З 11 ліпеня па 15 жніўня ў зале беларускай літаратуры (пам. 205) праходзіць юбілейная кніжная выстаўка “Светлая песня сэрца”, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння беларускага пісьменніка П.І. Пруднікава (1911–2000).
Асноўныя тэмы творчасці паэта, заслужанага дзеяча культуры Беларусі і лаўрэата прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (1995) Паўла Іванавіча Пруднікава – працоўныя будні савецкіх людзей, гераічнае мінулае краіны, трывога за мір на зямлі. Яго творчасць вызначаецца традыцыйным рытмічным ладам і напеўнасцю.
Вынікам творчай працы паэта сталі яго кнігі, якія прадстаўлены ў першым раздзеле выстаўкі “Лірычная споведзь”. Гэта зборнікі “Песні грузчыкаў” (1932), “Прысады” (1979), “Мая магістраль” (1981), “Заасцер’е” (1986), “Заранка” (1987), “Далёкае, але не забытае” (1988), “Познія ягады” (1990), “Крыніцы” (1991), “За калючым дротам” (1993), “Пароша” (1996).
У другім раздзеле “Майстар мастацкага слова” экспануюцца вершы і артыкулы паэта, апублікаваныя ў калектыўных зборніках і часопісах.
Раздзел “Шчодрая даніна” змяшчае творы Паўла Пруднікава ў перакладах на рускую і ўкраінскую мовы.
Публікацыі апошняга раздзела экспазіцыі “Магістраль жыцця і творчасці” прысвечаны жыццю і творчасці паэта.
Выстаўка ілюстравана фотаздымкамі Паўла Іванавіча.
Усяго на ёй прадстаўлена каля 60 дакументаў.
Кантактны тэлефон: 293-27-16.