ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Усе мы разам ляцім да зор…
420 гадоў чытаем “Перэгрынацыю” Радзівіла Сіроткі

Што пісалі беларускія класікі пра самага дарагога чалавека?

Што пісалі беларускія класікі пра самага дарагога чалавека?
Іншыя навіны

Кажуць, што слова «маці» зразумелае на ўсіх мовах свету... Недарэмна мы называем беларускую «матчынай мовай» – маючы на ўвазе, што яна самая родная… На жаль, сённяшнія маці, асабліва гарадскія, не заўсёды спяваюць сваім дзецям беларускія калыханкі... Але слынныя нашы літаратары, чыім стылем мы захапляемся, зазвычай свой моўны скарб назапашвалі менавіта ў сям'і. І, карыстаючыся ім, стваралі вобраз маці – адзін з самых яркіх у нашай літаратуры… Давайце згадаем некаторыя з гэтых вобразаў.

Тая, што спявае калыханкі

Янка Купала дакладна чуў беларускія калыханкі ад сваёй маці, Бянігны Іванаўны, лежачы ў калысцы ў Вязынцы. Маці спявала вельмі прыгожа, ведала шмат легенд і казак. А ў п'есе «Паўлінка» выкарыстаны рэальны факт з яе жыцця: маці Бянігна, або, як звалі ў сям'і, Боні, была супраць, каб дачка выходзіла замуж за беднага арандатара Дамініка Луцэвіча. І тады, са слоў пляменніцы Купалы, «аднаго разу палеглі ўсе спаць, а Боня сабрала свае сукенкі, яшчэ нешта сваё і праз акно выскачыла ў сад. Там яе ўжо Луцэвіч чакаў...»

Маці Купалы была прыгожай, ураўнаважанай, маўклівай, Купала, па водгуках, быў вельмі падобны да яе і знешне, і па характары. Бянігна Іванаўна загінула ў 1942-м у акупаваным Мінску, праз два дні пасля гібелі свайго сына ў лесвічным пралёце маскоўскага гатэля. На Вайсковых могілках у Мінску на помніку Бянігне Луцэвіч выбіты радок з верша яе сына: «Наўчыўся я слоў беларускіх ад маці...»

Шмат у якіх творах Купала заклікае жанчын выхоўваць дзяцей у любові да свайго:

Ты гадуй сынка, матуля,
У пялёнкі спавівай,
Калышы, пей люлі-люлі,
Пей паціху баю-бай!
Над калыскай з бегам ночак
Песні роднай не жалей,
Каб, як вырасце сыночак,
Верным вечна ён быў ей.
Як навучыцца хадзіці,
Маткі мову разумець,
Ты вучы яго любіці,
Ўсё сваё ў пашане мець.
Бай яму даўнейшы казкі,
Аб бацьках сваёй зямлі,
Як жылі без чужой ласкі,
Як слугамі не былі.

Верш напісаны ў 1918 годзе, калі надзвычай важным было пытанне беларускай дзяржаўнасці і нацыянальнай самасвядомасці. Не страціў верш актуальнасці і дасюль.

Тая, што ўсё прабачае

У Змітрака Бядулі шмат цудоўных аповедаў, прысвечаных маці, напрыклад, ён апісвае рэальны выпадак, як маці несла яго, хворага, да доктара на руках праз зімовы лес. Ці аповед пра жанчыну з мястэчка, якая, каб здабыць грошы на ежу для дзяцей, пагадзілася на здзеклівае выпрабаванне – прайсці па распаленых цаглінах. Але адно з самых кранальных апавяданняў – «На каляды к сыну». Старая Тэкля, бедная ўдава, жыве толькі радасцю з таго, што любы сын Лаўручок выбіўся ў людзі, недзе ў горадзе стаў адвакатам: «Во хто сядзіць у яе грудзях, як верабей у цёплым гняздзе». Калі Тэкля зусім састарэла і занядужала, вырашыла ўсё ж выправіцца ў горад да свайго Лаўручка... Знайшла неяк ягоны дом, назвалася лёкаям...

– Лаўручок мой! Сынок! – як непрытомная, кінулася да яго Тэкля...

– Роднен...

Ён раптам пачырванеў, паглядзеў на слуг ды хрыпла крыкнуў:

– Чаму вы пускаеце ў пакой розных жабрачак шалёных?!

