывучэння ўсіх бібліяграфічных крыніц пазбавіць даследчыкаў ад дублявання.

Па наяўных каталогах, паказальніках і літаратуры складаецца бібліяграфія па тэме, робіцца адбор перыядычных і неперыядычных крыніц для прагляду. На аснове атрыманых даных складаецца бібліяграфічны спіс друкаваных крыніц, якія неабходна праглядзець для выяўлення матэрыялаў. Неабходна таксама праглядзець зборнікі дакументаў па сумежных навуках і галінах ведаў (культура, народная адукацыя і г.д.), у якіх таксама змяшчаюцца дакументы і матэрыялы (асабліва статыстычныя) па тэме.

На этапе вывучэння бібліяграфічных крыніц неабходна ўлічваць, што дзейнасць бібліятэк развівалася ў сацыякультурных, палітычных і эканамічных умовах існавання дзяржавы. Пры вывучэнні бібліяграфічных крыніц неабходна вывучыць сацыякультурнае асяроддзе, у якім фарміравалася бібліятэчная справа Беларусі ў той ці іншы перыяд. Найбольш актуальнымі для гэтай мэты з’яўляюцца матэрыялы перыядычнага друку, якія маюць як самастойнае, так і дапаможнае значэнне. Для аднаўлення і вывучэння фактычнага боку падзей вядзецца адбор інфармацыйнага матэрыялу, які сведчыць аб падзеях у бібліятэчнай справе рэспублікі. Для характарыстыкі эканамічнага, сацыяльна-палітычнага, духоўнага складніка грамадскага жыцця адбіраюцца матэрыялы аналітычнага і мастацка-публіцыстычнага жанру. Акрамя таго, публікацыі, якія выступаюць сведчаннем таго, што адбылося ў пэўны час у пэўным месцы, пабуджаюць даследчыка весці пошукі дакументаў, якія пацвярджаюць падзею, у іншых крыніцах (у дзяржаўных архівах і іншых установах). Амаль усе колькі-небудзь значныя афіцыйныя дакументы па гісторыі бібліятэчнай справы былі ў свой час апублікаваны ў перыядычным друку. Таму матэрыялы перыядычнага друку з’яўляюцца адной з найважнейшых крыніц пошуку і даследаванняў.

Каштоўнай крыніцай пошуку матэрыялаў па гісторыі бібліятэчнай справы з’яўляюцца паўнатэкставыя базы даных, генераваных Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі на аснове ўласных фондаў. Так, у электронную калекцыю НББ “Перыядычны друк Беларусі другой паловы XVIII ст. – 1917 г.” уключаны электронныя копіі губернскіх ведамасцей (1838–1917) і епархіяльных ведамасцей (1863–1917) – афіцыйных выданняў, якія сёння з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю і захоўваюцца ў фондах НББ. Не менш каштоўнымі з’яўляюцца і беларускія перыядычныя выданні больш позняга перыяду.

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі захоўваецца ўнікальны фонд раённых газет: ён налічвае больш за 420 назваў і больш за 7,5 тыс. гадавых камплектаў. Самая каштоўная частка фонду – газеты даваеннага часу. Безумоўна, для даследавання гісторыі бібліятэк, якія былі арганізаваны ў першыя гады савецкай улады і пасля Вялікай Айчыннай вайны, гэта поле карпатлівага пошуку і цікавых знаходак.

Для даследчыкаў гісторыі бібліятэчнай справы Беларусі ўяўляюць цікавасць і іншыя паўнатэкставыя электронныя калекцыі электроннай бібліятэкі НББ, якая акумулюе ўсе паўнатэкставыя рэсурсы, створаныя ў Нацыянальнай бібліятэцы на аснове яе фондаў. Перавод у электронную форму рэдкіх выданняў, якія змяшчаюць матэрыялы па гісторыі рэгіёнаў, даюць магчымасць свабоднага доступу даследчыкаў да каштоўных матэрыялаў. Рэтраспектыўная паўнатэкставая калекцыя “Крыніцы па гісторыі Беларусі канца XVIII – пачатку XX ст.” змяшчае заканадаўчыя дакументы, матэрыялы справаводства, выданні статыстычнага характару, летапісы і хронікі, крыніцы асабістага паходжання, навуковыя крыніцы і да т.п., якія па змесце адносяцца да гісторыі Беларусі перыяду ўваходжання яе ў склад Расійскай імперыі.

