ГалоўнаяНавіныКніжныя выстаўкі
Кампазітар-гуманіст
Не маўчаць! Жанчыны і насілле

“Іскрыся іскрамі, палай!”

“Іскрыся іскрамі, палай!”
Іншыя навіны

Часопіс “Полымя” святкуе сёлета стогадовы юбілей. Ля вытокаў найстарэйшага літаратурна-мастацкага і грамадска-палітычнага выдання Беларусі стаялі такія знакавыя фігуры нацыянальнай гісторыі, як Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Цішка Гартны, Міхась Зарэцкі і інш. У розны час часопіс узначальвалі славутыя пісьменнікі – Платон Галавач, Міхась Лынькоў, Іван Мележ, Пятрусь Броўка і інш. На працягу амаль дваццаці гадоў (1948–1967) галоўным рэдактарам асноўнага беларускага літаратурна-мастацкага перыядычнага выдання быў Максім Танк, чый талент, эрудыцыя і дасведчанасць у сусветным літаратурным працэсе спрыялі ўзбагачэнню змястоўна-жанравай палітры выдання.

На кніжнай выставе “Іскрыся іскрамі, палай!”, прымеркаванай да 100-годдзя з часу заснавання “Полымя”, экспануюцца выбітныя творы беларускай літаратуры, якія друкаваліся на старонках часопіса. Сярод іх – раманы “Людзі на балоце” Івана Мележа, “Птушкі і гнёзды” Янкі Брыля, “Сэрца на далоні” Івана Шамякіна, аповесць “Сотнікаў” Васіля Быкава, проза Івана Пташнікава і Барыса Сачанкі, п’есы Андрэя Макаёнка, вершы Кастуся Кірэенкі, Аляксея Русецкага і іншых класікаў.

Экспазіцыя дэманструе літаратурныя традыцыі, закладзеныя папярэднімі пакаленнямі беларускіх майстроў слова, якія працягваюцца ў творах сённяшніх аўтараў гэтага аўтарытэтнага выдання, у шэрагу якіх Галіна Васілеўская, Навум Гальпяровіч, Уладзімір Гніламёдаў, Віктар Праўдзін, Віктар Шніп, Мікалай Чаргінец і інш.

Выстава адлюстроўвае змест і настрой часопіса з самага першага нумара 1922 года да апошняга, за 2022 год. Экспазіцыя пабудавана ў храналагічным парадку па дзесяцігоддзях. Побач з часопісам знаходзяцца выданні твораў знакамітых аўтараў, якія ўпершыню былі апублікаваны ў часопісе “Полымя”. Прадстаўлены таксама асобнік часопіса “Полымя рэвалюцыі”. Пад такой назвай ён выходзіў у 1932–1941 гадах.

Сярод рарытэтаў выставы – адзіная прыжыццёвая кніга беларускага паэта Аркадзя Моркаўкі “Дым жыцця” (1928); выданні з дароўнымі надпісамі аўтараў, а менавіта, зборнікі вершаў паэтаў – Язэпа Пушчы “Vita” (1926), Андрэя Александровіча “Цені на сонцы” (1930), Максіма Танка “Дарога, закалыханая жытам” (1976); зборнікі прозы пісьменнікаў – Тараса Хадкевіча “Даль палявая” (1959), Паўла Кавалёва “Падзенне Хвядоса Струка” (1967). А таксама выданне першага драматычнага твора Кандрата Крапівы “Канец дружбы” (1934) з экслібрысам “Книжный магазин Литфонд” на авантытуле.

Вылучаюцца вокладкі “Полымя”, дызайн якіх мяняўся неаднойчы на працягу стагоддзя. Сярод прадстаўленых дакументаў – рарытэтны асобнік з арыгінальнай вокладкай, які выйшаў пад нумарам адзін у 1922 годзе. Аформлены выбітным беларускім жывапісцам, графікам і ілюстратарам Міхасём Філіповічам. Звяртае на сябе ўвагу дванаццаты нумар “Полымя рэвалюцыі” за 1940 год з фотапартрэтам народнага паэта Беларусі Янкі Купалы, з нагоды 35-годдзя яго літаратурнай дзейнасці. Адметны дызайн сучасных вокладак “Полымя” распрацаваны Міраславам Шайбаком у 2014 годзе. Візуальны праект быў прысвечаны выбітным дзеячам беларускай літаратуры.

Прадстаўленыя на выставе выданні з фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі яскрава сведчаць, што за час свайго існавання гэта літаратурна-мастацкае перыядычнае выданне краіны адлюстравала гістарычны шлях беларускага народа, прадэманстравала нязменную адданасць высокім маральным і ідэйна-эстэтычным каштоўнасцям. І сёння творчы калектыў імкнецца годна захаваць здабыткі часопіса, традыцыі беларускай літаратуры, не забываючы тых пісьменнікаў, якія сталі сапраўднай легендай яшчэ ў ХХ ст., паказвае першаснасць творчай асобы, якая працуе на карысць грамадства.


Кніжная выстава працуе да 15 лютага 2023 года ў кальцавой галерэі 3-га паверха.
Дата яе заканчэння можа быць зменена.

Час работы выставы адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Прадстаўленыя ў экспазіцыі кнігі можна заказаць праз электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 29 80.

Матэрыял пададзены аддзелам галерэйна-выставачнай дзейнасці.

Навіны

Піянерскі злёт “БРПА – тэрыторыя магчымасцей”

16 Май 2024

16 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі напярэдадні Дня піянерскай дружбы адбылося святочнае адкрыццё Рэспубліканскага піянерскага злёту “БРПА – тэрыторыя магчымасцей”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Вадзім Гігін узяў удзел у “Central Asia – 2024”

16 Май 2024

16 мая ў горадзе Джызак (Рэспубліка Узбекістан) пачала сваю працу XVII Міжнародная канферэнцыя “Central Asia – 2024: інтэрнэт і інфармацыйна-бібліятэчныя рэсурсы ў навуцы, адукацыі, культуры і бізнесе”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

У Самаркандзе адбылася міжнародная канферэнцыя бібліятэкараў СНД

15 Май 2024

15 мая генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін узяў удзел у міжнароднай канферэнцыі бібліятэкараў СНД “Бібліятэчная Садружнасць: партнёрства і інавацыі”, якая прайшла ў рамках міждзяржаўнай праграмы “Самарканд – культурная сталіца СНД – 2024”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам