ГалоўнаяНавіныКніжныя выстаўкі
Выстаўка графікі Алега Яхніна
Аб парадку правядзення конкурсу

Чарнобыль, наша памяць і боль

Чарнобыль, наша памяць і боль
Іншыя навіны

З 14 красавіка па 16 мая ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта выстаўка “Чарнобыль, наша памяць і боль”, прысвечаная 30-годдзю з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС.


Чарнобыльская катастрофа здарылася 26 красавіка 1986 года: прыкладна ў 1:24 на 4-м энергаблоку Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі (ЧАЭС) адбыўся выбух, які поўнасцю разбурыў рэактар. У атмасферу было выкінута радыеактыўных рэчываў у 300 разоў больш, чым пасля атамнай бамбардзіроўкі японскага горада Хірасімы ў 1945 годзе.

Страшная аварыя на Чарнобыльскай АЭС стала самай буйной у гісторыі чалавецтва тэхнагеннай катастрофай. Тэрыторыі 17 краін Еўропы агульнай плошчай 207,5 тыс. квадратных кіламетраў пацярпела ад радыеактыўных ападкаў. Каля 70 % радыеактыўных ападкаў прыйшлося на Беларусь – забруджванню падверглася амаль чвэрць тэрыторыі нашай краіны (23 %).

Эканамічная шкода ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы для Беларусі склала 235 млрд долараў. На чарнобыльскіх тэрыторыях спынілі працу каля 350 прамысловых прадпрыемстваў, 95 бальніц, 54 буйныя аграпрамысловыя аб’яднанні, 600 школ і дзіцячых садоў, 550 прадпрыемстваў гандлю і сэрвісу. Катастрофа нанесла істотныя страты сельскагаспадарчаму сектару Беларусі. Краіна страціла каля пятай часткі ўсіх сельскагаспадарчых угоддзяў. У зоне забруджвання апынуліся 132 радовішчы розных відаў мінеральна-сыравінных рэсурсаў і каля чвэрці ляснога фонду нашай дзяржавы.

Ад наступстваў аварыі пацярпелі каля двух мільёнаў жыхароў краіны. Больш за 1,3 мільёна чалавек, у тым ліку паўмільёна дзяцей і падлеткаў, па-ранейшаму пражываюць на забруджаных тэрыторыях. Медыцынскія наступствы аварыі адлюстраваліся ў значным росце анкалагічных захворванняў. Аварыя таксама мела складаны сацыяльна-псіхалагічны эфект: з-за перасялення і пагаршэння здароўя многія жыхары Беларусі вымушаны былі памяняць звыклы лад жыцця і змяніць работу. Адаптацыя да новых умоў часта праходзіла для людзей балюча.

Чарнобыльская трагедыя дала штуршок развіццю міжнароднага супрацоўніцтва і міжнароднай дапамогі ў ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай аварыі і ўзнаўленні нармальнага жыцця на пацярпелых тэрыторыях. Значны аб’ём работы па сістэматызацыі назапашанага вопыту і распрацоўцы рэкамендацый у справе пераадолення наступстваў чарнобыльскай трагедыі ажыццяўляецца ў рамках Арганізацыі Аб’яднаны Нацый. У прыватнасці, гэтую работу ажыццяўляюць Навуковы камітэт ААН па дзеянні атамнай радыяцыі і Спецыяльная міжустаноўчая мэтавая група па змякчэнні наступстваў чарнобыльскай ядзернай аварыі. У 2003–2005 гадах для сістэматызацыі і дасканалага вывучэння пытанняў, звязаных з наступствамі аварыі на ЧАЭС, быў заснаваны Чарнобыльскі форум ААН. Рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН (A/RES/62/9) трэцяе дзесяцігоддзе пасля чарнобыльскай аварыі (2006–2016) было абвешчана Дзесяцігоддзем узнаўлення і ўстойлівага развіцця пацярпелых тэрыторый. У снежні 2013 года 68-й сесіяй Генеральнай Асамблеі ААН прынята рэзалюцыя “Умацаванне міжнароднага супрацоўніцтва і каардынацыя намаганняў у справе вывучэння, змякчэння і мінімізацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы” (A/RES/68/99). У дакуменце дадзена высокая ацэнка дзейнасці ўрадаў пацярпелых дзяржаў па пераадоленні наступстваў катастрофы і змяшчаецца заклік да ўсіх зацікаўленых арганізацый сістэмы ААН падтрымліваць іх намаганні, у тым ліку шляхам выдзялення неабходных рэсурсаў на ажыццяўленне звязаных з Чарнобылем сацыяльна-эканамічных і медыка-экалагічных праграм.