Найбольш каштоўнымі рэгіянальнымі выданнямі з’яўляюцца памятныя кнігі губерняў і абласцей Расійскай імперыі, якія выдаваліся статыстычным камітэтам і давалі звесткі аб губерні за пэўны год. Акрамя пераліку дзяржаўных і грамадскіх устаноў і іх супрацоўнікаў яны змяшчаюць інфармацыю аб фабрыках, заводах, навучальных установах, бібліятэках, музеях і г.д., а таксама архіўныя матэрыялы, артыкулы па гісторыі, эканоміцы, этнаграфіі, фальклоры і многія іншыя цікавыя для даследчыка матэрыялы. У Нацыянальнай бібліятэцы праведзена алічбоўка ўсіх выпускаў памятных кніг губерняў Паўночна-Заходняга краю, якія захоўваюцца ў яе фондах.

Надзейнай крыніцазнаўчай базай нароўні з электроннымі паўнатэкставымі калекцыямі з’яўляюцца таксама рэгіянальныя кнігі “Память”, у якіх звычайна публікуюцца архіўныя дакументы з фондаў Нацыянальнага гістарычнага архіва, статыстычныя даныя і да т.п.

Такім чынам, для спецыялістаў, якія сёння займаюцца даследаваннямі гісторыі бібліятэчнай справы, ужо створана крыніцазнаўчая база з досыць шырокім ахопам і глыбінёй матэрыялу.

Зборнікі архіўных матэрыялаў, падрыхтаваныя Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, уяўляюць сабой навуковую каштоўнасць не толькі як крыніцы пошуку архіўных дакументаў, але і з’яўляюцца своеасаблівым даведнікам у пошуку і ўвядзенні ў навуковы абарот новых дакументаў. Гэта:

Аснашчэнне іх значным даведачна-пошукавым апаратам, у які разам з іншымі складнікамі ўваходзяць каментары і спісы неапублікаваных дакументаў, дае магчымасць пошуку і запаўнення лакун дакументамі, якія па тых ці іншых прычынах не былі прадстаўлены шырокаму колу даследчыкаў. Навуковы даведачна-пошукавы апарат да кожнага выдадзенага зборніка паказвае шлях пошуку тых архіўных дакументаў, дзякуючы якім можна даследаваць шырокую панараму асобных пытанняў бібліятэчнай справы або дзейнасці асобнай бібліятэкі.

Разам з тым асноўнай і найбольш значнай крыніцай пошуку архіўных дакументаў застаюцца архіўныя фонды. Па наяўных даведніках, па архівах і картатэках архіўных фондаў даследчыкамі складаецца пералік архіваў, якія іх цікавяць, а таксама матэрыялаў, што захоўваюцца ў іх.

Пры даследаванні бібліятэчнай справы галоўная ўвага павінна быць звернута на архівы, у якіх захоўваюцца дакументы і матэрыялы органаў кіравання бібліятэчнай справай у розныя перыяды (Наркамас, Палітасветупраўленне, Міністэрства культуры, прафсаюзныя і грамадскія арганізацыі (іх культаддзелы) і да т.п.). Пры выяўленні дакументаў у архіве неабходна адразу весці іх спіс, у якім варта ўказваць дату, легенду, г. зн. месца захоўвання (назва архіва, вопіс, фонд, ліст) або адкуль узяты матэрыял (пры наяўнасці друкаванай крыніцы), арыгінальнасць дакумента (арыгінал або копія) і яго кароткі змест.

Сістэматызацыя адабраных дакументаў можа ажыццяўляцца па тэме, кірунку дзейнасці і/або храналогіі. Размяшчэнне дакументаў у храналагічным парадку ажыццяўляецца па наступных правілах:

  • першымі даюцца дакументы, якія маюць дакладную дату (лік, месяц, год)
  • наступнымі даюцца дакументы, якія маюць частковую датыроўку (месяц, год)
  • апошнімі – тыя, якія маюць толькі год

У выпадку адсутнасці даты дакумента – праводзіцца праца па яе вызначэнні і абгрунтаванні.

На практыцы часта праблемы ўзнікаюць пры вызначэнні дакладнай даты падзеі, асабліва ў перыяд да 1917 г.

У такім выпадку неабходна шукаць дакументы, якія ўскосна паказваюць на гэту падзею. Тут могуць спатрэбіцца ўспаміны сведак, аналіз і супастаўленне вядомых фактаў, якія дапамогуць спаслацца на ўскосны дакумент у вызначэнні прыблізнай даты. Пры гэтым дапускаецца прымяненне такіх тэрмінаў як “раней”, “не раней”, “пазней”, “не пазней”, “каля”, “не раней – не пазней”.