– Ідзі! ідзі! – звярнуўся ён да яе глуха, адрывіста,– ідзі, старушка! Я цябе... не знаю...

– А сынок мой, а Лаўручок ты мой! Маткі сваёй не пазнаеш?! Гэта ж...

Ён бразнуў дзвярамі і пайшоў у пакоі...

Той самы лёкай выправадзіў яе за дзверы...

Вось і вынік таго, калі не прытрымліваюцца маці купалавай парады, не гадуюць дзяцей у любові і павазе да сваёй культуры, да ўласнага роду... Добра, што гэта апавяданне ўваходзіць у школьную праграму – сумленне трэба выхоўваць з дзяцінства.

Тая, што спявае песні

Аркадзь Куляшоў, вундэркінд, які ў шаснаццаць гадоў ужо меў паэтычны зборнік, вырас у сям'і настаўнікаў. Маці, Кацярына Ратабыльская, была беларускай, а вось бацька з італьянскімі каранямі – яго продкам быў італьянец-арганіст. У доме гучала шмат музыкі, меўся патэфон... Паэт пазней успамінаў: «Maя маці не спявала толькі тады, калі вяла ўрокі ў школе».

Зразумела, першыя паэтычныя спробы Аркадзя былі падтрыманы дома... Хаця выхоўваць будучага паэта было няпроста. Дачка Аркадзя Куляшова Валянціна згадвала, што калі таму было чатыры гады, ён, каб адпомсціць даросламу суседу, падпаліў яго хату. Пачаўся пажар, у якім згарэла ледзь не палова вёскі. Можаце ўявіць, што перажыла тады Кацярына Куляшова?

У паэта шмат вершаў, якія ўспяваюць маці... Часта можна пачуць баладу пра гераіню, якая ператварылася ў камень, каб сын мог вярнуцца з вайны дадому. А вось гэты верш, напісаны ў 1963-м, хоць і з грамадзянскім гучаннем, але вельмі асабісты:

Я хаце абавязаны прапіскаю –
Калыскаю, падвешанай пад столь.
Я маці абавязан кожнай рыскаю,
Драўлянай лыжкаю, глінянай міскаю –
Усім, чым працы абавязан стол.
Я – матчын спеў,
я – матчыны трывогі,
Я – матчын гнеў, які ўставаў на ногі,
Гнаў смерць на Захад –
у нару з нары –
Трацілаваю пугай перамогі.
Дыміліся сямі франтоў дарогі
За мной, як дынамітныя шнуры.
Пазбавіўшы ад грознага відовішча
Свет, не дазволю я, каб дым і пыл
Зямлю ператварыў у бамбасховішча,
Мільярд прапісак – у маўклівы прысак,
Мільярд калысак – у мільярд магіл.

Тая, што заўсёды сустракае

Адну са сваіх кніг Рыгор Барадулін падпісаў так: «Маёй зязюльцы шэрай, маёй любай маме – ад сына Грышы». Мала ў каго з паэтаў была такая духоўная лучнасць з маці, як у Рыгора Барадуліна – з Кулінай Андрэеўнай Барадулінай. Ён запісваў ад яе песні і выслоўі, адну са сваіх кніг назваў – «Евангелле ад мамы». У прадмове да сваёй кнігі «Вушацкі словазбор» пісаў: «Мама перадала мне найвялікшы дар – мову нашую крывіцкую з вушацкай падсветкай, з вушацкім прысмакам». Калі пачалася вайна, бацька Рыгора пайшоў на фронт, Куліна гадавала сына адна, даводзілася хавацца ў лесе ад карнікаў – «Дзякуй, што ў блакаду цягала, як сваё кацянятка кошка»... Потым, калі муж з фронту не вярнуўся, сама падымала сыночка, «абшывала як не ўсю Вушачу, а сама была плюшаўцы рада».

Верш «Завошта?» паэт напісаў пасля смерці любай матулі:

Бывала, калі прыязджаў раньком,
На патэльні скварыліся скваркі,
Як грэшныя душы ў пекле.
Калі прыязджаў удзень,
З бакоўкі на стол не спазняліся
Паўднёвішняе малако
У ручасціку з адтапыранаю губой
І масла (каб не растаць ад радасці)
У хустачцы з лісцінкі капуснай.
Калі прыязджаў апоўначы,
Грукаў у шыбіну цёмную,
І зоркай каляднаю
Пад столлю загаралася лямпачка,
Гатовая загаварыць,
Намучыўшыся ў цемрыве.
Цяпер, калі б я ні прыязджаў,
Сустракае
То нясмелай яшчэ травою,
То спасаўскім яблыкам,
То здрыжэлым апошнім лістом,
То ганарыстым снегам
Вечная маміна хата.
А мама сама не выйдзе.
Завошта дагэтуль
На сына ў крыўдзе?
Я ведаю...

