ГалоўнаяНавіныКніжныя выстаўкі
Семінар па формах культурна-адукацыйнай дзейнасці
Прэзентацыя “Таямніц Крэўскага замка”

Вялікі талент, вялікая работа, вялікае сэрца

Вялікі талент, вялікая работа, вялікае сэрца
Іншыя навіны

З 22 студзеня па 29 лютага ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (2-гі паверх, кальцавы калідор) арганізавана кніжна-ілюстрацыйная выстаўка, прысвечаная лаўрэатам дзяржаўных прэмій за 2015 год.


Выстаўка “Вялікі талент, вялікая работа, вялікае сэрца” прысвечана лаўрэатам прэміі “За духоўнае адраджэнне” і спецыяльных прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва. У экспазіцыі прадстаўлены кнігі, перыядычныя выданні, выяўленчыя дакументы – матэрыялы з фондаў бібліятэкі пра ўсіх лаўрэатаў 2015 года, якія сваёй высокай духоўнасцю і плённай працай славяць родную Беларусь.

Прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” з’яўляецца сведчаннем дзяржаўнага прызнання заслуг навуковай і творчай інтэлігенцыі, тых, хто асабліва вызначыўся ў гуманітарнай і дабрачыннай дзейнасці. Прэмія прысуджаецца штогод за выдатныя творы літаратуры і мастацтва, актыўную падзвіжніцкую дзейнасць у гуманітарнай галіне, накіраваную на развіццё прагрэсіўных мастацка-маральных традыцый, якія спрыяюць умацаванню духоўных каштоўнасцей.

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 30 снежня 2015 года падпісаў Указ № 527 “Аб прысуджэнні прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне»”.

Сярод лаўрэатаў гэтай высокай узнагароды аўтарскі калектыў у складзе пазаштатнага супрацоўніка галоўнай дырэкцыі міжнароднага вяшчання Беларускага радыё Алены Харашэвіч і прафесара кафедры крымінальна-выканаўчага права Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Анатоля Шаркова. Іх намаганнямі створана кніга-рэквіем “Жыць і помніць”, у якой абагульнены вынікі работы па вызначэнні і вывучэнні месцаў пахавання беларусаў – абаронцаў Айчыны ў розных кутках Еўропы.

Прэміяй адзначаны епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веньямін, які ўнёс важкі ўклад у духоўнае адраджэнне Беларусі, асветную і дабрачынную дзейнасць.

Лаўрэатам прэміі стаў калектыў рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра “Маці і дзіця”, які дасягнуў значных поспехаў у рэалізацыі мерапрыемстваў па захаванні жыцця і здароўя маці і дзяцей.

Узнагароды ўдастоены таксама калектыў Нацыянальнага мастацкага музея, які паспяхова рэалізаваў буйнамаштабныя выставачныя праекты, накіраваныя на ўмацаванне духоўных каштоўнасцей у сучасным грамадстве.

У ліку лаўрэатаў прэміі і настаяцель рэлігійнай абшчыны “Парафія Святой Тройцы” ў вёсцы Росіца Верхнядзвінскага раёна мясцовага рэлігійнага аб’яднання “Віцебская дыяцэзія Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі” Часлаў Курэчка, чый важкі ўклад у захаванне міжканфесійнага міру і нацыянальнай згоды, а таксама актыўны ўдзел у духоўна-асветнай дзейнасці краіны і прапагандзе здаровага ладу жыцця заслужылі шырокае прызнанне ў грамадстве.

Кіраўнік дзяржавы падпісаў таксама Указ № 528 “Аб прысуджэнні спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры i мастацтва 2015 года”. У адпаведнасці з ім па выніках 2015 года прысуджаны 10 спецыяльных прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Прэмія прысуджана аўтарскаму калектыву галоўнай дырэкцыі “Агенцтва тэлевізійных навін” Белтэлерадыёкампаніі ў складзе карэспандэнта спецыяльнага аддзела навін культуры Наталлі Бардзілоўскай, галоўнага рэжысёра Алега Даўгаполава і загадчыка аддзела навін культуры Міхаіла Равуцкага за стварэнне гісторыка-дакументальнага серыяла “Яны спявалі за Радзіму” і іншыя праекты, накіраваныя на патрыятычнае выхаванне моладзі.