Даведка бібліятэчнай інспекцыі Міністэрства культуры БССР


З даведкі сакратара Мінскага аблсавпрафа

У цэлым пільнай увагі і дакладнасці патрабуе не толькі вызначэнне пэўных дат у дакументах. Археаграфічная апрацоўка дакумента ўключае ў сябе таксама аднаўленне страчанай часткі тэксту, якая даецца ў квадратных дужках (малюнак).


Фрагмент статута дзейнасці грамадскай бібліятэкі м. Дзятлава Слонімскага павета Гродзенскай губерні

У адпаведнасці з метадычнымі рэкамендацыямі па публікацыі дакументаў і матэрыялаў па гісторыі Беларусі, кожны выкарыстаны ў публікацыях архіўны дакумент або матэрыял з перыядычнага друку неабходна суправаджаць легендай. Гэта значыць, неабходна пазначыць яго месцазнаходжанне або крыніцу публікацыі. У адпаведнасці з навукова-крытычным метадам перадачу тэксту неабходна ажыццяўляць па правілах арфаграфіі і пунктуацыі з захаваннем моўных і стылістычных асаблівасцей арыгінала.

Напрыклад, у тэкстах дакументаў такія словы, як “генваря”, “оная”, “общежительность”, “безденежно” і г.д. захоўваюцца ў адпаведнасці з арыгіналам без заўваг і каментароў.


Фрагмент цыркулярнага прадпісання № 777
“О заведении в губерниях публичных библиотек для чтения” міністра ўнутраных спраў А. А. Закрэўскага віцебскаму грамадзянскаму губернатару

Не прачытаны па прычыне неразборлівасці напісання або абрыву дакумента тэкст замяняецца шматкроп’ем. У тэкстуальных заўвагах павінна быць патлумачана прычына пропуску. У квадратных дужках пры перадачы тэксту дакумента змяшчаюцца словы або іх часткі, адноўленыя па сэнсе або з іншых дакументаў. Памылкі і непаразуменні ў тэксце дакумента застаюцца ў арыгінальным выглядзе і таксама агаворваюцца “Так у дакуменце” або “Далей частка тэксту адсутнічае” (аднавіць не ўдалося) і да т.п.


Фрагмент хадайніцтва Гродзенскай дырэкцыі народных вучылішчаў гродзенскаму губернатару аб заснаванні публічнай бібліятэкі ў г. Ваўкавыску Гродзенскай губерні


Фрагмент даклада № 2943 Віцебскай гарадской управы віцебскаму губернатару з просьбай яго хадайніцтва аб хутчэйшым зацвярджэнні Статута гарадской бібліятэкі імя А.С. Пушкіна

У канцы дакумента неабходна ў адпаведнасці з устаноўленымі правіламі ўдакладніць подпісы, а ў выпадку іх адсутнасці ў арыгінале або неразборлівасці – у заўвазе пішацца: “Подпіс адсутнічае” або “Подпіс неразборлівы”. У копіях адсутнасць подпісаў не агаворваецца.


Фрагмент цыркулярнага прадпісання міністра ўнутраных спраў магілёўскаму грамадзянскаму губернатару аб паступленні губернскіх публічных бібліятэк пад назіранне Міністэрства народнай асветы

Даследаванні па гісторыі бібліятэчнай справы рэспублікі патрабуюць вялікай уважлівасці і дакладнасці ў прадстаўленні дакументаў за абраны храналагічны перыяд, а на стадыі іх выяўлення максімальнай паўнаты, усебаковага ахопу тэмы, максімальнага выкарыстання ўсіх катэгорый дакументаў.

Пошук і аналіз дакументаў па гісторыі бібліятэчнай справы дасць магчымасць увесці ў навуковы абарот неапублікаваны раней гістарычны матэрыял і дасць дадатковую магчымасць усебакова і паглыблена вывучыць, і прааналізаваць сацыяльную ролю бібліятэк, іх сувязь з асноўнымі этапамі ў развіцці грамадства, прааналізаваць уплыў на развіццё бібліятэк нацыянальных каштоўнасцей, усвядоміць, якія мадэлі культуры абумовілі бібліятэчныя ідэі, каштоўнасці, традыцыі. У цэлым гэта праца з’яўляецца каштоўным укладам у справу захавання нацыянальнай культурнай спадчыны нашай краіны.

Бібліятэкарам