8 красавіка ў рамках рабочага візіту ў Рэспубліку Беларусь Нацыянальную бібліятэку Беларусі наведаў віцэ-прэзідэнт Рэспублікі Зімбабвэ Джон Нкома.
У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі госця вітаў дырэктар Раман Матульскі. Для спадара Нкома была арганізавана аглядная экскурсія, падчас якой ён азнаёміўся з работай бібліятэкі, яе тэхнічным абсталяваннем, інфармацыйнымі рэсурсамі, архітэктурна-канструкцыйнымі асаблівасцямі будынка і мастацкім афармленнем інтэр’ераў. Экскурсія прадоўжылася на закрытай агляднай пляцоўцы бібліятэкі, адкуль адкрываецца маляўнічы від на сталіцу і яе наваколле.
У музеі кнігі ўвазе высокага госця была прадстаўлена калекцыя рарытэтных выданняў з бібліятэчных фондаў. Віцэ-прэзідэнт Рэспублікі Зімбабвэ Джон Нкома пакінуў памятны запіс у Кнізе ганаровых гасцей.