Дата правядзення
Час правядзення
Месца правядзення
Напярэдадні свят у Нацыянальнай бібліятэцы адкрыецца светлая, маляўнічая і між тым глыбокая па сэнсе выстаўка жывапісу “Калядныя званы”, якая прадставіць работы беларускага мастака Рыгора Іванова.
Яго каларытныя вобразы падораць святочны настрой і станоўчыя эмоцыі наведвальнікам – званочкі, месяцы, чароўныя персанажы ўсміхнуцца і пажадаюць гледачам з кожнай карціны ўсяго самага добрага і светлага.
Рыгор Іваноў – вядомы беларускі мастак, член Беларускага саюза мастакоў, заснавальнік і родапачынальнік аўтарскага напрамку ў беларускім мастацтве пад назвай “святызм”, асноўнай ідэяй якога з'яўляецца ўспрыманне, што ўсё ёсць сіла і святло. Прадметы, людзі – усё гэта святло. І сама карціна – гэта аб'ект, які свеціцца. І тое, што намалявана на ёй, свеціць само па сабе, знутры.
“Мае «святычныя» карціны – гэта як медытацыя, малітва. Можна яе прамаўляць, а можна проста глядзець на Святло. Экраны-карціны адклікаюцца на дотык погляду, як экраны гаджэтаў на дотык рукі”, – адзначае аўтар. У працах мастака амаль фізічна адчуваецца светлавая пульсацыя.
Адчуць яе можна на выстаўцы, адкрыццё якой адбудзецца 3 снежня а 16-й гадзіне у галерэі “Ракурс” (2-гі паверх).
На мерапрыемства ўваход вольны, у астатні час – пры наяўнасці чытацкага білета або пропуску сацыякультурнага цэнтра.
Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Тэлефон для даведак: (8 017) 293 28 81.
E-mail: pr@nlb.by
Чытайце таксама, як прайшло адкрыццё выстаўкі жывапісу “Калядныя званы”