3 мая ў бібліятэцы прайшло ўрачыстае адкрыццё праекта “Насустрач перамозе”, прымеркаванага да 75-годдзя вызвалення Беларусі.
Арганізатары – Нацыянальная бібліятэка Беларусі і Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.
З першых дзён акупацыі нямецкія захопнікі распачалі мэтанакіраваную палітыку тэрору, чым наводзілі жах на беларускае насельніцтва. У выніку чаго ўзнік моцны вызваленчы рух партызанскіх атрадаў.
Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі расказаў пра падрыхтоўку арыгінальных экспанатаў да выстаўкі і адзначыў, што праект “Насустрач перамозе” – гэта добрая магчымасць дакрануцца да гераічнага мінулага продкаў, якая можа прыцягнуць увагу спецыялістаў, спрыяць навуковаму даследаванню.
У адкрыцці праекта прынялі ўдзел намеснік дырэктара Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Алена Стуканава, старшыня Савета ветэранаў Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў Анатоль Адоньеў.
На мерапрыемстве прысутнічалі асаблівыя госці, сведкі падзей тых далёкіх жахлівых часоў – ветэраны Вялікай Айчыннай вайны.
У наведвальнікаў бібліятэкі з’явілася магчымасць даведацца больш пра паўсядзённае жыццё і баявыя будні партызан Беларусі. У межах праекта “Насустрач перамозе” ўсе жадаючыя могуць азнаёміцца з аналагічнай па назве мастацкай экспазіцыяй “Насустрач перамозе” і кніжнай выстаўкай “Лясная песня”.
У праекце прадстаўлены навукова-папулярныя і літаратурна-мастацкія выданні, выяўленчыя матэрыялы, дзённікі брыгад, баявыя лісткі, партызанскія карты і асабліва кранальныя акварэльныя і графічныя замалёўкі партызанскіх будняў і ваенных аперацый, ілюстрацыі да артыкулаў, зробленыя ў часы вайны ўдзельнікамі вызваленчага руху.
Азнаёміцца з выстаўкай можна да 8 верасня 2019 г. у галерэі “Атрыум” (3-ці паверх).
Дата яе заканчэння можа быць зменена.
Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Тэлефоны для даведак: (8 017) 266 37 37, 293 28 81.
Е-mail:pr@nlb.by