Мінула 30 гадоў. Беларусь набыла вымушаны вопыт жыцця і работы ва ўмовах доўгачасовага радыеактыўнага забруджвання вялікай тэрыторыі. Сёння мы маем аўтарытэтныя навуковыя школы ў галіне радыялогіі і радыяцыйнай медыцыны; перадавую вытворчасць радыеметрычнага абсталявання; развітыя сістэмы заканадаўства, медыцынскай і сацыяльнай абароны, радыяцыйнага кантролю, кіравання сельскай і лясной гаспадаркай на забруджаных тэрыторыях. Беларусь робіць якасны пераход ад краіны, найбольш пацярпелай ад Чарнобыля, да дзяржавы, якая назапасіла неацэнны навукова-практычны, кіраўнічы вопыт. Абагульнены вопыт нашай краіны ў пераадоленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы служыць усяму чалавецтву.

На выстаўцы прадстаўлена больш за 70 дакументаў на рускай, англійскай і нямецкай мовах: кнігі, перыядычныя выданні, буклеты.

Экспазіцыя змяшчае наступныя тэматычныя раздзелы:

  • Аварыя на ЧАЭС: маштабы трагедыі.
  • Экалагічныя і сацыяльна-эканамічныя наступствы чарнобыльскай катастрофы.
  • Сацыяльна-медыцынскія наступствы аварыі на ЧАЭС.
  • Міжнароднае супрацоўніцтва і міжнародная дапамога ў пераадоленні наступстваў аварыі і ўзнаўленні пацярпелых рэгіёнаў.

Выстаўка будзе цікавая медыцынскім работнікам, эколагам, сацыёлагам, эканамістам, спецыялістам у галіне атамнай энергетыкі, міжнароднага права і міжнародных адносін, студэнтам і выкладчыкам ВНУ.

Спіс літаратуры

Карысныя спасылкі

   

Навіны

ВПК “Гонар” вывучаў дзейнасць НКУС, міліцыі і піянерыі ў 1941–1945 гг.

25 Кра 2024

22 красавіка для навучэнцаў ваенна-патрыятычнага клуба “Гонар” ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся новы бібліяграфічны ўрок “Роля НКУС, міліцыі і піянерыі ў вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Усебеларускі народны сход – гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту

30 Кра 2024

30 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся Адзіны дзень інфармавання на тэму “Усебеларускі народны сход – гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Прымайце ўдзел у фотаконкурсе #КВІТНЕЙРОДНАЯБЕЛАРУСЬ

30 Кра 2024

Напярэдадні 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне аддзел экскурсійна-метадычнай работы / @excursion_nlb з 9 мая па 3 ліпеня запрашае ўсіх жадаючых узяць удзел у фотаконкурсе #КВІТНЕЙРОДНАЯБЕЛАРУСЬ.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Разведвальная аперацыя “Бібліятэка”

23 Кра 2024

18 красавіка адбылося 10 бібліяграфічных урокаў па патрыятычным выхаванні для вучняў 7–11-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 53, 62. 114. 153 і гімназіі № 11 г. Мінска з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Беларус Сяргей Грыцавец – першы ў СССР двойчы Герой Савецкага Саюза

30 Кра 2024

Званне Героя Савецкага Саюза выдатнаму лётчыку-асу Сяргею Іванавічу Грыцаўцу (1909–1939) было прысвоена двойчы: Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 лютага 1939 года “за выкананне спецыяльнага задання ўрада і інтэрнацыянальнага доўгу” і Указам ад 29 жніўня 1939 года “за ўзорнае выкананне баявых заданняў і выбітны гераізм, праяўлены пры выкананні баявых заданняў”.

Праект "Імёны Герояў бессмяротныя"

Бібліятэкарам