ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Вялікі галандзец
З легендамі па Беларусі

Беларушчына як асабістая рэлігія

Беларушчына як асабістая рэлігія
Іншыя навіны

Пра Уладзіміра Конана, выдатнага беларускага філосафа, мысляра і хрысціяніна, усе ў адзін голас гавораць, што ён быў надзвычай сціплым і ціхім чалавекам.


Ён не любіў прамаўляць на публіку, не вылучаўся ў кампаніі, быў прыроджаным філосафам, увесь аддаваўся працы. Унутранай працы. Магчыма, таму ў спадчыну ад беларускага мысляра нам засталося шмат твораў (“Адам Бабарэка: крытыка-біяграфічны нарыс” (1976), “Беларуская эстэтыка і мастацкая культура: гістарычныя традыцыі і сучаснасць” (1988), “Боская і людская мудрасць: (Францыск Скарына: жыццё, творчасць, светапогляд)” (1990), “Святло паэзіі і цені жыцця: лірыка Максіма Багдановіча” (1991) і шмат іншых), але вельмі мала інфармацыі пра яго самога.

Сёння саракавіны з дня смерці Уладзіміра Конана. З нагоды сумнай даты журналіст “Звязды” Вольга Чайкоўская распытала людзей, якія былі знаёмыя з ім, працавалі разам ці сябравалі. Сваімі ўспамінамі пра волата беларускай філасофскай думкі дзеляцца вядомы літаратуразнавец і гісторык Адам Мальдзіс, пад чыім кіраўніцтвам Уладзімір Конан шмат гадоў працаваў у Нацыянальным навукова-асветніцкім цэнтры імя Ф. Скарыны; вучань Уладзіміра Міхайлавіча філосаф Ігар Бабкоў, які зараз з’яўляецца старшым навуковым супрацоўнікам Цэнтра гісторыка-філасофскіх і кампаратыўных даследаванняў Інстытута філасофіі НАН Беларусі і які працаваў з Конанам апошнія 15 гадоў; Мікола Матрунчык, старшыня Брацтва ў гонар святых Віленскіх мучанікаў, сярод заснавальнікаў якога ў пачатку 1990-х гг. быў і Уладзімір Конан.

У гэтых людзей розных узростаў з розным светабачаннем свая гісторыя пра Уладзіміра Конана, сваё ўспрыманне. Няхай і яны, поруч з асветніцкімі творамі філосафа, застануцца для нашчадкаў. Як памяць.

Адам Мальдзіс: “Мы разам сядзелі ў мінулых стагоддзях”

– Я не памятаю, калі мы пазнаёміліся. Мне здаецца, што мы знаёмыя цэлую вечнасць. Чаму? Таму што калісьці, калі я працаваў у Інстытуце літаратуры, толькі прыйшоў туды, Інстытут філасофіі, у якім ён працаваў, месціліся ў адным будынку Акадэміі навук. Мы вельмі часта сустракаліся на розных мерапрыемствах. І потым нас зблізіла агульная тэматыка. Я, як і ён, сядзеў у мінулых стагоддзях. Гэта значыць – мяне ў сучаснасці не было, я лунаў у ХІХ, ХVІІІ, ХVІІ стагоддзях. Мы з Уладзімірам Міхайлавічам выступалі ў адным рэчышчы – спадчыну трэба шанаваць.

– Пісьменнікі дзеляцца на тры катэгорыі. Першая катэгорыя – гэта людзі, якія апярэджваюць свой час. Другая – пісьменнікі, якія крочаць у нагу са сваім часам. Трэцяя – тыя, хто безнадзейна адстае нават ад свайго часу. І вось, уявіце сабе, адбыўся такі зрух – утварылася незалежная Беларусь. Нават трошкі нечакана. Таму што, у адрозненне ад іншых народаў – літоўцаў, грузінаў, мы не выходзілі, так бы мовіць, на барыкады. Самастойнасць нам прынеслі на талерачцы з блакітным беражком. Усе атрымалі незалежнасць, ну і беларусы. І тады ўсе творцы, якія апярэджвалі свой час – такія, як Караткевіч, як Разанаў, – аказаліся вельмі папулярнымі, таму што яны ўпісваліся ў новую незалежную рэчаіснасць. Уладзімір Конан таксама адносіўся да першай катэгорыі. Ён апярэджваў свой час сваімі працамі, і гэтыя працы знаходзілі водгук. Найперш, як ні дзіўна, у тагачаснай Расіі. Гаворачы пра беларускую літаратуру, расіяне абапіраліся пераважна на яго працы. І ён пісаў раздзелы па гісторыі беларускай эстэтыкі туды. У гэтым сэнсе ён шырока папулярызаваў эстэтычныя здабыткі беларускай літаратуры. І старажытнай, і сучаснай. Напрыклад, яго працы пра Скарыну, Багдановіча (цяпер вельмі актуальная ў сувязі з юбілеем), пра Ластоўскага, Антона Луцкевіча, Купалу.

– У Цэнтры імя Скарыны мы з ім працавалі гадоў каля дзесяці. Я запомніў дзве яго вельмі важныя рысы. Першая: ён не кідаўся ў крайнасці, шукаў тое, што адпавядала б аб’ектыўнай ісціне. І другая, што ён быў вельмі прынцыповы. Ціхі, спакойны. Ён ніколі не выкрыкваў нейкія гучныя лозунгі. Але цвёрда стаяў на сваіх пазіцыях. Бывае так, што чалавек мяняецца з часам. А ён не мяняўся, ён заставаўся тым жа самым.

– Ён не патрабаваў, каб яго падганялі, як іншых. Каб гаварылі: “Ну, добра, сканчаецца год, а дзе праца, працы-то няма...” Ён заўсёды прыходзіў і акуратна клаў працу на стол. Праўда, пісаў ад рукі. Не прызнаваў камп’ютараў. Трохі пацвельваў з нас, калі мы авалодвалі тэхнікай. Ён быў крыху традыцыяналіст у добрым сэнсе. Трохі кансерватар. Лічыў, што чалавек павінен заставацца самім сабой, а не мяняцца з кожным павевам ветру.

– У яго жыцці з’явілася масквічка Лола Званарова. Яна родам з Сярэдняй Азіі. Але ён не зважаў на гэта, для яго важна было, які чалавек. Яны разам ездзілі на канферэнцыі. Яна не кідала сваёй маскоўскай працы, таму што ў яе была вельмі цікавая і карысная работа. Але падключылася да Беларусі. Сімяонам Полацкім занялася, маскоўскім перыядам, многае зрабіла. Яны з Конанам вельмі дружна працавалі некалькі гадоў. Ну, але ў яе ўжо былі дзеці ад першага шлюбу. Яны патрабавалі ўвагі. Яна ўсё радзей і радзей прыязджала ў Беларусь. Я абсалютна не хачу кінуць камень у яе бок. Яны з Уладзімірам Міхайлавічам проста на нейкі час, як караблі, сышліся, а потым без ніякіх крыўдаў разышліся... Але гэты перыяд, па-мойму, супаў і з перыядам яго ўздыму як навукоўца.

Ігар Бабкоў: “Уладзімір Конан з той кагорты людзей, якія былі першым пакаленнем у беларускай філасофіі”

– Уладзімір Конан належыць да першай генерацыі беларускіх філосафаў у сапраўдным сэнсе гэтага слова, людзей, якія, стварылі беларускую гісторыка-філасофскую школу. Людзей, якія ўпершыню заняліся гісторыяй беларускай думкі і паспрабавалі рассыпаць папулярны міф пра тое, што ў Беларусі філасофскай традыцыі не было, а існавала толькі вёска, фальклор. Як гэта ні дзіўна, менавіта Інстытут філасофіі стаўся прытулкам для такіх энтузіястаў, як Конан. Разам з ім былі Майхровіч, Дарашэвіч, Падокшын. З маладзейшага пакалення – Чарнышова. Гэта былі першыя навукоўцы, якія стваралі вобраз іншай беларускай інтэлектуальнай традыцыі. Ясна, што гэта было няпроста. Напрыклад, сваю доктарскую дысертацыю па гісторыі эстэтычнай думкі Беларусі Уладзімір Конан абараняў у Маскве. Там жа выйшла і ягоная манаграфія (сумесна з Дарашэвічам), у якой яны ўпершыню прапанавалі новае бачанне беларускай інтэлектуальнай гісторыі. Недзе ў сярэдзіне 1980-х ён быў ужо загадчыкам аддзела ў Інстытуце філасофіі. І там сабралася фантастычна цікавая кампанія. Сярод іншых – Ларыса Чарнышова, жонка Кастуся Тарасава, якая ўпершыню даследавала і перакладала (з лаціны) тэксты другой схаластыкі. Альбо Алег Бембель. У тыя часы авангардна-багемны паэт, які так наіўна і адначасова нахабна спрабаваў абараніць дысертацыю “Родная мова і маральна-эстэтычны прагрэс”. Прадмову да яе напісаў Уладзімір Караткевіч, але гэта не выратавала ад абвінавачванняў у антысаветчыне.

– Пасля развалу Савецкага Саюза было адчуванне, што Конан выпадае з новага часу, сыходзіць у цень. На слыху былі новыя імёны, новыя тэорыі і ідэі. Прыходзілі новыя пакаленні, ішлі пераклады. І тое, што працягваў рабіць Уладзімір Міхайлавіч, было вельмі важным, але занадта ціхім і крыху старамодным. Ён не мяняўся з часам, не супадаў з інтэлектуальнымі модамі і актуальнасцямі. Але заўсёды заставаўся светлым і мудрым. А гэта і ёсць асноўная задача філосафа.

– Я думаю, што ў сапраўдных філосафаў, паэтаў і небажыхароў вучняў не бывае. Таму што яны не супадаюць самі з сабой, заўсёды наперадзе саміх сябе.

У гэтым сэнсе нельга казаць пра вучняў Конана. Хутчэй, варта казаць пра саму традыцыю, якая не перарываецца, і дзеля таго, каб яна не перарывалася, прыходзяць новыя людзі з іншым бачаннем. Беларуская школа інтэлектуальнай гісторыі працягваецца цяпер ужо на іншым узроўні. І чыста фармальна вучнямі Конана можна назваць тых, хто ідзе ў тым жа кірунку. Яны самыя розныя: ужо вядомыя і тыя, у каго ўсё наперадзе, маладыя і сталыя. Яны працуюць з традыцыяй, працягваючы працу Уладзіміра Міхайлавіча. Валерый Явароўскі, я, Сяргей Санько, Іван Новік, Яна Тарасюк, Аляксей Дзерман. Іншыя.

Мікола Матрунчык: “Уладзіміра Конана трэба чытаць”

– На другі дзень Вялікадня 1992 года мы правялі першы ўстаноўчы з’езд Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў. Адным з першых членаў брацтва быў Уладзімір Конан. Тады мы з ім працавалі ў Мальдзіса, у Цэнтры імя Скарыны. У той складаны час, калі ўсе былі ахвярамі шматгадовага насаджэння атэізму, філосаф Уладзімір Конан знайшоў у сваёй душы месца для веры. І выдатна яе сумяшчаў са штодзённай працай. Ён вельмі часта здзяйсняў з намі паломніцтвы ў Вільню ў дзень памяці віленскіх мучанікаў (26 ліпеня). Прыедзем у тую Вільню, а ён у ёй растварыцца! Такі быў ціхі, сціплы.

– Вельмі часта даводзілася з ім у храме на службе стаяць, на малебнах. Як мне падаецца, ён усё ж такі быў вернікам-мысляром. Яго разумовы і душэўны светапогляд трымаўся на каштоўнасцях беларускай думкі, культуры, беларушчыны. Гэта быў яго сусвет. Можна нават сказаць, што гэта была яго такая асабістая рэлігія – беларушчына. У гэтым было і яго служэнне як верніка. Конану, аднаму з нямногіх, удавалася тады спалучаць веру і беларушчыну. Ён працаваў у Інстытуце філасофіі – па сутнасці, гэта быў ідэалагічны інстытут. І беларушчыну трэба было паказваць сацыялістычнай, калгаснай, у дружбе народаў. Лічылася цемрашальствам, крамолай, калі навуковец, філосаф, прафесар пісаў пра веру і рэлігію. Конан здолеў у сваёй душы і свядомасці захаваць веру. Ён разумеў, што частка, звязаная з рэлігіяй, ёсць у культуры, была і будзе. Пасля развалу Саюза ў Скарынаўскім цэнтры яны з Мальдзісам нават распрацоўвалі курс рэлігіязнаўства для школ. Яны былі перакананыя, што гэта вельмі важна. Гэта ўзбагачае духоўна, выхоўвае разумную талерантнасць.

– Які ён быў вернік? Ён, вядома, не быў вернік, які сілкуецца ад усіх таінстваў, іх разумення, рэлігійнага жыцця, у цэнтры якога менавіта вера і рэлігія. Такія людзі жывуць рэлігійным календаром, святамі, чытаннем Пісання, споведзямі, прычасцямі і іншымі таінствамі. Гэта для іх сэнс жыцця. А ў мысляра Конана такога не магло быць, што ён спачатку вернік, а потым навуковец. Ён навуковец, мысляр, але вера – гэта значная частка яго жыцця. Крыху нібыта цэнтр зменены, але для Бога гэта не важна.

– Усе свае добрыя ўчынкі Уладзімір Конан рабіў строга па-хрысціянску: таемна. Пра іх ніхто не ведаў, і сам ён пра іх не гаварыў. Ён іх, відаць, рабіў, зыходзячы з прынцыпу, што добрыя ўчынкі трэба хаваць ад людзей, таму што інакш з’яўляецца спакуса хваліць самога сябе. У мяне заўжды была жалезная ўпэўненасць у ім. Ён першы, хто паглыбляўся ў праблему і першы дапамагаў яе вырашыць.

– Конан не быўпублічным палемістам. Каб мець энергію пісаць свае выдатныя даследаванні, ён не імкнуўся быць прамоўцам. Конана трэба чытаць, з ім цяжка размаўляць. Бывае, каб натхніцца, з чалавекам гаворыш, а чытаць яго потым неяк не так цікава, тэксты здаюцца сухаватымі. А з Конанам было зусім наадварот. Смаката ягоных тэкстаў абсалютна кантраставала з яго пасіўнасцю як суразмоўцы. Ён настолькі глыбока і захапляльна ўсё выкладаў у сваіх тэкстах, што на жывую гаворку ў яго ўжо не было натхнення. Ён заўжды вельмі хваляваўся перад публічным выступам. І прамова ў яго атрымлівалася такая, быццам ён працягваў унутраную размову сам з сабой. Калі ён прамаўляў, часта складвалася ўражанне, што ён працягвае нейкую тэму, над якой папярэдне працаваў начамі. Сярод людзей ён заўжды заставаўся такім адзінокім мысляром, самотнікам-беларусам, які дадумваў тое, над чым працаваў.

Крыніца: газета “Звязда”

Навіны

ВПК “Гонар” вывучаў дзейнасць НКУС, міліцыі і піянерыі ў 1941–1945 гг.

25 Кра 2024

22 красавіка для навучэнцаў ваенна-патрыятычнага клуба “Гонар” ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся новы бібліяграфічны ўрок “Роля НКУС, міліцыі і піянерыі ў вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Усебеларускі народны сход – гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту

30 Кра 2024

30 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся Адзіны дзень інфармавання на тэму “Усебеларускі народны сход – гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Прымайце ўдзел у фотаконкурсе #КВІТНЕЙРОДНАЯБЕЛАРУСЬ

30 Кра 2024

Напярэдадні 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне аддзел экскурсійна-метадычнай работы / @excursion_nlb з 9 мая па 3 ліпеня запрашае ўсіх жадаючых узяць удзел у фотаконкурсе #КВІТНЕЙРОДНАЯБЕЛАРУСЬ.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Вызваленне Беларусі на старонках перыядычнага друку

2 Май 2024

З 2 мая па 12 ліпеня ў чытальнай зале міжбібліятэчнага і індывідуальнага абанемента (пам. 164) будзе экспанавацца выстава “Вызваленне Беларусі на старонках перыядычнага друку”, прысвечаная 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Кніжныя выстаўкі

Бібліятэкарам