30 сакавіка ў музеі кнігі адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы “Узноўлены шэдэўр”, на якой упершыню дэманструецца арыгінальная гравіравальная дошка ХVII ст. і ўзноўленая з яе гравюра з партрэтам караля і вялікага князя Яна ІІІ Сабескага.
Унікальны экспанат прадстаўлены з прыватнага збору калекцыянера Алега Судлянкова, тэхналогія друку гравюры з рарытэтнай дошкі ўзноўлена мастаком-графікам Віктарам Саўчанкам.
З прывітальным словам да прысутных звярнуўся намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша. Ён нагадаў аб важнасці вяртання гісторыка-культурных помнікаў нашай спадчыны і іх папулярызацыі. Падкрэсліў, што выстава – добры прыклад супрацоўніцтва ў гэтай сферы дзяржаўных і прыватных ініцыятыў.
Бібліяфіл і калекцыянер гравюр і экслібрысаў Алег Судлянкоў распавёў аб гісторыі ўзнікнення шэдэўра і яго мастацкіх асаблівасцях. А таксама падзякаваў Нацыянальнай бібліятэцы за магчымасць прадставіць унікальную дошку і гравюру-адбітак у экспазіцыі музея для шырокага кола наведвальнікаў.
Мастак-графік Віктар Саўчанка падзяліўся сакрэтамі тэхналогіі стварэння медзярытаў і друку з гравіравальных дошак. Пры непасрэдным удзеле майстра да выставы створаны відэафільм, які падрабязна асвятляе працаёмісты спосаб стварэння адбіткаў у тэхніцы медзярыту.
У сваім выступленні бібліяфіл і калекцыянер Пётр Краўчанка адзначыў, што выстава дазваляе бліжэй пазнаёміцца з шэдэўрамі кніжнай графікі і падкрэсліў значнасць падзеі для захавання і ўмацавання традыцый і ўзаемасувязяў у культурнай прасторы між народамі.
Напрыканцы мерапрыемства калекцыянер Алег Судлянкоў перадаў у фонд Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбітак гравюры з арыгінальнай дошкі, а таксама правёў цікавую аўтарскую экскурсію па выставе для гасцей і ўдзельнікаў мерапрыемства.
Выстава “Узноўлены шэдэўр” будзе працаваць у музеі кнігі (пам. 347) да 30 мая 2021 г.
Дата яе завяршэння можа быць зменена.
Час работы выставы адпавядае рэжыму работы музея кнігі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам кнігазнаўства.