Тая, што нястомна працуе

Маці Максіма Танка, Домна Іванаўна, таксама наперажывалася за сына... Яшчэ б: у 1914 годзе з двухгадовым сынам Жэнем на руках адправілася ў бежанства ўглыб Расіі... Потым, ужо ў родных мясцінах, пад уладаю панскай Польшчы давялося бачыць, як жандары хапаюць сына проста на іх хутары, збіваюць прыкладамі, прывязваюць на вяроўку да фурманкі і валакуць у турму за ўдзел у беларускім падполлі... Танк успамінаў, як маці з крыкамі бегла за ім, пакуль не ўпала. У творчай спадчыне паэта сярод вершаў пра маці працытуем гэты:

Рукі маці

Іх цалавала зямля
Сваімі пясчанымі вуснамі і каласамі;
Неба спякотай, вятрамі, дажджамі
Іх цалавала.
Пража нямала
З іх выпіла ў ночы бяссонныя
Свежасці ранняй.
Колькі яны запалілі світанняў,
Зораў над намі.
Колькі сягоння на іх
Віднеецца чорных, глыбокіх
Шрамоў і маршчынаў,
Гэта сляды, што навекі пакінуў
Шлях наш суровы.
Толькі заўсёды,
Як мы зберымося дамоў
І на стол пакладзе рукі маці,
Быццам ад сонца,
ад іх пасвятлее ў хаце
І ў сэрцы.
Тая, што вучыць паэзіі...

Маці паэтэсы Яўгеніі Янішчыц Марыі Андрэеўне давялося зведаць страшнае: яна перажыла сваю таленавітую дачку. Па вобразнай, паэтычнай мове гэтай простай сялянкі было зразумела, адкуль у Жэні талент. І калі ў чацвёртым класе Жэня напісала свой першы верш, то прысвяціла яго менавіта Марыі Андрэеўне. І потым не адзін твор прысвяціла матулі, апісваючы яе нялёгкую долю. Бацьку Жэні закатавалі за дапамогу партызанам. Маці абшывала вёску, каб зарабіць капейчыну...

Позна класціся. Рана ўставаць.
Рана ўставаць – не бяліцца:
Па-над загонамі шчыраваць,
Па-над калыскай маліцца.
У чарадзе праліўных нядзель –
Не прапусціць грыбочка...
Кароткі, як шчасце, уходжаны дзень,
Яшчэ карацейшая – ночка.
Дыхае вольнымі мама грудзьмі,
Калі вяртаемся з поля.
Ушчувае: «Драціну з дарогі здымі –
Іншаму ног не паколе».
Кажа: «Ападзіны дол замялі.
Выткаўся жнівень раскошны.
Здымі сандалікі, не бойся зямлі,
Не бойся, дзіцятка, пожні...»
Прыеду. Кветка чакання ў акне
Міргае-цвіце ў адзіноце.
А вершы баюся чытаць,
каб мяне
На глухой не злавіла ноце
Мама – мая паэтэса.

Тая, што ахвяруе сабой

У паэта Анатоля Сыса ёсць незвычайны верш «Неапаленая купіна» з такой вось вялікай прадмовай:

Калі я быў малы, дык часта думаў, чаму ў мяне маці такая старая і непрыгожая, а аднойчы адважыўся запытацца пра яе шнары на твары, якія глыбока ў душы любіў, якія тысячы разоў цалаваў.

– Ох, сынок мой! Гэта ж здарыўся пажар, і яшчэ з адной жанчынай абгарэлі крэпка. Жанчына тая памерла. І ў мяне былі абпаленыя і рукі, і грудзі, і твар... І была я цяжарная табою, сынок мой, і ўсе казалі, гэта я даведалася потым, што ці я памру, ці дзіця народзіцца мёртвым. Аж нарадзіла я цябе, сынок мой, жывенькага, толькі на твары была чырвоная плямінка. Я думала, след ад пажару, аж аклямаўся ты трохі, і яна знікла, сынок мой. А была я прыгожая да пажару. Ды хіба ў непрыгожай маці мог нарадзіцца такі сынок мой?

Гэта рэальная гісторыя, у якой паэт бачыў сімволіку. Свой першы паэтычны зборнік назваў «Агмень». А верш «Неапаленая купіна» гучыць так:

Як святарны абраз,
людзі вынеслі маці з пажару,
бы вужаку, маланку аддзёрлі
ад белых грудзей,
каб суцішыць пакуты,
паклалі пад цёмную хмару
і, каб смагу спатоліць,
размову вялі аб вадзе,
а яшчэ гаварылі:
Пярун выбірае шчаслівых.
маці верыла людзям, на шчасце,
цяжарная мной,
і шаптала замову: калюжыны –
гадам вашывым,
полю жытняму – дожджык,
а рэчка – крывінцы маёй...
Бы вужака, маланка смактала
у полымя грудзі
і плявала адрыжкі
на самых прыгожых жанчын,
Неапаленай Купіне – маці –
маліліся людзі,
і пачуў я ва ўлонні:
з пакуты народзіцца Сын...
Неапаленай Купіне – маці –
малюся адзінай,
я ўсмактаў з малаком і любоў,
і праклёны яе:
хто плюе на жанчыну –
той нелюдзь плюе на Радзіму,
хто гандлюе святыняй –
той маці сваю прадае.

Тая, што натхняе на змаганне

Вельмі пяшчотныя адносіны з маці былі ва Уладзіміра Караткевіча. Марыя Васільеўна скончыла Марыінскую гімназію ў Магілёве, і калі Караткевічу трэба было працытаваць у раманах штось на французскай мове, звяртаўся да яе. Менавіта знойдзены ў матчыным радаводзе сваяк, Тамаш Грыневіч, паўстанец 1863-га, расстраляны ў Рагачове, натхніў Караткевіча шмат на якія сюжэты... Маці была для Караткевіча ўзорам жанчыны, адно са сваіх першых апавяданняў, «Багун», прысвяціў ёй. А першы зборнік назваў «Матчына душа». Калі маці была старэнькай, забраў яе ў Мінск, у пісьменніцкі дом на Карла Маркса, 36. Адам Глобус, чыя сям'я жыла з сям'ёй Караткевічаў у адным пад'ездзе, успамінаў, як Караткевіч на кожнай лесвічнай пляцоўцы прымацаваў крэсла, каб маці магла адпачываць, спускаючыся ці падымаючыся. У п'есе «Маці ўрагану» гераіня адметная... Агна Вецер, удава, хоча падбухторыць сына на помсту за абражаны гонар сям'і. Але сын, які толькі што з'яднаўся з любай дзяўчынай, не знаходзіць у сабе сіл рызыкаваць жыццём... Агна пасылае яго ў пячору да жабрака, які выяўляецца пракажоным. Цяпер Васіль Вецер упэўнены, што ён смяротна хворы, і можа адчайна змагацца. Агна – самы нязломны персанаж п'есы, рухавік Крывіцкага паўстання:

Агна. Мы – панцырныя баяры. Мы храбрасцю ў войнах здабылі сабе права нікому не цалаваць рукі і насіць меч...

І ў фінале, пасля таго, як паўстанне разбітае, апошнімі гучаць словы да Агны Вецер:

Голас. Маці. Пачуй нас. Не чуеш? Маці ветру. Маці ўрагану! Чорта яны нас узялі! Чорта лысага яны ўзялі і возьмуць нас!

Заслона.

Трэба дадаць, што Уладзімір Караткевіч памёр у дзень нараджэння сваёй маці.

Перачытайце яшчэ раз цудоўныя творы беларускіх класікаў, і не забудзьце сказаць добрыя словы ўласным маці!

Аўтар публікацыі: Людміла Рублеўская.
Крыніца: Звязда

Навіны

Лекцыя-канцэрт “Анталогія нацыянальнай харавой спадчыны”

26 Кра 2024

25 красавіка ў галерэі “Лабірынт” адбылася заключная ў сезоне 2023–2024 гг. інтэрактыўная лекцыя-канцэрт з цыкла “Музычная спадчына Беларусі ў прасторы сучаснай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў ДУА "Сярэдняя школа № 62 г. Мінска" ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык”, якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны”

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс узяла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам