Нацыянальная бібліятэка знаёміць са зместам унікальнага праекта “Бляск убораў і таямніцы флірту” і запускае цыкл матэрыялаў аб модзе і аксесуарах мінулых стагоддзяў. Мы раскажам аб гісторыі і цікавых фактах, якія тычацца прадстаўленых на выставе экспанатаў. Такім чынам, пачынаем!
У наш час далёка не кожны можа адказаць на пытанне, што такое партбукет (фр. porte-bouquet; англ. posy holder, tussie-mussie). Але яшчэ 200 гадоў таму гэтай вытанчанай штучкай валодала кожная дама вышэйшага свету…
Яна ўвайшла ў моду ў Францыі часоў Людовіка XIV. Аднак асаблівую папулярнасць модны арыстакратычны аксесуар набыў у эпоху рамантызму ў XIX стагоддзі і ажно да пачатку Першай сусветнай вайны. Раскошныя ўборы тых гадоў упрыгожваліся не толькі прыгожымі карункамі і вытанчанымі тканінамі, але нават жывымі кветкамі.
Конусападобныя партбукеты прышпільвалі да ўбораў, устаўлялі ў прычоску або элегантна трымалі ў руках. У маленькія бутэлечкі налівалі ваду або змяшчалі кавалачак губкі, каб кветкі доўга захоўвалі свежасць і водар.
Самі партбукеты ўяўлялі сабой сапраўдныя творы мастацтва. Іх шчодра дэкарыравалі золатам, срэбрам, эмаллю і каштоўнымі камянямі, а самі вазы ў форме конусу або рога маглі быць зроблены нават з косткі або перламутру.
У той час строгі этыкет не дазваляў дамам адкрыта праяўляць сваю цікавасць. Таму бальны аксесуар стаў сапраўдным сімвалам флірту. Напрыклад, у некаторыя партбукеты ўстаўлялі невялікія люстэркі, гэтак жа, як і ў бальныя вееры. У іх можна было непрыкметна для іншых разглядаць улюбёнага кавалера. З дапамогай кветак спазнавалі мастацтва флірту: прызнаваліся ў каханні, прызначалі спатканні, прымалі або адхілялі заляцанні. Значэнне мела ўсё: колер, форма кветкі (бутон або кветка, якая ўжо распусцілася), з лісцем ці не, для ружы мела значэнне наяўнасць або адсутнасць калючак. Звярталі ўвагу і на месцазнаходжанне букета –ля сэрца, на таліі, у левай ці правай руцэ…
Сёння партбукеты – не толькі рэдкія музейныя экспанаты, але і жаданыя аб’екты калекцыяніравання. Гэтыя эксклюзіўныя штучкі модніц, а таксама больш за 300 іншых прадметаў мінулых эпох вы можаце ўбачыць на выставе “Бляск убораў і таямніцы флірту”.
Рэжым работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Кошт наведвання выставы:
Для дарослых – 10 бел. руб.
Навучэнцы сярэдніх, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў – 5 бел. руб.
Сямейны білет: група з двух дарослых і аднаго дзіцяці да 16 гадоў – 21 бел. руб, група з двух дарослых і двух дзяцей да 16 гадоў – 24 бел. руб.
Матэрыял падрыхтаваны аддзелам сувязей з грамадскасцю.