Усерасійская дзяржаўная бібліятэка замежнай літаратуры імя М. І. Рудаміно стварыла новы інтэрнэт-рэсурс “Бібліятэкі – сведкі Перамогі”.
У праекце, прысвечаным 75-годдзю з дня Вялікай Перамогі, прадстаўлены гісторыі чалавечых лёсаў, гераізм і неймаверная адвага нашых продкаў.
Нацыянальная бібліятэка Беларусі як партнёр праекта падала інфармацыю пра нашых супрацоўнікаў, у чыё жыццё ўварвалася бязлітасная вайна.
Наведвальнікі інтэрнэт-рэсурсу могуць даведацца больш пра лёс бібліятэказнаўца, бібліёграфа, перакладчыка, педагога, заслужанага дзеяча культуры БССР Іосіфа Бенцыянавіча Сіманоўскага. Ён стаў адным з арганізатараў і першым дырэктарам Дзяржаўнай бібліятэкі БССР (цяпер Нацыянальная бібліятэка Беларусі).
Яшчэ адна яркая фігура, прадстаўленая ў праекце, – бібліёграф, літаратуразнавец, заслужаны дзеяч культуры БССР Ніна Барысаўна Ватацы. Амаль усё сваё жыццё яна прысвяціла бібліятэчнай справе і стала легендай беларускай бібліяграфіі.
Чытачоў чакае аповед пра няпросты лёс яшчэ адной дзіўнай асобы – Ігара Валянцінавіча Жолудзева, бібліятэкара, загадчыка аддзела замежнай літаратуры і міжнароднага кнігаабмену, загадчыка аддзела рэдкай кнігі Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У. І. Леніна. Перажыўшы страты вайны, ён захаваў чулыя адносіны да калег і чытачоў і запомніўся таленавітым арганізатарам і эрудзіраваным спецыялістам.
Пазнаёміцца з біяграфіямі нашых спецыялістаў, а таксама іх сучаснікаў з Арменіі, Казахстана, Кыргызстана і Расійскай Федэрацыі можна тут.
Матэрыял прадастаўлены аддзелам сувязей з грамадскасцю.