З 1 сакавіка па 19 красавіка ў зале беларускай літаратуры (пам. 205) праходзіць выстаўка “На скрыжаваннях слова”, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння Барыса Васілевіча Стральцова (1926–2009).
Барыс Стральцоў – таленавіты беларускі журналіст, публіцыст, пісьменнік, кандыдат гістарычных навук (1968), доктар філалагічных навук (1978), прафесар (1979). Яго навуковая і педагагічная дзейнасць была высока ацэнена. Барыс Васілевіч узнагароджаны граматамі Вярхоўнага Савета БССР (1962, 1965, 1986). З’яўляецца лаўрэатам прэміі Міжнароднай канфедэрацыі журналісцкіх саюзаў “За адметны ўклад у развіццё журналістыкі” (1992), лаўрэатам прэміі Беларускага саюза журналістаў “За выдатны ўклад у развіццё беларускай журналістыкі” (1995), заслужаным дзеячам культуры Рэспублікі Беларусь (1997), лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва ў намінацыі “Журналістыка” (2001).
Барыса Стральцова па праву называюць легендай, патрыярхам беларускай журналістыкі, важкім укладам у якую сталі яго манаграфіі “Публіцыстычнасць інфармацыйных жанраў” (1973), “Аналітычныя жанры” (1974), “Публіцыстыка. Жанры. Майстэрства” (1977), “Асновы літаратурна-мастацкай творчасці” (1999), “Асноўныя творчыя метады ў журналістыцы” (2000). З гэтымі і іншымі публіцыстычнымі творамі Барыса Васілевіча можна пазнаёміцца падчас правядзення выстаўкі.
Вабіла Б. Стральцова і мастацкае слова. На экспазіцыйных паліцах прадстаўлены зборнікі апавяданняў “Наследнік” (1963), “Сыходзяцца бальшакі і прасёлкі” (1969), аповесці “Вячэрняя планета” (1975), “Метраном памяці” (1985), раман “Між крутых берагоў” (1980), кніга абразкоў і апавяданняў “Чарадзейны туман” (2000), аўтабіяграфічная кніга “Капуснік, або Лад жыцця” (2007). Усе творы пісьменніка прывабліваюць тым, што ён глыбока пранікае ў сутнасць жыццёвых працэсаў, псіхалагічна дакладна спасцігае людскія лёсы, у чым яму дапамагала, акрамя пісьменніцкага таленту, багатая журналісцкая практыка. Б. Стральцоў з’яўляецца аўтарам некалькіх сцэнарыяў дакументальных фільмаў і мастацка-публіцыстычных альбомаў, прысвечаных Беларусі.
Дапаўняюць выстаўку энцыклапедычныя даведнікі, якія змяшчаюць біяграфічныя матэрыялы пра юбіляра, а таксама звесткі пра яго навуковую, рэдактарскую, выкладчыцкую і творчую працу.
Кантактны тэлефон: (8 017) 293 27 16.