ГалоўнаяНавіныНавіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Што пісалі беларускія класікі пра самага дарагога чалавека?
Юлій Таўбін. «З пабітаю лютняй ідзе паэт...»

420 гадоў чытаем “Перэгрынацыю” Радзівіла Сіроткі

420 гадоў чытаем “Перэгрынацыю” Радзівіла Сіроткі
Іншыя навіны

Сёлета адзначаем 420 гадоў з выдання “Перэгрынацыя, або Паломніцтва ў Святую зямлю” Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі. Кніга ўпершыню выйшла ў свет у 1601 г. Пазней яна была перакладзена на розныя мовы і стала сапраўдным бестселерам.

Паломніцтва з Нясвіжа ў Іерусалім у XVI ст. было вельмі сур’ёзным і складаным падарожжам. Два гады Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка вандраваў і дайшоў да Труны Гасподняй. У выніку, у 90-я гг. XVI ст. ён апісаў сваё падарожжа, поўнае ўражанняў і прыгод. На жаль, арыгінальны рукапіс лічыцца зніклым. У бібліятэках розных краін захоўваюцца рукапісныя спісы.

1-Peregrinacia.jpg
Старонка з рукапісу “Peregrinacia abo Pielgrzymowanie do ziemie Świętey” XVII ст. з Курніцкай бібліятэкі Польскай акадэміі навук (шыфр BK01658)

У Курніцкай бібліятэцы Польскай акадэміі навук захоўваецца рукапіс “Podróż do Ziemi Świętej, Syrii i Egiptu 1582–1584”, які датуецца канцом XVI – XVIІ ст. Цікава, што ў ім ёсць запіс на польскай мове “Гэты рукапіс паходзіць з Нясвіжа. Ёсць падставы меркаваць, што гэта арыгінальнае апісанне перэгрынацыі ў Ерусалім Радзівіла Сіроткі” (“Ten rękopism pochodzi z Nieświerza. Są powody mniemania, że to oryginylny opis peregrynacyi do Jerozolimy Sierotki Radziwiłła”).

2-Podroz.JPG
Запіс з рукапісу “Podróż do Ziemi Świętej, Syrii i Egiptu 1582–1584” (XVI–XVIІ стст.) з Курніцкай бібліятэкі Польскай акадэміі навук (шыфр BK00299)

Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка стварыў рукапіс на польскай мове і перадаў Томашу Трэтэру для перакладу на лаціну. У 1601 г. у Браўнсбергу выйшла першае выданне кнігі пад назвай “Hierosolymitana peregrinatio illvstrissimi domini Nicolai Christophori Radzivili” з прадмовай да чытача і панегірычным вершам князю-вандроўніку.

3-TS-Hierosolymitana peregrinatio.jpg
Тытульная старонка са старадрука “Hierosolymitana peregrinatio illvstrissimi domini Nicolai Christophori Radzivili” (Браўнсберг, 1601) з фонду Нацыянальнай бібліятэкі Польшчы (шыфр SD XVII.4.2429)

Перакладчык твора Томаш Трэтэр (1547–1610) вядомы не толькі як філолаг і паэт, а таксама як выдатны гравёр. У 1588 г. у Рыме Томаш Трэтэр выдаў кнігу “Regum Poloniae Icones” (“Выявы польскіх каралёў”). “Іконес” Трэтэра яшчэ пры жыцці аўтара шмат разоў капіравалі і паўтаралі, кніга стала асновай вялікай колькасці выданняў, якія з’явіліся ў XVII–XVIII стст. Лічыцца, што менавіта Томаш Трэтэр прапанаваў Сіротку выдаць яго паломніцкі дзённік. Для кнігі Трэтэр стварыў партрэт князя – выяву ў тры чвэрці ў авале, упісаным у прастакутнік. У XVII ст. падобная кампазіцыя атрымала распаўсюджанне ў мастацтве графічнага партрэта. У XVIII ст. пры стварэнні праекта “Icones familiae ducalis Radivilianae” гэта форма была ўзятая за аснову выяў прадстаўнікоў княжацкай сям’і Радзівілаў. Яна адпавядала як еўрапейскім нормам рэпрэзентацыі, так і старажытнай іканаграфіі князёў.

4-Partret-Sirotki-Hierosolymitana-peregrinatio.JPG
Партрэт Мікалая Крыштофа Радзівіла са старадрука “Hierosolymitana peregrinatio illvstrissimi domini Nicolai Christophori Radzivili” (Браўнсберг, 1601) з фонду Нацыянальнай бібліятэкі Польшчы (шыфр SD XVII.4.2429)

Пазней “Перэгрынацыя, або Паломніцтва ў Святую зямлю” перавыдавалася на лаціне ў 1614, 1753, 1756 гг. У перакладзе на польскую мову выйшлі выданні ў Кракаве ў 1607, 1611, 1617, 1628, 1683, 1745 гг. і Вроцлаве ў 1847 г. Польскамоўны пераклад Анджэя Варгоцкага быў зроблены з лацінскай версіі Трэтэра. З лацінскага тэксту зроблены і пераклад на нямецкую, выдадзены ў 1603 і 1609 гг. У першай палове XVII ст. з’явіўся пераклад на рускую мову. У Расіі твор доўгі час распаўсюджваўся ў рукапісах. Кніга была надрукавана ў Санкт-Пецярбургу ў 1787 і 1879 гг.