Аўтарскі калектыў у складзе галоўнага навуковага супрацоўніка лабараторыі нелінейнай оптыкі Інстытута фізікі імя Б.І. Сцяпанава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Паўла Апанасевіча, першага намесніка генеральнага дырэктара ТАА “Магія святла” Сяргея Гінака, старшыні савета дырэктараў ЗАТ “Галаграфічная індустрыя” Леаніда Таніна ўзнагароджаны прэміяй за значны ўклад у захаванне нацыянальных культурных традыцый і стварэнне візуальных вобразаў праваслаўных святынь з дапамогай галаграфічных тэхналогій.

Узнагароды ўдастоены аўтарскі калектыў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета ў складзе галоўнага мастака Аляксандра Касцючэнкі і галоўнага рэжысёра Міхаіла Панджавідзэ за значныя дасягненні ў развіцці сучаснага опернага мастацтва і пастаноўку спектакля “Царская нявеста”.

Сярод узнагароджаных таксама выкладчык кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Антон Бельскі, які выканаў роспіс у храме Іаана Прадцечы Свята-Узнясенскага жаночага манастыра ў гарадскім пасёлку Баркалабава Быхаўскага раёна.

Прэміі ўдастоены калектыў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага, які ўнёс значны ўклад у захаванне нацыянальных культурных традыцый і стварыў на высокім мастацкім узроўні спектакль “Пясняр”, прысвечаны творчай дзейнасці Уладзіміра Мулявіна.

Узнагародай адзначаны калектыў Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра, які дасягнуў высокіх творчых поспехаў і ўнёс важкі ўклад у развіццё і папулярызацыю тэатральнага мастацтва. Лаўрэатам прэміі стаў калектыў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны за значны ўклад у развіццё музейнай справы і патрыятычнае выхаванне насельніцтва.

У ліку ўзнагароджаных старшы выкладчык кафедры скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Канстанцін Касцючэнка, які стварыў манумент “Брама памяці” мемарыяльнага комплексу “Трасцянец” і іншыя творы манументальнага мастацтва, а таксама член грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў” Анатоль Кузняцоў, удастоены ўзнагароды за шматгадовую творчую дзейнасць і стварэнне высокамастацкіх твораў жывапісу.

Прэмія прысуджана і ўзорнаму ансамблю “Аношкаўскія музыканты” Аношкаўскай дзіцячай школы мастацтваў Нясвіжскага раёна за мэтанакіраваную работу па захаванні нацыянальных мастацкіх традыцый і актыўную канцэртную дзейнасць.

Па выніках 2015 года асобы, аўтарскія і творчыя калектывы ўзнагароджаны за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы, якая садзейнічае захаванню нацыянальнай культурнай спадчыны, выхаванню ў моладзі любові да Радзімы, умацаванню духоўных каштоўнасцей, дабрачыннасці і міласэрнасці.

 

Навіны

ВПК “Гонар” вывучаў дзейнасць НКУС, міліцыі і піянерыі ў 1941–1945 гг.

25 Кра 2024

22 красавіка для навучэнцаў ваенна-патрыятычнага клуба “Гонар” ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся новы бібліяграфічны ўрок “Роля НКУС, міліцыі і піянерыі ў вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Усебеларускі народны сход – гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту

30 Кра 2024

30 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся Адзіны дзень інфармавання на тэму “Усебеларускі народны сход – гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Прымайце ўдзел у фотаконкурсе #КВІТНЕЙРОДНАЯБЕЛАРУСЬ

30 Кра 2024

Напярэдадні 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне аддзел экскурсійна-метадычнай работы / @excursion_nlb з 9 мая па 3 ліпеня запрашае ўсіх жадаючых узяць удзел у фотаконкурсе #КВІТНЕЙРОДНАЯБЕЛАРУСЬ.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Разведвальная аперацыя “Бібліятэка”

23 Кра 2024

18 красавіка адбылося 10 бібліяграфічных урокаў па патрыятычным выхаванні для вучняў 7–11-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 53, 62. 114. 153 і гімназіі № 11 г. Мінска з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Беларус Сяргей Грыцавец – першы ў СССР двойчы Герой Савецкага Саюза

30 Кра 2024

Званне Героя Савецкага Саюза выдатнаму лётчыку-асу Сяргею Іванавічу Грыцаўцу (1909–1939) было прысвоена двойчы: Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 лютага 1939 года “за выкананне спецыяльнага задання ўрада і інтэрнацыянальнага доўгу” і Указам ад 29 жніўня 1939 года “за ўзорнае выкананне баявых заданняў і выбітны гераізм, праяўлены пры выкананні баявых заданняў”.

Праект "Імёны Герояў бессмяротныя"

Бібліятэкарам