Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь прадаставіла ў адкрыты доступ падрыхтаваную выдавецтвам “Вышэйшая школа” калекцыю твораў беларускіх пісьменнікаў, агучаных вядучымі акцёрамі Беларусі.
У аматараў беларускага слова, аграненага талентам многіх майстроў, з’явілася яшчэ адна магчымасць пачуць гучанне роднай мовы, якая то зачароўвае, то б’е ў набат, то проста распавядае, – у выкананні прызнаных прафесіяналаў.
Перайшоўшы на “Аўдыякалекцыю літаратурнай класікі і сучаснай прозы Беларусі” па віртуальнай спасылцы (з падраздзела “Літаратура” часткі “Культура і мастацтва”), вы можаце яшчэ раз сустрэцца з героямі любімых кніг або даведацца, што новага адбываецца ў сучасным літаратурным працэсе Беларусі. У адкрытым доступе прадстаўлены творы пісьменнікаў з сусветным імем, такіх як А. Міцкевіч, Я. Колас, Я. Купала, і нашых сучаснікаў, хто яшчэ на шляху да вяршыні славы.
Дарэчы, тэксты кніг даступныя для запампоўкі. Спадзяемся, што гэтую магчымасць ацэняць і школьнікі – у калекцыі маецца спецыяльны раздзел, прысвечаны школьнай праграме.
Матэрыял прадастаўлены аддзелам карпаратыўнага ўзаемадзеяння.