Вядома, што ў польскіх інстытуцыях захоўваецца каля 200 асобнікаў “Перэгрынацыі”, выдадзеных у XVI–XVIII стст. Напрыклад, у Бібліятэцы Варшаўскага ўніверсітэта знаходзіцца 20 экзэмпляраў (13 на польскай мове і 7 на лацінскай).

5-Partret-Sirotki-Peregrinacia.JPG
Партрэт Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі з кнігі “Peregrynacya…” (Кракаў, 1628) з фонду Нацыянальнай бібліятэкі Польшчы (шыфр BN XVII. 3. 12273)

У фондзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі захоўваюцца экзэмпляры “Перэгрынацыі” на польскай, лацінскай і рускай мовах 1607, 1614, 1745, 1787, 1847, 1879 гадоў выдання:

  • Першае польскамоўнае выданне “Peregrinacia abo Pielgrzymowánie do Ziemie Świętey jáśnie oświeconego páná J. M. P. Mikołaia Krzysztofa Radziwiła…”, надрукаванае ў Кракаве ў 1607 г. Шыфр 094/12548
  • Другое лацінамоўнае выданне “Ierosolymitana peregrinatio Nicolai Christophori Radzivili”, надрукаванае ў 1614 годзе ў выдавецтве Плантэна-Марэтуса ў Антверпене. Асобнік утрымлівае гравіраваныя тытульную старонку, пяць медзярытаў і гравіраваную выдавецкую марку Плантэна. Паходзіць з Нясвіжскай бібліятэкі Радзівілаў, пра што сведчыць чырвоная пячатка “Ordynacja Nieświeska Biblioteka”. Шыфр 096/2655К
  • Польскамоўнае выданне “Peregrynacya Albo Pielgrzymowanie do Jeruzalem Ziemie Swiętey” 1745 г., якое ўключае партрэт Мікалая Крыштофа Радзівіла (дрэварыт). Шыфр 094/3077
  • Польскамоўнае выданне “Mikołaja Krzysztofa Radziwiła pielgrzymka do Ziemi Świętéj”, выдадзенае ў Вроцлаве ў 1847 г. Шыфр Р2346+2011
  • Першае рускамоўнае выданне “Путешествие ко святым местам и в Египет” (Санкт-Пецярбург, 1787). Шыфр 096/6539
  • Другое рускамоўнае выданне “Похождение в Землю Святую князя Радивила Сиротки” (Санкт-Пецярбург, 1879). Шыфры В35665, В4536, В7496

6-Peregrinacia.jpg
Старонка са старадрука “Peregrinacia …” (Кракаў, 1607). Старонкі аформлены ў падвойных лінейных рамках, тэкст надрукаваны гатычны шрыфтам

7-TS-Ierosolymitana peregrinatio.jpg
Тытульная старонка са старадрука “Ierosolymitana peregrinatio…” (Антверпен, 1614)

8-Partret-Sirotki-Peregrinacya.JPG
Партрэт Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі з кнігі “Peregrynacya…” (Кракаў, 1745)

На беларускай мове твор у перакладзе Сяргея Шупы выдадзены ў 1994 г. пад назвай “Пэрэгрынацыя, або Паломніцтва яснаасветленага князя ягамосці Мікалая Крыштофа Радзівіла ў Святую Зямлю” (“Кніга жыцій і хаджэнняў”). Пераклад быў зроблены паводле польскамоўнага выдання 1847 г.

Электронныя копіі “Перэгрынацыі” з фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі прадстаўлены ў электронным каталогу, Дзяржаўным рэестры кніжных помнікаў Беларусі, а таксама на электронным рэсурсе “Творы прадстаўнікоў роду Радзівілаў”.

Аўтар публікацыі: Таццяна Сапега, загадчыца сектара навукова-праектнай работы навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства.

Навіны

Лекцыя-канцэрт “Анталогія нацыянальнай харавой спадчыны”

26 Кра 2024

25 красавіка ў галерэі “Лабірынт” адбылася заключная ў сезоне 2023–2024 гг. інтэрактыўная лекцыя-канцэрт з цыкла “Музычная спадчына Беларусі ў прасторы сучаснай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў ДУА "Сярэдняя школа № 62 г. Мінска" ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык”, якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны”

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс узяла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам